— Як будзе заўгодна васпану! — Лёднік таксама заходзіўся ад гневу. — Бізун — тая зброя, якой вы дасканала валодаеце! Нічога іншага і краіне ад вас не дачакацца! Ды мне прыемней зараз здохнуць, чым надалей з вашае мосцю адным паветрам дыхаць!
Падобна, кнот дагарэў да апошняй нітачкі. Пранціш уварваўся ў пакой. Лёднік кінуў шаблю і зрываў з сябе камзол, ажно дробныя гузікі на падлогу ляцелі, Агалінскі, чырвоны і распалены, як заходняе сонейка, сціскаў у руцэ цяжкі бізун, Паланэя сядзела на падваконні, як намалёваная, і шчыра забаўлялася.
— Панства, зараз у ратушы цмока будуць забіваць! — звонка выкрыкнуў Пранціш, але абодва дыскусанты не надта на яго звярнулі ўвагу, паядаючы ненавіснымі позіркамі адно аднаго.
— Вашыя мосці з глузду зусім з’ехалі! — Пранціш стаў паміж ворагамі. — Мала таго, што з-за вашай няўчаснае гарачнасці не спраўдзіцца наша місія, але й мы ўсе загінем! На час фэсту ў горадзе пад пагрозай смяротнага пакарання забаронены ўсялякі гвалт. Вас, пан Гервасій, павесяць! А нас пасадзяць у вязьніцу! І карысці будзе, як ад гусі авёс купляць.
Пра забарону гвалту Пранціш хлусіў, але, цалкам магчыма, нейкі падобны звычай у Дракошчыне існаваў.
— А вы, пан Палоній, схадзілі б лепей паглядзелі, як прыгажунчык Дамінік з мячом красуецца, — з’едліва кінуў Вырвіч Багінскай.
Тая лёгка саскочыла з падваконня.
— Ой, і праўда! Як жа прапусціць такое відовішча! Для майго шляхецкага выхавання гераічныя прыклады неабходныя! А пан Гервасій не баіцца блізка да цмока падыходзіць?
Князёўна, як заўсёды, спрытна расцвеліла патрэбныя пачуцці. Лёднік і Агалінскі, усё яшчэ цяжка дыхаючы, гатовыя загрызці адно аднаго, трохі ачомаліся. Пан Гервасій падняў сваю шаблю і звярнуўся да доктара:
— Толькі таму і дазваляю табе яшчэ пажыць, што знаю, ненадоўга.
І выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма, ажно павукі па шчылінах разбегліся.
Лёднік моўчкі апрануў камзол, на якім не хапала пары гузікаў, падняў шаблю, стараючыся не глядзець на Пранціша.
— Калі васпан не даражыцца ўласным жыццём, — холадна прамовіў Пранціш, — дык падумаў бы пра лёс двух чалавек, якія наўпрост ад ягонага жыцця залежаць.
Прафесар усунуў шаблю ў похвы так злосна, быццам уторкваў у цела найгоршага ворага, і таксама ляснуў дзвярыма.
З такімі жыхарамі «Залатая курыца» доўга не прастаіць, па дошчачках-каменьчыках рассыплецца…
А Паланея з мілай усмешкай наблізілася да Вырвіча, уся такая ж цацачная, як Дракошчын, у акуратным парычку, блакітным камзольчыку са срэбнымі гузічкамі, белых панчошках…
— Пан Вырвіч, а што за прысягу даў пану Агалінскаму доктар?
Вырвіч толькі моўчкі працяў падступную паненку паглядам:
— А вы надалей, пан Бжастоўскі, добра падумайце, перш чым распальваць звадкі між сталымі мужчынамі, бо наступны раз іх, магчыма, не ўдасца спыніць, а калі Лёднік памрэ, вы застанецеся сам-насам з панам Агалінскім.
Панна трохі збляднела, але Пранціш не стаў чакаць яе адказу і выбег услед за сваім прафесарам.
Сонца шчодра залаціла нават шэрыя камяні брукаванкі… Людзі валілі да ратушы. У адным месцы, дзе вуліцу перакрывала вялізная калюжына, у якой плюхаўся пазаўчорашні дождж, увішныя мясцовыя хлапцы зладзілі добры бізнэс, пераносячы на ўласных карках праз брудныя хвалі ўрачыстых паняў у неабдымных спадніцах ды паноў у белых панчохах. Пан Палоній Бжастоўскі, вядома, скарыстаўся з тае прапановы.
А за ўваход у ратушу і гонар прысутнічаць пры выпрабаванні анёльскага мяча, аказалася, трэба выкласці ажно пяць цэхінаў! Лёднік прасычэў, што прадпрымальны Дракошчын выдаіць нават магнацкія кішэні, але пан Агалінскі нават не задумаўся. А чаго — радзівілаўскім золатам кашалёк набіты шчыльна, як калядная каўбаса.
Ратушу прыкрашалі два вышываныя золатам штандары. На адным, правільна, прабіты мячом цмок, на другім — арханёл Міхаіл на кані. Першы паверх ратушы ўяўляў з сябе вялізную залу з калонамі, у якой было так зручна сабрацца важным гасцям. Дамы са сваймі фіжмамі праплывалі, як заваленыя кветкамі ладдзі, ахутаныя амаль відочнымі аблокамі парфумы, некаторыя з паноў дэманстратыўна падымалі да вачэй апошняе сведчанне прагрэсу, толькі што з Парыжу — круглыя шкельцы на ручках, гэтакая ўдасканаленая лінза бацькі Гервасія Агалінскага, якую той падарыў сімпатычнай пакаёўцы. І пан Дамінік са шнарам у лобе быў тут жа — ззяў, як начышчаны чырвонец. Панна Багінская так і прыліпла да яго позіркам. Ясна, каб была не ў мужчынскім адзенні, выпрабавала б на прыгажунчыку свае чары.