— Параўнанне недарэчы, ваша мосць! — холадна прамовіў Лёднік. — Княжна Еўфрасіння не за прыгодамі ехала, а пакланіцца Гробу Гасподню.
— Ды што я вас нібыта ўгаворваю… — паненка раптам узлавалася. — Гэта вы павінны выконваць, што я скажу. Калі, вядома, пан прафесар жадае калі-небудзь сустрэцца са сваёй жонкай.
Лёднік проста слізгануў наперад, як чорная змяя, навіс над паненкай, якая сутаргава зглытнула, намагаючыся не паказаць страху.
— Бачу, вашамосць начыталася Дыдро ды Вальтэра, прагрэсіўных ідэяў наконт жаноцкага раўнапраўя, далоў гарсэты… Вашамосць уяўляе сябе амазонкай і Клеапатрай у адной асобе… Але, значыць, гэта дзякуючы вам Саламея апынулася ва ўладзе чырванавокага гуна Ватмана?
Атрутай у голасе Лёдніка можна было адправіць на той свет не адну Клеапатру, аспід ад зайздрасці завязаўся б марскім вузлом. Але Багінская толькі прыжмурыла блакітныя вочы і адказала не менш атрутным голасам:
— Хто ж вінаваты, пан прафесар, што вы такі разумны. Не чапалі б васковай лялькі, не чынілі б яе, не разгадвалі б ейныя загадкі — і вас бы ніхто не чапаў, і, натуральна, вашу жонку. А цяпер пазнавата на жабу дыхаць, каб ад хваробы пазбавіцца. Так што я — пан Палоній Бжастоўскі, сын вашых былых гаспадароў і дабрадзеяў, які так засядзеўся за кнігамі, што занядбаў шляхецкія вартасці, чаму і выпраўлены ў небяспечныя авантуры пад вашую адказнасць і прыгляд.
Пад канец фразы голас Паланэі зноў зрабіўся какетліва-наіўным. Лёднік збляднеў, а потым украдліва прагаварыў:
— А ваш яснавяльможны брат, ягоная мосць пан Міхал Багінскі, ведае, што вы едзеце з намі?
— Вы сумняваецеся ў слове княжны Паланэі Багінскай? — холадна прагаварыла панна.
Бутрым скрывіў вусны.
— Як сын гарбара, магу дазволіць сабе нешляхетныя паводзіны. Не толькі сумняюся, вашая княская мосць, у высакародных словах вашай міласці, але і ўпэўнены, што быў адпраўлены да нас зусім іншы чалавек. І ці не лепей мне паведаміць ягонай мосці пану Міхалу, дзе знаходзіцца ягоная малодшая сястрыца?
Гэта быў моцны ўдар. Але Багінская не спалохалася. Прыклала да вуснаў палец, удаючы засяроджаны роздум.
— Цікавы сілагізм атрымліваецца… Як жа нам вырашыць гэтую задачу? Вы паведаміце майму вельмішаноўнаму братцу, дзе я, а я ў адказ паведамлю, што вы парушылі дамову з ім і перадалі ўсе звесткі пра вогненны меч Радзівілам, а мяне гвалтам змусілі з сабою ехаць, каб мець закладніцу, якую можна абмяняць на пані Саламею. І як вы думаеце, васпане, каму паверыць мой брат князь — сыну гарбара і недавучанаму студэнту альбо роднай сястры? А так я напішу яму з дарогі, усё патлумачу…
І зноў міла ўсміхаецца! Вырвіч не вытрымаў:
— Ды нашто табе гэта трэба? Што за бздуры ў галаву зайшлі?
Багінская сціпла апусціла вочы.
— У мяне праз пару тыдняў заручыны… А жаніх так спяшаецца, што адразу пасля заручынаў, не агледжуся, вяселле зладзяць… Пан брат чамусьці прыняў да душы ўсе гэтыя плёткі пра мае нібыта непрыстойныя паводзіны, і што толькі цвёрдая мужніна рука мяне закілзае. А мне нешта пад тую цвёрдую мужаву руку не надта карціць! — Паланэя больш не прыкідвалася, насмешка ў ейным голасе мяшалася са шчырай горыччу. — Жаніх мой меркаваны трох жонак ужо закілзаў… І праменька да брамы ў рай давёў. Так што лепей небяспечная перэгрынацыя!
Бутрым свідраваў позіркам «пана Бжастоўскага».
— Ніякай паблажлівасці не будзе! Падносіць нюхацельную соль, падсаджваць на каня, улучаць лепшы кавалачак — не ў нашых варунках.