Выбрать главу

Ну і пабыць на гарадскім фэсце, паспаць на ложку пасля начлегаў у чыстым полі — прынада добрая!

Лёднік зверыўся па картах і запэўніў, што ніякага Дракошчына на іх не пазначана, а ёсць у пару вёрстах адсюль маленькае мястэчка со сціплым назовам Зембліца. Няйначай, цяпер пераназванае ў гонар цуда-юда. Зразумела, усю дарогу пан Гервасій бубнеў расповеды пра цмокаў, вадзяных, паветраных ды падземных, а таксама пра амерыканскага змея Цукана, які ўвесь аброс пер’ямі, а на галаве яго грыва, як у каня.

Дракошчын, былы Зембліца, быў падобны да цацачнага гарадка, якія малююць на талерках. Вострыя шпілі храмаў, каваныя балкончыкі дамоў, таўсценныя муры з пад’ёмным мастом… А чысценька як! Пранціш такіх мястэчак у жыцці не бачыў. Мяцельшчыкі ды ліхтаршчыкі тут пэўна ж не галадалі і ўтваралі магутныя цэхі. Горад быў упрыгожаны, як вялізная зала для баляў. Рознакаляровыя сцяжкі, гірлянды штучных кветак… І паўсюль — выявы цмока. На сцяжках, на аркушах, на кашулях і капелюшах (адзін такі, зялёны, з імітаванай лускою, Амерыканец адразу ж сабе выкупіў)… Брошкі і завушніцы ў выглядзе цмокаў (на гэтае дабро тужліва паглядала Паланэя, якая мусіла паводзіцца па-мужчынску, а значыць, не скупляць жаночых бразготак), папяровыя цмокі, якіх можна запускаць у паветра на вяровачках, свечкі, адлітыя ў выглядзе цмокаў, цмокі парцалянавыя, цмокі цукровыя, цмокі з цеста… Калі Вырвіч прыгледзеўся, заўважыў, што на ўсіх выявах крылаты звер быў прабіты мечам.

— Таму што грэх іначай! — паважна заявіў гандляр паветранымі пачварамі, на спіне кожнай таксама быў прымаляваны меч з дзяржальнам у выглядзе геральдычнай лілеі. — Біскуп тлумачыць: мы не цмока шануем, а непазбежную перамогу над ім! — і перайшоў на ўрачысты гучны расповед, адрасаваны ўсім патэнцыйным пакупнікам. — Памятаце ўсе, наш няшчасны горад пакутуе пад уладай лютай пачвары, пасланай нам за нашыя грахі, і мы мусім цярпліва чакаць збавення, калі абранец па літасці Божай заб’е стварэнне цемры! А каб гэта хутчэй адбылося, і на памяць пра слаўны Дракошчын купіце, шаноўныя, паветранага змія! Усяго дзесяць грошай!

Брукаванка блішчэла, як вымытая мылам. На кожным куце лютністы ды катрыншчыкі распявалі гераічныя песні пра бітвы з удзелам цмока, у якіх фігураваў непераможны рыцар з месяцам на ілбе, а таксама страшныя балады пра цмокавы злачынствы. Гэтыя ж жахалкі можна было пачытаць на вялікіх каляровых плакатах, развешаных па сценах: пачвара патрабуе ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну мястэчка, падграбае пад сябе кучы золата і ўпрыгожванняў, перакусвае зубамі мост, глынае карэту разам з людзямі, якія бездапаможна высоўваюцца ў вокны і благаюць аб дапамозе… У адным месцы, каля пякарні, пад шыльдай у выглядзе вялізнага крэндзеля, пачуліся знаёмыя словы: лірнік, як мае быць, сляпы, у кажусе, з доўгімі сівымі валасамі ды барадой, выводзіў тонкім моцным голасам:

— Даўным-даўно тое было: Кругом зямлі мора лягло. А ў моры тым тай жыў люты Цмок, Штодня збіраў з людзей аброк.

Пан Агалінскі сыпануў лірніку-земляку ў шапку, што ляжала на бруку, грошай… І спявак неяк занадта спрытна для сляпога падцягнуў да сябе шапку нагой, не перарываючы спевы.

Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.

Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.

— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней.

Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.

— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай.

Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…

Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.

— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец.