— А мы павінны тут сядзець і гэта ўсё назіраць? — абурыўся Пранціш, у якога сямейнае шчасце тамашоўскага доктара чамусьці выклікала пачуццё, як выпіты без асаблівага жадання, па прымусе нянькі кубак паранага малака з пенкай.
Пан Агалінскі шумна паставіў на стол пусты збан, у якім толькі што пенілася някепскае цёмнае піва.
— Няўжо імя ягонай мосці, яснавяльможнага пана Радзівіла тут нічога не значыць? Я выконваю ягонае даручэнне!
Багінская скрывілася, а пан Вайда ветліва схіліўся.
— Калі б ягоная мосць князь Радзівіл зрабіў ласку сюды завітаць, яго б, вядома, сустрэлі па-каралеўску. Але тут не ўладанні пана, да таго ж пошасць не разбірае тытулаў. Смерці баяцца больш, чым князёў чалавечых. Баюся, што вас, пан Агалінскі, біскуп нават не прыме. Ды ён пальцам варухне — вас адправяць у сутарэнні, як блюзнераў. Так што, Бутрыме, хоць ведаю, што ты — веры праваслаўнай, заўтра ўсе рушым на імшу ў касцёл. Я вунь, лютаранін, хаджу, як міленькі, і пра сваё веравызнанне маўчу, як труна. Пераседзеце ціхенька на апошніх лаўках… А мне апраўдацца прасцей будзе: прытуліў добрых хрысціянаў.
Лёднік зусім спахмурнеў, паглядаючы на малога сынка Вайды, які заўзята пускаў драўлянага коніка скакаць па парэнчах фатэля. Ясна — успомніў малога Алесіка.
— Няўжо няма ніякага спосабу выбрацца з горада?
— У нас ёсць грошы, пан Вайда, — звонкім галаском умяшалася Багінская, ужо ў набытых у мясцовых крамнікаў навюткіх камзольчыку і парычку, вымытая і выспаная. — Нават у час аблогі можа знайсці згаворлівых вартавых… Падземныя хады… Патаемныя дзверы… Магчыма, пярсцёнак са смарагдам трохі наблізіць наш ад’езд?
І пакруціла ў пальцах каштоўнасць, за якую можна было набыць некалькі коней з карэтай у дадатак. Святло заіграла на гранях русалчынага каменю. Нават пані Вайда зацікаўлена заўзіралася…
— Запэўніваю вашу мосць, ніхто ў горадзе не пойдзе супраць волі айца Габрыелюса. Бо ўпэўненыя, што ён валодае нетутэйшай моцай. Што ён і дэманстраваў не раз. А страх перад пошасцю ўвогуле вынішчыць з сэрцаў міласэрнасць, — цвёрда прамовіў пан Ёханес і звярнуўся на нямецкай мове да жонкі. — Сэрцайка маё, Грэтхен, укладзі дзяцей спаць!
Пані доктарава няспешна паднялася, скоса зірнула апошні раз на смарагд у пальцах пана Палонія і сышла разам з дзеткамі і нянькай.
— Адзінае, што можа вам дапамагчы… Ведаеце, у маленькіх мястэчках, у глухіх вёсках ёсць шмат такога, што месцічы ўважаюць за свяшчэнны звычай і захоўваюць вякамі, у той час як чалавеку прышламу гэта падаецца дзікунствам, — голас доктара Вайды гучэў неяк няўпэўнена.
— Пра які звычай ты хочаш нам распавесці, Ёханес? Кажы, не бойся. Мяне цяжка чымсьці здзівіць, — заахвоціў Лёднік. — Калі гэта дапаможа нам адсюль выбрацца, я гатовы на самы дзікі абрад. Што там трэба — ажаніцца з саляным слупом, правесці ноч на магіле праклятага князя, збіць стралою чэрап з вежы?
— Абняцца са святым Тамашом, — крыва ўсміхаючыся, прамовіў Ёханес. — Табе гэта не спадабаецца, Бутрыме.
З таго, што распавёў тамашоўскі доктар, нічога добрага сапраўды не вымалёўвалася. Абдымкі святога Тамаша дапамагалі ў набыцці стыгматаў. Звычайна раны такія ўтвараліся ў асабліва веруючых у перайманне ранаў Госпада. У Тамашове іх атрымлівалі з дапамогай асаблівага прыстасавання. Звычай пайшоў ад заснавання кляштара святога Тамаша і адпаведнага манаскага ордэна. Прыёр у ім быў фанатычны. Кожны мніх, які ўступаў у ордэн, мусіў прайсці жорсткі іспыт. Пасля гэта стала пакараннем. Потым — асаблівым духоўным подзвігам, здзейсніўшы які, можна папрасіць пробашча храма аб літасці — і той павінен задаволіць просьбіта. Нельга прасіць грошай, нічога, што ўзбагаціць, або нанясе камусьці шкоду. Але такім чынам некалькі разоў вярталі сабе волю асуджаныя да вязніцы, альбо тыя, каму пагражала даўгавая яма, часам даказвалі сваю невінаватасць западозраныя ў вядзьмарстве і блюзнерстве. Прычым скарыстацца з традыцыі маглі людзі рознай веры.
— На маёй памяці на абдымкі святога Тамаша наважваліся тройчы, — распавядаў пан Вайда. — Адзін адразу не вытрымаў, яго з ганьбай пагналі з храма, яшчэ і бізуноў далі. Двое дастаяліся… Але відовішча непамыснае. Думаю, выпадкаў было б куды болей — колькі людзей даведзена да такога адчаю, што яшчэ адна рана на целе ім і не заўважная. Але да рэлікварыя святога Тамаша дапускаюць не заўсёды і не ўсіх. Трэба, каб просьбіт здольны быў прачытаць пакаянны канон. Прычым дваццаць разоў запар. Галоўная небяспека выпрабавання — можна, пакуль усё дачытаеш, сцячы крывёй. У гэтую нядзелю рэлікварый адчыняць. Значыць, заўтра адзін з вас зможа да яго ўзысці. Ну і папрасіць пасля, каб вас выпусцілі з гораду. Будзе лічыцца, што на вас дабрадатнасць, святая абарона… Што вы ачысціліся ад усіх грахоў і хвароба да вас не прыстае. І мне добра, што ў маім доме не блюзнеры жылі.