Выбрать главу

— А што абранцу іхняму цяпер рабіць? — фыркнуў Агалінскі. — Адразу дзяўчаты адскочаць, як блохі з дохлага сабакі.

Паланея засмяялася, і Пранціш не ўтрымаўся ад усмешкі. Хаця на душы было так пагана, так пагана… Аж нудзіла — як на першым курсе, калі яны з Недалужным патрапіліся рэктару за гульнёй у карты, ды яшчэ расклаліся на зручным каменным надмагіллі каля ўніверсітэцкага храму, і раз’юшаны рэктар па старым звычаі загадаў тую калоду карт пашаткаваць, прыправіць бігасам ды скарміць гульцам да апошняй лыжкі.

— Гэх, такую рэдкую жывёліну не пашкадаваў! — дакорліва прагаварыў Лёднік. — Яны калісьці насялялі зямлю, яшчэ да таго, як з’явіліся звыклыя нам звяры. Яшчар гэны, цмокам называны, апошні, можа, са свайго племені застаўся, а ты яго… Як свінню шылам…

Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…

— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!

— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.

Памаўчаў, неахвотна прамовіў:

— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.

— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.

— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!

А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.

А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:

— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!

Раздзел дзясяты

ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША

Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…

На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.

— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры.

Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…

— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.

— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.

Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку:

— Стойце на месцы… — і няспешна паехаў у бок целаў.

— Вам, пан Палоній, трэба было дзяўчынай нарадзіцца, — пільна гледзячы ў спіну доктару, прагаварыў пан Гервасій сваю ўлюбёную за апошнія дні фразу. Багінская адказала ў звыклай манеры, але без ценю весялосці, таксама не адводзячы пагляду ад чорнай постаці на кані, што набліжалася да страшнай знаходкі:

— Гэта было б вашым найвялікшым няшчасцем, пан Гервасій. Бо вы б закахаліся ў мяне, і вашае сэрца было б разбітае маёй жорсткасцю.

Лёднік спыніў каня, праз нейкі час рэзка развярнуў яго і падскакаў да спадарожнікаў. Ягоны худы твар быў неяк занадта спакойны.