— Месца на ўскрайку Лондану… — стамлёна апавядаў Лёднік. — Але калі звярацца з картамі — самая найноўшая пяцідзесяцігадовай даўніны — цяпер там самыя гарадскія трушчобы. Я па студэнцкай дзёрзкасці сваёй там шнырыў, але, паверце, каб быў я без кампаніі тубыльцаў, адзін з іх, дарэчы, сапраўдны лорд, які збіўся з тропу ў прытонах Іст-Энду, мог я і назаўсёды там застацца, і вылавілі б мяне ў Тэмзе без кашалька і носа.
— Дык што вы павінны адтуль прывезці? — асцярожна папытаўся аптэкар. — Зноў нейкую святую рэліквію?
— Горш, дзядзька Лейба, — змрочна патлумачыў Лёднік. — Зброю мы павінны прывезці.
Аптэкар пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў, ажно полымя свечак здрыганулася.
— Што толькі людзі не выдумляюць, каб адзін аднаго панішчыць… Як быццам галоўная мэта іх жыцця — чужая смерць. А для перамогі самага вялікага волата альбо войска дастаткова аслінае сківіцы альбо звычайнай пастуховай трубы, галоўнае — каб на тваім баку быў Гасподзь. Не хачу нават ведаць дакладна, Бутрыме, што ты павінен здабыць… Мне дастаткова было сузіраць гэтую кнігу… — аптэкар пагардліва тыцнуў пальцам у трактат янохскай мовы. — А хто, так бы мовіць, ваш заказчык?
— Каб жа адзін хто! — з прыкрасцю прагаварыў Вырвіч. — А то абклалі з ўсіх бакоў… І кожны па-свойму пагражае. І як ні круці, усіх мы не задаволім.
Між тым віраванні палітычныя дайшлі і да Полацку… Пранціш, пакуль Лёднік сядзеў у аптэцы, наслухаўся падчас прагулянак ад крамнікаў, рамізнікаў, старызнікаў ды гандлярак і пра страшныя бітвы ў Вільні між панамі, і пра знак на небе ў выглядзе скрыжаваных чырвоных дзідаў, што, як усім вядома, прарокуе братнія звады, і пра здань пана Міхала Валадковіча, якая з зайздроснай адданасцю вартуе менскую ратушу, і пра вядзьмачку з млына, дачку вадзяніка, што ледзь цэлую вёску не вымарыла чырвоным свербам, і пра Чорнага Лекара, які вярнуўся на днях у Полацак, каб наварыць золата, і пра пана Гервасія Агалінскага, які ўчыніў бойку з бычком на панадворку карчмы, і добра, што ў бычка рогі былі падпілаваныя, дык пан абыйшоўся сінякамі на самым далікатным месцы, калі ад таго бычка даваў лататы…
Шпегаўская навука, па ўсім ясна, была для пана Гервасія куды больш складанай, чым для студыёзуса Вырвіча анатомія. Ціхага патаемнага ад’езду не атрымалася. Калі прафесар і студыёзус даехалі конна да дому ў Запалоцці, дзе іх павінен быў чакаць пан Агалінскі, на панадворку тоўпіліся цікаўнікі, што назіралі за падрыхтоўкай вясёлага шчодрага пана да ад’езду. Ехаць у экіпажы ў самае разводдзе значыла страціць процьму часу, таму выпраўляліся вярхом. Затое пан Агалінскі разжыўся каралеўскім патэнтам, і яны маглі мяняць коней на паштовых станцыях у першую чаргу, як фельд’егеры.
Найбольш прысутныя разглядалі не коней, а пана Гервасія Агалінскага. Паглядзець было на што: пан, відаць, за гэтыя дні ўчыніў двубой не толькі з бычком. Адно вока заплыло сіня-чырвоным, другое паглядала на свет дужа цьмяна, твар спухлы, зарослы рудой шчэццю…
Пан Агалінскі схапіў збан, які яму паднесла крамяная прыслуга, нагбом выпіў, абліваючыся… Збан зухавата разбіў аб полацкую брукаванку…
— Паехалі!
У дыхтоўных скураных мяхах, якія нагрувасцілі на запаснога каня, дакладна знайшлося месца астралябіі.
Да Лёдніка падыйшоў з вінаватай фізіяноміяй Хвелька, пачаў мармытаць, што каб здароўе дазволіла, ён бы ніколі пана не пакінуў… Хвелька мусіў прыглядаць за домам Рэнічаў.
— Па адвар будзеш хадзіць да аптэкара Лейбы, — сурова распарадзіўся Лёднік.
Затое не давялося траціць шмат часу, каб угаварыць пана Гервасія прыняць у кампанію яшчэ аднаго дужа патрэбнага спадарожніка, які мусіў далучыцца да іх за гарадской брамай. Па-праўдзе, пану Агалінскаму было ўсё роўна, хто з імі адправіцца, Давід, Галіяф альбо Бава-каралевіч. Амерыканец быў заняты тым, каб не зваліцца з каня і не надта паказваць, што атрыманыя ад бычка сінякі перашкаджаюць у гэтай высакароднай справе. Размова з панам прыпадабнялася лыжцы ў загустым кісялі, што цалкам Пранціша задавальняла. Праўда, Агалінскі ўсё-ткі прамармытаў, што ў Карытнікі прызначыў новага аканома, даў распараджэнне адмяніць падушнае і паслаў мужыкам тры падводы з зернем.
Неба зацягнулі хмары, як быццам паненка заторгнула фіранкі, разгледзеўшы, што кавалер пад ейнымі вокнамі недастаткова фацэтны. А каб зусім стала непамысна, лінуў халодны дождж. Прынамсі, гэта змусіла цікаўнікаў пахавацца па дамах і ўжо там дамываць костачкі Чорнаму Лекару, які гасцяваў у габрэя Лейбы, і пану Агалінскаму, якога нават шкадавалі, што звязаўся з падазронай кампаніяй. Сын гарбара — вядзьмак вядомы, з вядзьмачкай ажаніўся, і вунь у якую сілу ўвайшоў… Пан над панамі, лепей на вочы не патрапляцца, а то сурочыць. Дзякуй Богу, з’язджае…