Затрубілі фанфары. Пан Дамінік урачыста падыйшоў да пастамента ў канцы залы, на якім пад шклом ляжаў меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі. Двое кавалераў адкрылі шкляныя створкі…
Вядома, меч у руцэ абранага не заззяў, не расцвіў і не пусціў сноп іскраў.
Пра што з належным сумам было абвешчана.
Бойка з цмокам адкладалася на год. Затое зараз чакалася чарговае кармленне цмока. Выбар ахвяры для яго (самай прыгожай дзяўчыны). Тэатральнае прадстаўленне. Турніры лучнікаў і бардаў, танцы, кірмаш…
А як жа горкі лёс аддадзенай на з’ядзенне дзяўчыны? Усведамленне, што пачвара непераможаная? Нікчымныя баязліўцы!
Раптам пачулася гучнае рыканне. Дамы, як належыць, завішчэлі… Некалькі слугаў у чырвоных вопратках урачыста правялі праз залу белую цялушку, упрыгожаную чырвонымі стужкамі.
— Ён заглыне яе цалкам! — абвесціў важны пан, таксама ў чырвоным каптане.
Мясцовы цмок відавочна не харчаваўся яешняй.
Пранціш ажно шалеў. Пан Дамінік усё гэтак жа самаўпэўнена прахаджваўся ў суправаджэнне світы і адказваў на дурныя пытанні, кшталту як ён не баіцца адпраўляцца на бітву з пачварай.
Зноў загула труба, у залу запоўз вялізны, але лялечны, цмок, якога ігралі акцёры, накрытыя зялёным сукном, і гледачы памкнулі ў той канец залы… Пачыналася прадстаўленне. Пан Гервасій і Паланэйка рушылі за ўсімі. Баўтрамей Лёднік знайшоў кампанію — худога, як штыкеціна, пана ў чорнай мантыі з залатым ланцугом на шыі, сведчаннем доктарскага звання, і абодва мужы вучоныя, аб нечым паважна перагаворваючыся, зашыліся за спіны натоўпу.
Абражаны, расчараваны Пранціш застаўся адзін ля сцяны, дзе на пастаменце ляжаў нікому не патрэбны меч. Вырвіч асцярожна адчыніў шкляную дзверку… Пагладзіў сталь… Азірнуўся… Нават варта адправілася паназіраць за блазнамі. А там, у сутарэннях, пыхкаў агнём яшчэ жывы цмок, які захапіў няшчасны горад!
Рука сама ўзялася за дзяржальна ў выглядзе лілеі… Абраны! Якога ражна той Дамінік — абраны, калі ён і меч правільна трымаць не ўмее? Рыцар не разважае, рыцар ідзе ў бойку!
Дзверы, у якіх знікла белая цялушка, расчыніліся, слугі, што вярнуліся ад цмока, бегма кінуліся далучыцца да гледачоў…
Пранціш дастаў з вітрыны меч… А потым шляхціц Вырвіч, як сэр Ланцэлот, як Трышчан, як гетман Кастусь Астрожскі, цвёрдым і хуткім крокам адправіўся на смяротны бой, здзяйсняць рыцарскі подзвіг.
Уваход у сутарэнні, які знаходзіўся за ратушай, у абнесеным высокім мурам круглым дворыку, выглядаў вельмі празаічна: драўляныя дзверы, умацаваныя жалезнымі палосамі, нібыта ў вялікі пограб. І нават не замкнутыя! Вось неасцярожна… Што, калі пачвара вырвецца, усіх паесць?
Пранціш спусціўся па шырокіх прыступках у пячору. У нос ударыў страшэнны смурод. Але нейкі… зусім не легендарны. А як бы ўвайшоў у вялізны кароўнік. Вочы паступова прывыклі да паўцемры… Якая там пячора! Пакой з каменнымі сценамі, з вокнамі, забранымі кратамі… А на сценах — жахлівае: вяночкі з белымі вэлюмамі. Вядома, тых дзяўчатаў, што сталіся ахвярамі. І некалькі іхніх партрэтаў тут вісела — прыгажуні сумна паглядалі на Пранцыся, нібыта малілі: адпомсці за нас, адважны рыцар! Абарані іншых бязвінных дзяўчатаў ад страшнай смерці! Рука Пранціша з усяе моцы сціснула дзяржальна лілейнага мяча…
Наперадзе чакалі яшчэ адны велізарныя дзверы з вакенцамі, закрытымі прыгожа размаляванымі ваканіцамі… Пранціш здагадаўся, што менавіта праз гэтыя вакенцы і паказваюць за грошы пачвару. А што яна там, дакладна! Студыёзус чуў ейнае дыханне, глухі рык, скрогат… Ганебны пот хвалявання заліваў вочы…
Але загінулыя дзяўчаты!.. А яшчэ ўцерці нос абранніку-Дамініку…
І Пранціш ірвануў на сябе цяжкія дзверы.
Так, ён быў там! Самы сапраўдны жывы цмок… Святло скупа прасявалася на яго скрозь маленькія вокны ў столі. Які ён быў велізарны! І нейкі… Нібыта пакрыты плесняй. Бляклыя вочы, як сляпыя — а дзе ж у іх агонь? Дый з пашчы агню не паказвалася… Затое пашча здаровая! Палова Пранціша ў яе дакладна б змясцілася. Галава цмока была падобная адначасова і на змяіную, і на вялізную конскую. А што найбольш дзіўна, не было і крылляў! Можа, яны проста складзеныя, як у кажана? Лускі таксама, наколькі Вырвіч разгледзеў, не мелася — зморшчаная блякла-брунатная скура. Паміж велізарных лап з бруднымі пазногцямі велічынёй з кавун ляжалі парэшткі белай цялушкі.
Пачвара дыхала хрыпла, як сапсаваныя мяхі. І раптам зараўла — але зблізу ў гэтым рэве чулася не пагроза, а хутчэй нешта жаласнае.