— Трымайцеся за мной, пан Бжастоўскі. Што-небудзь прыдумаем.
Ну як жа, прафесар не мог не пашкадаваць дурное дзяўчо! Якое прафесара, калі што, не пашкадуе ані на каліўца.
Палотнішча намёту адхінулася, і Вырвіч ледзь стрымаў ускрык: там стаяла пачварнае стварэнне. У галаўным уборы, падобным да птушынай галавы з вялізнай загнутай дзюбай, у чорным прасмоленым балахоне і пальчатках. Ад таго, што студыёзус ведаў, што гэта лекар у звычайнай вопратцы, якую носяць служкі Гіпакрату падчас эпідэмій, спакайней не рабілася. Здавалася, перад імі ўвасобленая чума.
Першым зайшоў пан Гервасій, і адразу пачаў лаяцца… Падумаеш, раскамандваліся тут усялякія!
Мясцовы доктар меў добрую вытрымку, бо на лаянку Агалінскага не адказваў, чулася толькі ўладнае «Павярніцеся, ваша мосць!», «Расшпіліце, зрабіце ласку, кашулю».
Пранціш, як без кропачкі выпускнік Віленскай акадэміі і асістэнт медыка, паводзіўся куды больш разумна: прадэманстраваў адсутнасць чумных бубонаў, непашкоджанасць слізістых абалонак, пакорліва прыняў апырскванне смярдзючай вадкасцю, якое здзяйснялі па той бок намёту яшчэ дзве фігуры ў балаханах…
Дзесьці на гарадской ратушы гадзіннік адлічыў пятую вечара, час восеньскага змяркання. Зараз жа выстраліла гармата — ці мясцовы звычай, ці сродак адганяць чуму.
І тут у намёт зайшоў Лёднік.
— Баўтрамеюс! Якім лёсам?
Тамашоўскі доктар сцягнуў з сябе застрашлівую дзюбу, выявіўшы зусім не страшнае, з мяккімі рысамі аблічча, якое зараз асвятлялася радаснай усмешкай.
— Ёханес Вайда!
Абодва дактары абняліся, паляпваючы адзін аднаго па спіне, як могуць толькі сябры юнацтва.
— Як добра, што ты з’явіўся! Сапраўды — Бог пасылае памочнікаў у цяжкую часіну… А тут — аднакурснік па Празе! Сачыў, сачыў за тваімі публікацыямі. Падобна, твае пагляды моцна змяніліся. А тут столькі справаў — не паспяваю… Ведаеш, напэўна, што пошасць блізка падбіраецца?
У светлых вачах пана Ёханеса сапраўды хавалася стома.
— Прабач, сябар мой, але я тут толькі выпадкам — і праездам. Нам да серады трэба быць у Гданьску, чакае карабель, — вінавата прамовіў Баўтрамей.
Ёханес сумна ўздыхнуў:
— Тады ты вельмі няўдала завітаў у Тамашоў, мой сябар. Каб яшчэ гадзіну таму… Але — сам чуў! — прабіла пяць, стрэліла гармата… А значыць, у горадзе па волі біскупа аб’яўлена абложнае становішча. Цяпер ніхто сюды не заедзе, не выедзе — пакуль не пройдзе пошасць. Нават з каралеўскімі патэнтамі. Вы — апошнія нашы госці. Я б мог абвесціць вас хворымі, каб вытурылі з горада — але біскуп загадаў абыходзіцца з носьбітамі заразы, як з ерэтыкамі. Баюся, вас могуць проста расстраляць са сценаў, а целы спаліць.
Вось табе маеш! Пранціш застыў, паспеўшы апрануць камзол толькі на адно плячо, Лёднік, падобна, быў таксама агаломшаны.
— Гэта немагчыма… Я мушу ехаць! Можа, перагаварыць з біскупам? Выпусціўшы мяне і спадарожнікаў за браму, горад жа не панясе шкоды!
Ёханес пакруціў галавой з чорна-сівымі валасамі.
— Сябар мой, ты ведаеш, хто ў нас стаў біскупам, пробашчам храма святога Тамаша, а заадно прыёрам кляштара? Айцец Габрыелюс Правітус!
Падобна, гэта была вельмі дрэнная навіна, таму што Лёднік збялеў і схапіўся рукой за горла, як бы ад задухі.
— Так, так, твой былы пражскі настаўнік! — з нейкім асаблівым выразам вымавіў Ёханес.
— Мне сапраўды не варта з ім сустракацца… — здушана прагаварыў Лёднік.
— Так, біскуп наш чалавек няпросты, усё ў горадзе яму падпарадкоўваецца — і бурмістр, і рада, і купцы, і рамеснікі. Людзі на яго моляцца — цудатворца, святы дабрадзей… А калі ты збег тады з Прагі, пан Правітус, расказвалі, моцна на цябе гневаўся. Маўляў, улюбёны вучань прадаў яго, збэсціў спадзяванні.
Ёханес выпрабавальна глядзеў на аднакурсніка, той прыгнечана маўчаў.
— Як далёка ты зайшоў за сваім колішнім настаўнікам, Бутрыме? — ціха спытаўся пан Вайда.
— Далекавата, Ёхане. Далей, чым варта было, — гэтак жа сцішана прагаварыў Баўтрамей.
— А мы ж тады, як ён лекцыі ў нас стаў чытаць, усе яго баяліся. Каб, не дай Гасподзь, не бліснуць розумам, каб не зацягнуў у свой гурток. Хадзілі чуткі пра ягоныя магічныя заняткі, на якіх людзі знікаюць, а нехта вар’яцее, альбо пачынае гаварыць не сваім голасам. Я дык назнарок іспыты заваліў, — задумліва прамовіў пан Вайда.
— А я вось бліснуў… Са скуры лупіўся, абы заўважылі, дапусцілі да таемных ведаў… — з горкай насмешкай прамовіў Лёднік.
— Ну, усім Бог суддзя, — страсянуў з сябе сум пан Вайда. — Пана Правітуса ў свой час з Прагі таксама ледзь не на дзідах вынеслі, у нашым гарадку для яго — проста высылка. Так ці іначай — бліжэйшы час ты правядзеш у маім доме, Бутрыме! Месца хапае — хопіць і тваім спадарожнікам… Заразы ж ніхто не падчапіў? Цябе аглядаць не стану — шаўцу ботаў не шыюць…