Выбрать главу

— Якая яшчэ паблажлівасць? — ганарыста ўскінула галаву Паланэя. — Паны мусяць забыцца, хто я. Так што, пан Вырвіч, — заявіла Багінская, — пастарайцеся не скіроўваць у мой бок сваю выбітную галантнасць.

Пранціш адчуў, як запалалі ягоныя шчокі.

— Я ўжо зведаў, што галантнасці паненка не цэніць!

— Ціха! — адрывіста гукнуў Лёднік. — Я сам прасачу, каб ягоная мосць пан Вырвіч не дазваляў сабе нават паглядаў, якія могуць выдаць сапраўдную існасць пана Палонія Бжастоўскага. І каб пан Палоній Бжастоўскі не пачаў капрызіць, як свецкая дама.

Пранціш нават не развітаўся з падступнай прыгажуняй.

Перад тым, як прафесар выйшаў з пакоя, панна ціха прамовіла:

— Пан Лёднік, Саламея ў бяспечным, утульным месцы, з ёй абыходзяцца найлепшым чынам. Паверце, Ватман нічога з ёй там не зробіць, ён яе нават бачыць не зможа.

Лёднік застыў на месцы, потым коратка кінуў цераз плячо:

— Дзякую, ваша мосць…

Карчма «Венецыя» плыла па водах дажджу, і цьмяныя ветразі ейных шыбаў раздзімаліся ад храпу падарожных і мрояў недавучаных студыёзусаў. А дзесьці ў полацкай аптэцы драмаў знерваваны паўлін, і кожнае ягонае пёрка захоўвала вока антычнага бога Аргуса.

Раздзел дзявяты

ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ І ЦМОК

Нармальны ліцвінскі цмок харчуецца яешняй.

Калі, вядома, яго выгадаваў разумны гаспадар з падобнага да чорнай ракавінкі яйка, знесенага чорным пеўнем, і калі той цмок жыве ў клеці і носіць гаспадару золата. Чаму ж не пачаставаць карысную жывёлінку?

Галоўнае, каб гаспадыня выпадкова яешню не пасаліла — а то цмок так пакрыўдзіцца, што пажар учыніць.

Пажар — не пажар, але за тое, што па віне студыёзуса падарожнікі засталіся без солі, атрымае ён вогненных слоўцаў на свой адрас… Ну трэба было, трэба шчыльней накрыўку на сальнічцы прыкруціць, але ж спяшаўся… А такімі дажджамі прасыпаная ў куфрах соль адразу ж знікае ў вільготнай скуры ды драўніне. Вядома, страта адновіцца ў бліжэйшай карчме… Але яны ўжо два дні не могуць дабрацца да карчмы, бо дарогі паразмывала, а прыдарожная станцыя, на якую дужа разлічвалі, падобна, зусім нядаўна згарэла — і дождж не ўратаваў. Што значыць, на бяду і вада гарыць. Пан Агалінскі толькі выскаляецца ды жартуе над спешчанымі цывільнымі, якія ў вайсковых паходах не бывалі. Асабліва пацвельвае юнага прыгажунчыка Палонія Бжастоўскага. Але ж і апякуецца ім — бо пан Бжастоўскі адразу скарыў сэрца ваякі шчырым захапленнем мужнасцю і вайсковым досведам Амерыканца, ну і тым, што не стамляўся слухаць амерыканскія ды тутэйшыя байкі. Пра царыцу Кінгі, чый палац праваліўся ў зямлю, і цяпер начамі царыца сядзіць на гары на камені, перасыпае золата ў куфры і чакае, калі якісь смелы падарожны прынясе ёй букецік кветак… Пра дарожнага духа Клікуна, які лётае на крылатым змеі з пугай у адной руцэ і залатым рогам у другой, і каб было лета, можна было б яго пабачыць у пыльных віхурах на дарозе. Пра чуму, якая ператвараецца ў саву і ляціць за чалавекам, аклікаючы яго па імені, і галоўнае тады — не азірацца… Зразумела, пан Агалінскі з усімі персанажамі сваіх аповедаў быў знаёмы асабіста, у што пан Бжастоўскі, вядома ж, верыў. Пранціш ажно заходзіўся часам ад злосці — як хітручая Багінская ўмела кіруе настроем і думкамі прасцяка пана Гервасія, падтакваючы ды пахвальваючы, прычым усім заўважна, што яна тонка здзекуецца, а пан Гервасій ажно раздзімаецца ад гонару і працягвае павучаць высакароднага міленькага хлапчыску.

Затое ніякіх капрызаў ад Паланэі з-за нягодаў дарожных, да здзіўлення Вырвіча, не было. Панна нават не чхнула пасля начлегу ў руінах спаленай станцыі, калі ад дажджу ды ветру ратавала толькі нацягнутая на жэрдкі набрынялая коўдра. Толькі заўважыла, што ў варшаўскім палацы скразнякі ўзімку не меншыя, а бедным дамам даводзіцца суткамі фланіраваць у дэкальтэ, так што ў мароз так сінее скура, бялілы не ратуюць.

Пры згадках пра прыдворнае жыццё ў Агалінскага і Багінскай выяўлялася шмат агульных тэмаў… Абодва ведалі палацавыя плёткі, маглі доўга абмяркоўваць, ці пані Чартарыйская сапраўды каханка князя Рапніна, хто скраў знакаміты срэбны кубак на два гарнцы ваяводы Валіцкага, які гаспадар прапаноўваў асушыць нагбом за 50 дукатаў, а хто не зладзіць — таму пяцьдзесят батагоў, і ці сумленна падкаморы Казімір Панятоўскі забіў на двубоі ўлюбёнца Варшавы пана Тарло… Лёдніка гэткія матэрыі не краналі, а Пранціш проста нічога пра іх не ведаў.

Затое ў поглядах на будучыню Рэчы Паспалітае ніякай еднасці не адчувалася.

Для Паланэі Багінскай было ўсё адно, стане ейны брат каралём з дапамогай расійскай імператрыцы, прускага імператара, шведскага караля альбо ўвогуле турэцкага султана. Балі для ўладных асоб будуць ладзіцца заўсёды. І гэтак жа ўсё адно, дзе на іх таньчыць — у Варшаве, Вене, Парыжы ці Вільні, абы весела і можна было дазволіць сабе трохі прыемнай амурнай рызыкі. Пан Гервасій Агалінскі шанаваў сармацкія ідэалы, а ўвасабленнем іх лічыў свайго гаспадара Караля Радзівіла. Што той выракуе — тое пан Агалінскі і стане выконваць, з дапамогай здабытага вогненнага мяча. Шляхта павінна быць сама сабе законам! Галоўнае, пан Караль не дапусціць, как усялякая шваль, мяшчукі, сыны гарбароў, раўняліся з праўдзівай шляхтай і мяшалі сваю беспародную кроў з высакароднай. Лёднік, вядома, з гэтым не пагадзіўся б… І ўвогуле прафесар, падобна, марыў пра нешта кшталту рэспублікі са свабодай веравызнання і панаваннем навукі ды філасофіі. Шчасце яшчэ, да палітычных спрэчак кшталту сеймавых справа не дайшла. Паланэя ўмела сыходзіла ад сур’ёзных размоў, Лёднік адмоўчваўся, але Пранціш усур’ёз пабойваўся, што калі хто са спадарожнікаў завядзецца, да Ангельшчыны ўсе з кампаніі не даедуць. І нават да Гданьску, дзе чакаў карабель.