— Я і думаю, — глуха прамовіў Лёднік, зрабіўшы крок да дзвярэй. — Вам усім лепей быць ад мяне падалей.
— Я нікуды цябе не пушчу! Зараз жа — на коней і прэч з клятага горада! — Пранціш паспрабаваў схапіць Лёдніка за рукаў, але пад позіркам настаўніка не мог зрабіць і кроку.
Паветра нібыта згусла, сцінула горла. Здаецца, гэта адчуў не толькі адзін студыёзус, таму што панна Паланэя зноў завішчэла.
Цяпер Вырвіч ясна бачыў страшнае падабенства позіркаў Лёдніка і прыёра манастыра святога Тамаша.
— Бывайце.
Лёднік рэзка развярнуўся і выйшаў. Адразу аднавілася вольнасць рухаў. Але настрой быў самы адчайны.
Яны сядзелі за сталом, пілі гарбату з малаком па мясцовым звычаі, і здавалася, нават гадзіннік на сцяне не цікае, а ўскрыквае.
— Я так і ведаў, што ён — чараўнік! І як мы цяпер без доктара знойдзем пячору, панства? — паныла пытаўся пан Гервасій.
— Што ж, я буду за яго! — уздыхнуў Пранціш. — Усе разлікі ён пакінуў, збольшага я ў ягоныя даследванні пасвечаны.
— Калі вы дапаможаце ў росшуках, вы атрымаеце вялікую ўзнагароду, пан Вырвіч! — адразу падтрымала гераічны парыў студыёзуса панна Багінская. — Вас чакае бліскучая будучыня!
— На вастрыі шаблі Германа Ватмана, ваша мосць? — з’едліва спытаў Пранціш.
Панна Багінская пачырванела і пачала ў нечым запэўніваць, але Пранціш не слухаў.
— Пан Караль Радзівіл зробіць вас мечнікам! — са свайго боку дадаў пан Гервасій. — І вы, пан Бжастоўскі, калі дапаможаце, таксама трапіце ў лік альбанчыкаў! З вас вырасце сапраўдны мужчына!
Паланэя, нягледзячы на трагічнасць становішча, не папусціла панасмешнічаць.
— Такі ж мужчына, як вы, пан Гервасій?
— Анягож! Я сам займуся вашым выхаваннем, вашамосць!
Цяпер ужо і Пранціш ледзь не зарагатаў.
— Не ведаю, якія вашыя далейшыя планы, літасцівыя панове, і ведаць не хачу, але найлепей вы зробіце сабе і мне, калі на золку адсюль з’едзеце, — нервова прамовіў пан Вайда, які сядзеў, счапіўшы рукі і не кранаючы свой кубак. — Не тое, каб я вас выганяў, але… Я люблю ціхае жыццё. Звык, ведаеце, да свайго маленькага шчасця. Я сказаў вам, што мы баяліся ў часы навучання пана Габрыелюса Правітуса. Але аднойчы мы пачалі гэтак жа пабойвацца свайго аднакурсніка Баўтрамея Лёдніка. І я вельмі паважаў яго за тое, што ён змог парваць з панам Правітусам і тымі, хто за ім стаіць. Бо лічылася, што ад іх сысці немагчыма. Але так і ёсць, відаць…
У дарогу выправіліся, як раіў тамашоўскі доктар, на золку, яшчэ ў цемры і цішы. Але варта было выехаць за вароты дома — іх перапынілі. Усё адбылося хутка, спрактыкавана… І Пранціш зразумеў, што з гораду яны не выедуць ніколі — проста знікнуць, і Лёднік, магчыма, ніколі не даведаецца пра іхні лёс. Дый ці стане даведвацца?
На развітанне Пранціш схітрыўся ўсунуць пану Вайду, які выйшаў іх праводзіць і стаяў пераляканы, як верабей пад лапай коткі, аркушык паперы, пакінуты Лёднікам. Аркушык з накрэсленым імем «Аляксандр».
— Перадайце Бутрыму… Раскажыце пра нас…
Пан Вайда не дужа ахвотна ўзяў пасланне. І Пранціш не быў упэўнены, што тамашоўскі доктар наважыцца рызыкнуць сваім спакоем дзеля чужынцаў.
Але гэта была адзіная надзея.
Таму што ў сутарэннях, у якія іх прывялі, для надзеі месца не прадугледжвалася. Цёмна — як у труне. Смурод, холад, вільгаць… Напэўна, тут знік не адзін блюзнер ды праціўнік волі ўсемагутнага прыёра…
Дарэмна пан Агалінскі крычаў пра шляхецкія свае правы і патрабаваў трыбунальскага суда. У горадзе, які зачыніўся ад пошасці, законы не дзейнічалі. Вырвіч памятаў скупыя расповеды Лёдніка пра норавы падчас эпідэмій. Прыдуць да якога заможнага чалавека для агляду. Лекар непрыкметна натрэ яму руку ляпісам — і вось табе чорныя плямы, праява чумы… Небараку — у каранцін… А ягонае дабро рабуюць. І пашанцуе, калі ён сапраўды не захварэе альбо не атруцяць. А ў Лондане, па расповедах таго ж Лёдніка, падчас чумы лорд-мэр выдаваў загад аб «замыканні дамоў»: калі хто ў доме захварэе, на дзвярах малявалі пунсовы крыж і навешвалі замок. Ніхто не мог адсюль выйсці. Спецыяльна прыстаўляліся вартаўнікі — дзённы і начны, якія за гэтым сачылі. У доме маглі гарлаць, плакаць, маліць… Пакуль усе не сціхалі. А што чакае паненку Багінскую, калі выкрыюць яе маскарад? Вядома, пан Міхал Багінскі за сястру заступіцца, можа і войска сюды прыслаць — але скуль яму ведаць, куды падзелася ягоная няўрымслівая сястрыца? Усё спішуць на пошасць. Трупы чумныя ніхто не аглядае.
Адзінае добрае было ў цемры — яна вызваляла ад усіх умоўнасцяў. Пранціш прысеў бліжэй да панны і насмеліўся прыабняць яе. Не тыя абставіны, каб цырымоніцца. Паланэя перарывіста ўздыхнула і прыхінулася да беднага шляхціца з Падняводдзя.