— Што цяпер рабіць?
Лёднік загаварыў глуха, як з таго свету.
— А што тут будзеш рабіць? Альбо я страчу жонку, альбо зламаю жыццё сыну… А яшчэ духаўнік мой перад ад’ездам параіў д’ябальскую тую зброю нават калі знайду, знішчыць. Так што, можа, найлепей было б мне неадкладна з панам Агалінскім расплаціцца. Дарэчы, я перад ад’ездам тэстамент склаў — палова маёмасці маёй табе, палова — Саламеі…
Пранціш узлаваўся.
— Пакуль шляхціц жывы і пры шаблі — яму кароль — брат, а смерць — паслугачка. Ты збіраўся да аптэкара ісці. Дык, можа, не будзем час марнаваць? Раней паедзем, хутчэй вернемся. З намі ж не Ватман выпраўляецца — а мы нават з ім калісьці зладзілі. Урэшце, пасланец Багінскіх з панам Агалінскім цалкам могуць адзін аднаго ў дарозе перабіць…
— Толькі гэтага не хапала… — прасычэў Лёднік.
На вуліцы было шэра і тужліва, і дождж, драбнюткі, як інфузорыі, наліпаў на твар, асядаў на валасах срэбным пылком, так што можна было ўявіць сябе раздушаным матылём пад чужым жорсткім абцасам. Хвельку, перапалоханага і здарожанага, пакінулі прыбіраць дом.
Аптэка знаходзілася побач, нават калі ісці нага за нагу, аддаючыся сусветнай нудзе. Звычайны двухпавярховы дамок, з чатырохсхілым чарапічным дахам, з шыльдай, на якой зялёным з пазалотай былі намаляваныя кубак і змяя… Ціхі такі дамок у атачэнні старых ліпаў… Але калі Вырвіч узяўся за клямку, за дзвярыма пачуўся рэзкі пранізлівы крык, проста нечалавечы, у якім чуліся абурэнне і злосць. Рука Пранціша сама выхапіла зброю… Лёднік таксама напяўся, прыўзняў шаблю да ўзроўню плеч, перазірнуўся са студэнтам і асцярожна штурхануў дзверы. Тыя са здрадлівым рыпеннем адчыніліся… Магчыма, самым разумным было б не лезці ў новую пастку, але калі пачуўся голас дзядзькі Лейбы — дзядзька заклікаў на дапамогу ўсіх праайцоў на чале з Абрамам — Лёднік рынуўся ў пакоі, за ім Пранціш. Раптам нешта звяглівае і імклівае кінулася ў ногі гасцям, ледзь не паваліўшы.
— Трымайце! Вох, пакаранні ягіпецкія!
Незразумелая істота верашчала, шаргацела і шастала па паўцёмнай вітальні, дзядзька Лейба ўзмахваў шырокімі рукавамі і лаяўся.
— Дзверы зачыняйце! Вось паганае стварэнне!
Пранціш, нарэшце, злаўчыўся і кінуўся на звера… Дакладней, птушку: бо лапаталі крылы, пад рукой зміналіся пер’і, а дзюба пацэліла дакладна Пранцішу ў падбароддзе.
— Ай, халера!
Вырвіч ледзь не выпусціў дзюбатую страшыдлу, але аптэкар спрытна падхапіў яе, адной рукой прыціснуўшы тулава, другой схапіўшы за доўгую шыю.
— Дзядзька Лейба, нашто табе паўлін? — папытаўся агаломшаны Лёднік, абтрасаючы пух з дарожнага камзолу.
Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.
— Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… — пракрычаў аптэкар.
І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:
— Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне — гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.
— А адкуль у пісара паўлін? — пацікавіўся Пранціш.
Дзядзька Лейба ўздыхнуў.
— Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар — кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…
Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.
— Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… — задумліва прамовіў аптэкар. — Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.
— Улез, дзядзька Лейба, — са скрухай прызнаўся Лёднік. — Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея — у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…