— І хлопчыка, што там, каля намёту, чакае, не варта аглядаць, — паспешліва прамовіў Лёднік.
Ёханес вызірнуў вонкі, абмерыў паглядам шчуплую мітуслівую постаць пана Бжастоўскага, пасміхнуўся:
— Ты спрактыкаванага медыка задумаў падмануць, Бутрыме? Добра, калі даеш слова, што твой… хлопчык не заражаны, няхай паненка больш не нервуецца. Распранацца не змушу. А то вунь чаравічкамі дзірку ў бруку пракруціць. Але абліванне расчыннем прыняць давядзецца і табе, і ёй.
— Ядловец, ладан, спірт, часнык? — прынюхаўся Баўтрамей. — А чаму не абкурванне?
— Вадкасць лічу больш эфектыўнай за дым.
— Маеш рацыю, але для мяне твой выбар фатальны… — са змрочнай іроніяй прагаварыў Лёднік.
— Чаму? — здзівіўся пан Вайда.
— Таму, што калі б ты зёлкі паліў, а не запарваў, я б яшчэ да брамы пачуў пах, і ўжо ні ў якім разе не пусціў бы сваіх сюды.
Дактары пачалі нецікавую лекарскую дыскусію. А Пранціш вырашыў, што прыгоды ў Дракошчыне і на праклятым млыне — гэта яшчэ першыя сняжынкі ў параўнанні з завірухай, якую абяцае гасцяванне ў Тамашове.
Ён не надта памыліўся.
Дом доктара Вайды аказаўся сапраўды змястоўным. Як выявілася, доктар пасля сканчэння ўніверсітэту выгадна ажаніўся, з дачкой тамашоўскага войта. Таму займеў камяніцу на два паверхі. Пані доктарава была павольная, беласкурая і вялікая, ледзь не ўдвая большая за мужа. Яна хадзіла ў дарагой сукенцы з брабанцкімі карункамі, яе кірпаносы, крыху выцягнуты твар у атачэнні бялюткіх фальбонаў каптура быў такі спакойны, што пані здавалася надзейнай выспай пасярод бурлівага акіяну. Ля калень пані мітусілася двое дзетак — хлопчык і дзяўчынка, трэці, зусім малы, спаў на руках у нянькі, чырванашчокай матроны, якая таксама выпраменьвала спакой і ўпэўненасць. Стол ламіўся ад кілбасаў ды бліноў.
— Вось так і жывем, — задаволена абвёў рукой ідылічную карціну пан Вайда.
— А як твае даследванні крывяных складнікаў? — папытаўся Лёднік. — У цябе былі цікавыя ідэі…
Вайда махнуў рукой.
— Усё, што мне трэба ведаць, мне распавялі ва ўніверсітэце. Гэта ты ў акадэміі можаш лунаць сабе ў эмпірэях, шукаць філасофскі камень, патрашыць трупы. А тут трэба людзей лячыць, ды так, каб адобрыў святы касцёл, і не западозрылі ў блюзнерстве. Не высоўвацца. Не вылучацца. І калі святар сцвярджае, што грэшнае цела сваё сумленны хрысціянін дае мыць двойчы ў жыцці — пры нараджэнні і калі памрэ, мая справа сціпла маўчаць.
— Чакай, — здзівіўся Лёднік. — Айцец Габрыелюс сам жа эксперыменты любіў… І сцвярджаў, што ад старажытных рымлянаў абавязкова трэба пераняць звычай штодзень мыцца…
Пан Вайда толькі хмыкнуў.
— Сам ведаеш — грамчэй за ўсіх крычыць «Трымайце злодзея!» злодзей, і прыёр кляштара святога Тамаша проста палюе на іншадумцаў, блюзнераў, ведзьмакоў, чарнакніжнікаў…
— Хіба ён спыніў свае доследы? — насцярожана папытаўся Лёднік, чапляючы двузубым відэльцам каўбаску.
— Такія не спыняюцца, — хмыкнуў пан Ёханес. — Але пра ягоныя сапраўдныя заняткі здагадваемся я, ты, ну яшчэ некалькі чалавек, якія цалкам залежаць ад біскупа і біскупскіх памагатых. Тут — ягонае ўладанне. І ягоныя парадкі. І магутныя апекуны па ўсім свеце. Дзесяць год трымае людзей у страху. Паўсюль ягоныя вушы і вочы… Хто пачне благое казаць пра айца Габрыелюса — можа раптам знікнуць альбо памерці ад раптоўнай хваробы. А здараецца, біскуп адным поглядам паміраючага з ложка падыме. Сам кароль у яго гараскопы замаўляе. Так што пошасць яму — толькі ўмацаванне ўлады. А я — маленькі чалавек. Магу кроў пусціць, клізму паставіць. Што я — супраць чумы?
— Чакай, а памятаеш, мы спрабавалі прыдумаць ад яе лекі? — усклікнуў Лёднік. — Нават сам пан Правітус падказваў — узяць попел кароткага рабра і лімфатычнага падмышачнага вузла памерлага ад чумы…
— Яшчэ раз кажу — у Тамашове ўсё паводле дзядоўскага звычаю, — цвёрда прамовіў Ёханес. — Як сто, дзвесце, трыста год таму. Нам тут што вайна ў Амерыцы, што іnterregnum у Кароне… Вось пошасць — блізка. Зараз пачнецца чарговая істэрыя на тэму «Выкупляйце грахі, бо хутка канец свету». Пойдуць па вуліцах флагелянты, абсцябаюцца ў славу Гасподню, аж пырскі крыві паляцяць на сцены. Нехта ў імя святога Тамаша ахвяруе касцёлу ўсю маёмасць і стане жабраваць, на вуліцы Залатароў ці Рыбнікаў зловяць пару вядзьмарак і павядуць тапіць у сажалцы… Потым разгромяць лаўкі габрэяў… Апошніх і абвінавацяць у пошасці і пачнуць збіваць. Пасля габрэяў возьмуцца за жабракоў — маўляў, яны паатручвалі ваду ў студнях. Потым настане чарга пацукоў і мышэй — а можа, якой казы, у якую ўсяліўся д’ябал. Спадзяюся, да лекараў чарга не дойдзе. Гарадок маленькі, нас тут усяго чацвёра, калі лічыць цырульніка-зубадзёра. А потым пошасць скончыцца, вядома, дзякуючы малітвам айца Габрыелюса.