Прафесар штурхануў Пранціша наперад і выхапіў шаблю. Усчаўся гвалт… Лёднік і Пранціш набліжаліся да дзвярэй з усёй даступнай хуткасцю, на шчасце, натоўп перашкаджаў не толькі ім — а куды больш замінаў варце. Пан Гервасій прабіўся да спадарожнікаў:
— Ну ты ўчыніў, пан Вырвіч! Ягоная мосць пан Караль Радзівіл абавязкова прыняў бы цябе ў ордэн альбанцаў!
Амерыканец зарагатаў, як лясун, і таксама агаліў шаблю.
Вось і дзверы на пляц… А там — нагі не паставіць з-за цікаўнікаў.
— Дарогу пераможцу паганага цмока! — раптам пракрычаў звонкі голас. — Пачынаецца вялікае святкаванне! Музыка!
Панна Паланэя Багінская, спрактыкаваная ў палацавых інтрыгах, збівала народ з тропу. Пасля яе выкрыку нават музыка раптам пачала граць, а нехта крыкнуў «Віват!».
— Ты не проста сапсаваў людзям свята, ты, пане, дабрабыт усяго горада скасаваў, — ласкава-пагрозна гаварыў на вуха Пранцішу Лёднік. — Усміхайся, рукой памахай, дурань няшчасны… Можа, удасца прайсці без бойкі… Пан Бжастоўскі, трымайцеся за маёй спінай!
— Хапай іх! — крычаў нехта, але з-за шуму і агульнай неразбярыхі ніхто толкам не разумеў, каго хапаць і за што.
— Я ж вызваліў горад… Тут жа дзяўчат у ахвяру цмоку прыносілі… — мармытаў Пранціш.
— Сім-ва-ліч-на! Сімвалічна прыносілі ў ахвяру! — раздражнёна тлумачыў на хаду доктар. — Прыгажуні спаборнічалі, каторая лепшая, пераможца ўрачыста заносіла ў сутарэнне вянок і вэлюм… А потым шчасліва выходзіла замуж з вылучаным ад магістрату пасагам. Месцічы гэтага рэліктавага яшчара ў балотах вылавілі. Доктар, з якім я пазнаёміўся, лячыў яго — істота старая, наскрозь хворая… Нават выпусці — нікога не дагоніць. Затое які эканамічны поспех! Нам бы так навучыцца свае малыя гарады паднімаць. Зембліца гэты за васемнаццаць гадоў у тры разы разбудаваўся. А працы колькі паэтам, мастакам, артыстам, музыкам, архітэктарам! І ўсё ляснулася з-за аднаго студыёзуса, якому закарцела подзвіга!
— А як жа гэты… абраны… з месяцам у лобе? — разгублена прагаварыў Пранціш, мінаючы аб’ёмістую пані ў спадніцы з фальбонамі, нібыта калючы ружовы куст.
— І як ты займаўся навукай медычнай, калі не можаш пазнаць звычайнага шнару ад падкаванага капыта!
— А ну, з дарогі, гіцалі! — пан Гервасій, як заўсёды, не прасіўся, а дзейнічаў сілай, грубай і надзейнай.
Панна Паланэя сціпла хавалася за спінай Лёдніка, самага высокага з кампаніі.
Нарэшце яны выбраліся з густога натоўпу. Але ж і пагоня набліжалася, мяркуючы па крыках.
— Нас і на кавалачкі могуць разарваць… — задумліва прагаварыў Лёднік, і было зразумела, што не жартуе. — Хутчэй! — і прыспешыў крок да бегу. — Пан Бжастоўскі, не адставайце! Галоўнае, з горада выбрацца…
— А як жа рэчы ў гатэлі? — задыхаючыся, пракрычала на бягу Багінская.
— Лічыце, іх цмок заглынуў!
Паступова людзі ўцягваліся ў новую гульню — «лаві злачынцу».
— Тут яны, вунь, уцякаюць! Хапай!
Нехта штурхануў гандляра паветранымі цмокамі, і яны стракатай зграйкай узляцелі ў паветра.
Калі Пранціш у чарговы раз азірнуўся, то не пабачыў пана Гервасія.
«Спалохаўся, руды ваяка!» — зласліва падумаў студыёзус.
А між тым, падобна, іх даганялі…
Пранцысь тужліва разважаў — вось, зусім нядаўна здзейсніў, як лічыў, вялікі подзьвіг і разлічваў на віваты і шанаванне, і вянкі, і захопленыя пагляды… А цяпер пасякуць іх на чужой брукаванцы ды на целы плюнуць…
Раптам усіх аглушыў свіст, шалёным намётам прыімчалі коні, запрэжаныя ў прыгожую карэту з незнаёмым гербам, прыпыніліся, ледзь не іскры з-пад капытоў.
— Сядайце!
Пан Агалінскі стоячы кіраваў коньмі, ягоныя рудыя валасы развяваліся, як сцяг — капялюш пан дзесьці згубіў. Паланэя першай учапілася за адчыненую дзверцу карэты, спрытна залезла ўнутр. Пранціш і Лёднік паўскоквалі ўжо на хаду.
— З дарогі, лабідуды! Цмока вам перамаглі, а вы яшчэ незадаволеныя! — гарлаў Агалінскі, няшчадна паганяючы коней. — Я пастрашней цмока буду! Пан мой Караль гарадок ваш за гадзіну панішчыць!
Паланэя выпусціла некалькі куляў у вершнікаў, што спрабавалі дагнаць карэту, і іхні імпэт паменшыўся. Нарэшце прамінулі гарадскія вароты — з нагоды свята мост быў апушчаны… Вось колы карэты затрэсліся на каляінах небрукаванага гасцінцу… Потым па даху застукалі яловыя лапы… Уцекачы заехалі ў лес, збочыўшы з наезжанага шляху. Пагоня адстала.
Нарэшце пан Агалінскі спыніў натомленых коней і таксама залез у карэту, шумна выдыхнуў.
— Я нават астралябію пакінуў! Пракляты гарадок…
— Цяпер Дракошчын давядзецца зноў пераймяноўваць у Зембліцу, — задумліва прагаварыў Лёднік, які паспеў ужо выказаць студыёзусу ўсё, што думаў наконт ягоных разумовых здольнасцяў і авантурнасці, збольшага задаволіўся шчырым раскайваннем і сам трохі супакоіўся.