Выбрать главу

Падобна, турэмшчыкі вырашылі патрымаць вязняў у няведанні і страху. Мінула двое сутак. Збан смярдзючай вады і кавалак цвілога хлеба — усё, на што расшчодрыліся слаўныя тамашоўцы для сваіх гасцей. Нават расповеды Амерыканца пра ўсялякія заакіянскія цуды не ратавалі ад жуды. Але праз двое сутак на адных вадзе ды хлебе сталася не да баек. Пан Гервасій дарэмна гарлаў у замкнёныя дзверы пагрозы і абразы.

Пранціш стараўся адагнаць думку, што іх тут проста забудуць. Целы з’ядуць пацукі… А Лёднік будзе заняты зусім іншым. Што ж, магчыма, ён атрымае свайго шчасця… Хаця хутчэй за ўсё зноў надыдзе момант горкага раскайвання, і доктар пачне чытаць канон святому Кіпрыяну. А пакуль гэты канон чытаў за яго Пранціш. Няўжо Гасподзь папусціць, каб Бутрым пасля ўсіх перанесеных для выратавання душы пакутаў зноў патрапіў у сеціва чарнакніжніцтва?

На трэція суткі — святы Франтасій ведае, дзень быў, ноч? — у калідоры пачуліся крокі. Праз маленькае закратаванае вакенца ў дзвярах паказаўся промень святла, сляпучы пасля суцэльнай цемры. Вязні ўскочылі, як маглі хутка. Вось забразгаў ключ у замку… Паланэя моцна ўхапіла Пранціша за руку, аж пазногцікі ўпіліся.

Дзверы расчыніліся. З паходняй стаяў змрочны Лёднік і раздражнёна пазіраў на былых таварышаў па падарожжы.

— Вас на хвілю пакінуць нельга! То цмока няшчаснага заб’юць, то пацукоў у біскупскіх сутарэннях ганяюць…

І кінуў на падлогу тры шаблі, Пранціш з радасцю пазнаў свой Гіпацэнтаўр.

— Бярыце — і бягом. Другі раз абдымацца са святым Тамашом я не буду.

Пранціш ад радасці ледзь не засмяяўся. Бутрым Лёднік, ягоны былы слуга, з’едлівы прафесар і самы мужны чалавек на свеце, настаўнік, куплены за шэлег, вярнуўся! Менавіта тым, якім ён так Пранцішу патрэбны!

Вартавыя моцна спалі, паклаўшы галовы на стол, дзе, падобна, толькі што гулялі ў косткі. Неадменна — справа Бутрыма.

Панна Паланэя не пасаромелася ўхапіць са стала кавалак булкі і на хаду ўчапілася ў яго зубамі.

На вуліцы была ноч. І коні. І воля. Якая зусім спраўдзілася, калі іх усё-ткі выпусцілі з горада — папера, падпісаная біскупам, таксама аказалася ў Бутрыма, якога ўсе ў горадзе, да таго ж, ведалі, як новага ўлюбёнца святога Тамаша і айца Габрыелюса, а такому грэх пярэчыць.

Яны гналі коней, забыўшыся на голад і стому. Спыніліся, толькі як зусім развіднела.

Калі ўсе спешыліся, Лёднік абвёў вачыма насцярожаныя твары спадарожнікаў.

— Што? Усё ў сіле! Еду туды, дзе зязюлі не куваюць, знаходжу пячору, у якой немаведама што, але дужа патрэбнае вялікім панам, падстаўляю спіну пад бізун пана Агалінскага… Жыццё нядоўгае, але насычанае. Што ў параўнанні з гэтым сто гадоў у раскошы, уладзе і цікавых доследах, якія мне абяцаў адзін дужа прагрэсіўны паляўнічы на ведзьмаў?

Знаёмая з’едлівая іронія.

— Бутрым! — Пранціш не вытрымаў, кінуўся да свайго прафесара, абняў, ажно ўсхліпнуў ад радасці.

— Дзякую вам, пан Лёднік! — з некаторай няёмкасцю прамовіла Паланэя. — Дарэчы, павінна сказаць, — у голасе панны Багінскай загучалі какетлівыя ноткі. — Пры двары вы б мелі вялікі поспех! У нас страшэнна любяць такіх вось містычных асобаў з незвычайнымі здольнасцямі… Калі яшчэ распусціць чуткі, што вы паходзіце ад ягіпецкіх жрацоў…

Лёднік толькі скрывіўся, як журавін жменю глынуўшы. А пан Гервасій Агалінскі гнеўна заявіў, што заўсёды ведаў, Лёднік — чарадзей і вораг манархіі.

Але, магчыма, ён ўсё-ткі дазволіць пану доктару выйсці супраць сябе на шляхецкі двубой.

Раздзел адзінаццаты

ЯК ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ З НЯПТУНАМ ЗНАЁМІЛІСЯ

Мора пахне не рыбай, не ёдам, не гнілымі водарасцямі і новымі манетамі, як сцвярджаюць купцы, якія прыязджаюць у вольнае партовае места.

Мора пахне невядомасцю. Ад якой салодка і трывожна шчыміць у грудзях, і апаноўвае туга па далёкіх краінах і жах перад халоднай зялёна-шэрай безданню, у якой жывуць сваім неверагодным жыццём гіганцкія пачвары, халодныя і склізкія.

Гэта ўлетку, калі аблокі падобныя да бяскрыўдных беленькіх авечачак, марская глыбіня сіняя, блакітная, празрыстая… А ў лістападзе, калі хмары нагадваюць прывідных цмокаў, і не кожны карабель наважыцца падставіць ветразі мокраму салёнаму ветру, смерць выглядае зялёна-шэрай, а часам яна і колеру атраманту…

Цяпер хвалі былі сталёвага, сярдзітага, адцення.

Гданьскія караблі з аголенымі мачтамі ціснуліся да прычалу, іх ветразі, здавалася, скурчыліся ад холаду, як пялёсткі, велізарны грузавы кран па мянушцы Журавель на ўзбярэжнай прастойваў без працы, нават чаіцы перасталі гарлаць… Мора білася аб камень, як угневанае сэрца.