Раптам усе, як бы хтось узмахнуў над галовамі лязом велізарнай касы, упалі на калені. Сабор быў такі вялікі, што Пранціш не мог толкам разгледзець таямнічага прыёра — а гэта менавіта яго віталі. Затое голас быў чуцён выдатна — дзякуючы адмысловай акустыцы. Голас зачароўваў, уладарыў, яму хацелася падпарадкавацца…
Напачатку імшы працэсія служкаў падыйшла да каменнага ўзвышэння з распяццем, абкружанага важкім пазалочаным ланцугом. Ланцуг урачыста апусцілі, потым знялі цяжкі, вышываны золатам покрыў з мармуровага стаўбурка пад распяццем — у стаўбурок быў умураваны срэбны кружок, рэлікварый з парэшткамі святога апостала Тамаша.
— Давай, Бутрым! — напружана прашаптаў пан Вайда.
Лёднік імкліва рассунуў вернікаў, узняўся па прыступках на ўзвышэнне, апусціўся на калені, паклаў далоні па абодва бакі стабурка з рэлікварыем, у зробленыя ў падлозе паглыбленні па форме рук, і з сілай абапёрся… Каменныя пліткі падаліся ўніз, і далоні імгненна працялі вострыя штыры, падобныя да наканечнікаў дзідаў. Пан Вайда тлумачыў, што калі паслабіць націск, дзіды адразу ж схаваюцца, таму і можна сачыць, наколькі шчыра раскайваецца той, хто моліцца.
— Pater noster… — загучэў нізкі голас Лёдніка, якому належала адчытаць дваццаць пакаянных канонаў.
Людзі ўзбуджана зашапталіся, абступілі ўзвышэнне. Нехта пабег наперад, відаць, паведаміць пробашчу, што сёння адзін з братоў наважыўся на духоўны подзьвіг. Пранціш стаяў побач і тужліва назіраў, як каменныя паглыбленні напаўняюцца крывёй. Доктар цвёрда абапіраўся на прабітыя рукі, вастрыі не хаваліся ў камені, голас ягоны гучэў роўна, як бы на лекцыі. Цікаўнікі спрабавалі зазірнуць чужынцу ў твар, завешаны чорнымі пасмамі валасоў, відаць, каб пабачыць адбітак пакуты. Шэптам прыдумлялі на хаду, якія страшныя грахі выкупляе прыхадзень, хто ён такі. Нехта ўмудрыўся памачыць свой палец у кроў, што нацякла з прабітай рукі ахвярніка — відаць, паводле мясцовай традыцыі, яна лічылася лекавай, гэтак жа, як кроў шалёных флагелянтаў, што цэлымі карагодамі хадзілі ды сцябалі сябе на плошчах у імя Госпада. Вось нейкая кабета ўжо і хустачку ў тае крыві намачыла.
Пан Гервасій Агалінскі відочна не бачыў нічога асаблівага ў тым, што адбываецца — не на палю ж хлопа пасадзілі, не за рабро на крук павесілі. Панна Багінская таксама не пераймалася, сядзела на лаўцы ды шаптала сабе пацеры пад нос з самым пабожным выглядам, хіба што час ад часу трохі грэбліва касавурылася на ўкленчыўшага Лёдніка. Ці мала па ейным загадзе пускалі бізунамі крыві нядбайным служкам.
І Пранціш выразна разумеў, што і ягонае жыццё, і Лёдніка для тых, хто з маленства еў на золаце і выціраў ногі аб спіны бліжніх, значаць не болей, чым звычайныя прадметы побыту. Пакуль патрэбныя — добра, паломяцца — новыя набудзем. Доктар можа колькі заўгодна ратаваць, захінаць, падтрымліваць, расплочвацца ўласнай крывёй — у гэтым ягонай заслугі будзе не больш, чым у лыжкі, якая дапамагае чакалядаваму крэму патрапіць у панскі раток. Цяпер Вырвічу больш не здаваўся бязглуздым стары закон, які дазваляў пану грэць ногі ў разрэзаным чэраве слугі, калі азябнуць падчас палявання.
— Усе мы, як святы Тамаш, сумняемся, не ўпускаем веру ў сваё сэрца, пакуль не пакратаем раны Хрыстовы. Таму трэба змагацца з уласным нявер’ем уласнымі ранамі! — загаварыў святар, напэўна, у звязку з тым, што адбывалася каля рэлікварыя святога Тамаша.
Хор быў вышэй ухвалаў, здавалася, гэта анёлы выпяваюць светлыя словы ў славу Гасподню. Але служба зацягвалася. Ясна, людзі не разыдуцца, пакуль не скончыцца відовішча. Струменьчык крыві па-вар’яцку павольна пацёк па ўзвышэнні, першая кропля сцякла цераз край, пад ногі прыхаджанам. Голас Лёдніка гучэў усё больш глуха, ён некалькі разоў матнуў галавой, відаць, каб стрэсці кроплі поту.
— Слухай, пан Вырвіч, а ён не памрэ? — устрывожыўся нарэшце пан Гервасій.
Ну як жа, занепакоіўся, дайшло, што без доктара сам нічога не здабудзе за морам. Пранціш нервова паціснуў плячыма. Раптам высакародная панна Багінская, гожанькі такі, наіўны хлапчыска, падскочыла да ўзвышэння, выхапіла насоўку і хуценька абцерла віленскаму прафесару твар. Нейкая кабета тут жа вытлумачыла дзеянні хлапчыскі практычна: пот хрысціяніна, што адбывае пакуту святога Тамаша, лекавы шчэ болей, чым кроў, і ад чумы дакладна засцеражэ, і палезла была са сваёй хусткай да прафесара — але спалохалася ягонага пагрознага погляду, зажагналася і задаволілася тым, што вымачыла анучу ў крыві, якой было даволі.