Таму Вырвіч асабліва не пярэчыў, калі Лёднік дарогай чытаў яму лекцыі. Усё лепей, чым калі перабрэшуцца між сабою.
Між тым дарога вынырнула з лесу, рэзка павярнула і прывяла на скрыжаванне з трыма таполямі, якія страцілі амаль усю лістоту, толькі на вершалінах жаўцелі лісты. Лёднік зверыўся па картах, праігнараваўшы дэманстратыўна вынутую Агалінскім з кішэні астралябію, і паведаміў, што трэба ехаць прама. Але тут на дарозе злева паказаўся воз. Варта было распытацца тубыльцаў пра мясцовыя корчмы, каб зноў не апынуцца на развалінах — польскай мовай валодалі ўсе. Коней трэба мяняць тэрмінова, той, што пад Лёднікам, вось-вось пачне кульгаць.
Сямейная пара на возе, гружаным ладнымі лазовымі кошыкамі, мужык і жонка ў вышываных кажушках, святочна прыбраныя, не надта былі схільныя да размоваў на скрыжаваннях з падазронымі незнаёмцамі. Кабета, абвязаная ваўнянай белай хусткай у чырвоныя ружы аж да самых броваў, толькі моўчкі незадаволена пазірала на прыхадняў. Мужчына ў смушковай шапцы ўсё-ткі няспешна дастаў з роту люльку і паведаміў, што бліжэйшая карчма ў тым напрамку, куды едзе шаноўнае панства, гадзінах у трох язды, але ці прымуць там падарожных, невядома, бо корчмы ўсе перапоўненыя тымі, хто едзе ў Дракошчын на восеньскі фэст.
Нібыта ў пацверджанне злева паказалася два вершнікі, а потым брычка… Пасля таго, як некалькі дзён акрамя дажджу ні з кім не сустракаліся, гэта быў нечаканы наплыў людства.
— А што за фэст? — адразу зацікавіўся пан Агалінскі.
Мужык зноў узяў люльку ў рот, пыхнуў дымам у пшанічныя вусы.
— Пра фэсты ў Дракошчыне сорамна не ведаць, літасцівы пане! У месцы тым жыве сапраўдны цмок! Вось ужо васемнаццаць гадоў, як жыве. У пячоры каля ратушы. Уй, злюшчы! Дзяўчатаў прыгожых жарэ, ахвяры патрабуе… Рыкае так, што брук трасецца! Файны дракон! Можна проста з’ездзіць, паслухаць, паглядзець… А найлепей на фэст, вось як мы — там і спаборніцтвы лучнікаў, і карусель рыцарская, і прадстаўленне будзе, як святы Міхаіл забівае цмока… Зноў жа, прадаць нешта, купіць… Мы вось усёй сям’ёй цалюткі год кошыкі пляцем, каб там збыць. Што на кірмашы ў Дракошчыне куплёнае — цмокаву моц набывае!
Лёднік і Пранціш, акадэмічнай навукай ускормленыя, аднолькава скептычна хмыкнулі.
— Аднойчы ў кракаўскі палац адзінарога прывозілі, — іранічна прагаварыла Паланэя. — Дамы нашыя ўсе пабеглі глядзець, рог свяшчэннай жывёлы пакратаць, каб пасля хваліцца, што пацвердзілі тым свае цноты. А адзін дасціпны пан залез у вальер і абвесціў, што рог няшчаснай жывёлінцы да носу прымацавалі з дапамогай клея.
— Ты сам цмока бачыў? — сурова спытаўся Лёднік у мінака.
Але той, узлаваўшыся, што паны сумняюцца, толькі пыхнуў люлькай і тузануў лейцы.
Сіня-шэрыя хмары рассунуліся, нібыта іх расштурхаў нехта цікаўны, каб паглядзець, што робіцца на зямлі. Цяжкое восеньскае сонца падсвяціла сцэну людскіх камедый, трагедый і фарсаў, якую паліваюць крывёй і мыюць слязьмі.
— Як сабе хочаце, вашыя мосці, але я надалей нікуды не рушу, пакуль не пагляджу сапраўднага цмока! — заявіў пан Гервасій, аж ноздры раздзімаліся ад азарту. — Няхай хоць увесь свет ляснецца — а пабачу!
І было зразумела, што пана не пераканаеш. Нават Лёднік толькі сціснуў зубы і прасычэў нешта няўхвальнае. А Пранціш зірнуў на насмешны тварык Паланэі, яна ж — пан Палоній Бжастоўскі, і са страшэннай моцай зажадалася, замроілася: а вось перамагчы б таго паганага цмока, кінуць ягоную адсечаную галаву пад ногі гордай паненцы Багінскай — і каб у ейных халодна-іранічных вачох запалаў агеньчык захаплення, з якога няцяжка раздзьмуць вогнішча праўдзівага кахання…