— Ды мне выпрабаванне цялеснай моцы прайсці — як саламіну пераламіць! — адразу заявіў пан Гервасій. — Я — ваяр! Не злічыць, колькі разоў паранены!
— Вырвічы з Падняводдзя нічога не баяцца! — ганарыста заявіў Пранціш. — Ды мяне на кавалачкі рэзаць будуць — не паморшчуся!
— Вы, вашамосць пан Вырвіч, замалады для выпрабаванняў, якія павінны браць на сябе сталыя мужчыны, у якіх даўно выраслі вусы! — пан Гервасій паважна падкруціў руды вус.
Пранціш адчуў, што кроў кінулася ў твар. Так, вусікі ў Вырвіча яшчэ не звісаюць над губой, але ён нікому не дазволіць над гэтым пасміхацца! Рука сама сабой пацягнулася намацаць шаблю. Пан Гервасій таксама ажывіўся ў прадчуванні бойкі…
— Папрашу панства не ламіцца ў дзверы, калі дом яшчэ не збудаваны, — холадна прамовіў Лёднік і ўзняўся, строгі, выпрастаны, спакойны, як смяротна небяспечная зброя. — Пайшлі, Ёханес, пакажаш мне, што за абдымкі святога Тамаша. Трэба прыкінуць, як выйсці з гэтай дураты з найменшымі стратамі.
— Ціха… — збляднеў пан Вайда. — Не трэба гаварыць такія словы пра святыя рэчы!
— Толькі не кажы, Бутрым, што зноў возьмешся сам! — абурыўся Пранціш.
Лёднік толькі прыўзняў бровы.
— Па-першае, я самы старэйшы, Па-другое, самы грэшны. Па-трэцяе, самы бязродны. І згадзіцеся, пан Агалінскі, — з крывой усмешкай звярнуўся прафесар да пана Гервасія, які рыхтаваўся нешта сказаць насуперак, — мяне найменш шкада, ці не так?
Вырвіч пачаў паводле ўсіх правілаў логікі абвяргаць свайго настаўніка. А панна Багінская сціпла маўчала, справядліва лічачы, што не мусіць увязвацца ў гэткія брутальныя і нягжэчныя мужчынскія справы.
Нядзеля пачалася з дажджу і стральбы з гарматаў. Пайшлі чуткі, што ў горадзе ўжо нехта захварэў, і людзі перашэптваліся, парушаючы святую цішыню храма.
— Рукі пакалечыш, і як далей будзеш працаваць? — у соты раз прагаварыў Пранціш.
Лёднік паглядзеў на свае далоні…
— Рук шкада, — спакойна пагадзіўся ён. — Але пастараюся ўсё правільна разлічыць, каб асабліва не пашкодзіць. Не першы раз. Памятаеш слуцкія сутарэнні? Там куды горш было. Зажыве. Мазь узяў?
— Узяў… — напружана адказаў Пранціш, якому было дужа непамысна.
Не дзіва: паства Тамашова выглядала зусім не так, як у Дракошчыне, Вільні ці Менску. Усе ў шэрым, чорным ці брунатным. Ні парыкоў, ні фіжмаў. Няма высакароднага шляхецкага звычаю агаляць шаблю падчас чытання Свяшчэннага Пісання. У кабетаў сукенкі зашпіляюцца пад горла, строгія каптуры — ні аднае пасмачкі валасоў не згледзіш. Вунь і пані Вайда апранулася менавіта так, стаіць, рахмана апусціўшы вочы, як бы і не апранала ніколі модную сукенку з дэкальтэ. Не дай Гасподзь, нехта даведаецца, што тут прысутнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме…
Парфумай мясцовыя жыхары таксама не карысталіся, відаць, уважаючы гэта за грэх, асабліва ў час строгага посту падчас пошасці. Нямытыя целы смярдзелі так, што млосна рабілася. Пранціш звык яшчэ ў Падняводдзі прынамсі раз на месяц наведваць лазню. Пры калегіюме таксама была лазня. Ну а Лёднік увогуле лічыў, што па прыкладзе старажытных грэкаў ды лацінян мудры чалавек мусіць мыцца штодзень, хаця гэта, на думку святошаў, было страшэным блюзнерствам. Так можна змыць з сябе ўсю святую ваду, што патрапіла на скуру пад час хрышчэння! Дастаткова кашулю мяняць ды ўжываць парфуму. Нічога, што адну з дачок французскага караля заелі вошы, другі кароль памёр ад свербу, а трэці страціў прытомнасць, калі пад ягонымі вокнамі праехалася карэта і ўзварушыла міязмы ад назапашаных адкідаў.
У Тамашове лазні, напэўна, таксама цяпер лічыліся грахом. Гэтак жа, як і здаровыя белыя зубы. Затое вочы парафіянаў фанатычна гарэлі. Гэта былі пагляды людзей, якія бачылі цуд выратавання і жах смерці.
Асабліва гэтая неахайнасць адчувалася на фоне цудоўнага храму, чые велічныя скляпенні сыходзіліся так высока, што здаваліся цёмным небам. У востраверхіх вокнах ззялі вітражы тонкай працы, а над алтаром, у круглым вялізным вакне-ружы ляцеў у атачэнні промняў, зор, анёлаў белы голуб — дух святы… Пацямнелыя ад часу драўляныя скульптуры з выцягнутымі, як у блёкаце, прапорцыямі на алтары, на сценах здаваліся пагрознымі тагасветнымі ценямі…