За два тыдні, на якія іх прывязала да сушы непагадзь, рукі прафесарскія з дапамогай адмысловых мазяў сапраўды больш-менш загаіліся, пісаць ды рыхтаваць лекі доктар мог па-ранейшаму, а вось брацца за шаблю пакуль сабе не дазваляў. Добра, што знаёмства з мясцовымі калегамі адцягвала ўвагу ад выхавання няшчаснага студыёзуса Вырвіча. Да таго ж, прынеслі ліст ад Саламеі — панна Багінская расстаралася. Ліст кароценькі, жывая-здаровая, у бяспецы… Не лезь, Фаўст, у дрыгву, бессмяротную душу беражы…
Нарэшце флюгер у выглядзе залатога пеўня перастаў круціцца, як шалёны. Са шхуны «Святая Брыгіта» прыслалі вестку, што праз пару дзён можна будзе адплываць. Даўно спакаваныя куфры адправілі на карабель.
І тут да пана Палонія Бжастоўскага прыйшоў госць.
Вельмі ветлівы і палітычны, у парыку і камзоле са срэбнай парчы… Але ад шляхетнага госця чамусьці нават недасведчаная прыслуга рассыпалася ўбакі, як шкадлівыя дзеці ад сярдзітага гувернёра. Калі б волаты паўсталі з курганоў, магчыма, хтось з іх выглядаў бы менавіта так. Пан мог увайсці не ў кожныя дзверы, такі здаровы. Бровы і вейкі светлыя, як пушынкі дзьмухаўца, а вочы на спаласаваным шнарамі твары падманлівыя, то таксама светлыя, то бяздонна-цёмныя, з барвовым адценнем. Пан нават усміхаўся — і ад гэтай усмешкі хацелася намацаць шаблю, а яшчэ лепей — зараджаны пісталет.
— Рады бачыць вашую княскую мосць! — раскланяўся пан перад пераляканым панічам з Бжастоўскіх. — Таму што знікненне вашае нарабіла шмат гора і спалоху, і для несуцешнага жаніха, і асабліва для вашага яснавяльможнага пана брата. Доўгія дні пошукаў вашае княскае мосці былі горкімі, як палыновая гарэліца, і шчасліва завершыліся дзякуючы паведамленню ад гданьскага банкіра, чыймі паслугамі вы зрабілі ласку скарыстацца. Ваш пан брат неадкладна хоча вас бачыць у Слоніме, дзе адбудуцца заручыны вашай мосці з яснавяльможным панам падкаморыем Пацам. І ці не будзе ласкавая ваша мосць, найяснейшая панна, паведаміць, дзе падзеўся ягоная мосць пан Марцін Баршчэўскі, знаўца моў і слынны картограф, які мусіў быць у гэтай кампаніі заміж вашай яснавяльможнай асобы і ад чыйго імя да вашага брата адсылаліся лісты?
На апошнім сказе ў ветлівым голасе пана Германа Ватмана дадалося металу. Пранціш зірнуў на Амерыканца, які стаяў у баку і нічым не выдаў здзіўлення наконт таго, што ягоны спадарожнік выявіўся высакароднай паннай. Але калі Ватман выкрыў перад Агалінскім асобу Паланэйкі, значыць, цвёрда намерваецца яе звезці. Панна Багінская стала, як на каранацыі:
— Пан Марцін Баршчэўскі дужа хацеў паглядзець Гішпанію, і дзякуючы шчасліваму выпадку ягоная мара здзейснілася. А я падмяніла пана ў ягонай місіі. І пакуль не здзейсню падарожжа, вяртацца не збіраюся, вашамосць. А на заручыны я сваёй згоды не давала. У Статуце забаронена паненку насуперак волі замуж выдаваць. Так і перадайце майму пану брату.
Найміт удавана скрушна ўздыхнуў.
— Як вы засмуцілі мяне, ваша мосць. Бо маю даручэнне прывезці вас незалежна ад жадання панны, таму што воля вашага брата і жаніха маюць моц большую.
— Ягоная мосць Пац мне пакуль не жаніх! — адчайна выкрыкнула хрыплым ад застуды голасам Багінская. — Лепей у моры згінуць, чым з ім пашлюбавацца!
Пакой, дзе адбывалася размова, быў завешаны пастаральнымі пейзажыкамі: пастухі і пастушкі ў прыгожанькіх строях пасвілі авечачак, гайдаліся на арэлях, збіралі кветачкі… Так, што хацелася запусціць у іхні марцыпанавы свет натуральнага худога і злога ваўка… Ці хаця б з’едлівага прафесара Віленскай акадэміі. Лёднік змрочна маўчаў, матрыманіяльныя планы Багінскіх яго не хвалявалі, але відаць было, прыкідвае: звязуць дзеўку, яно прасцей далей будзе, але каго замест яе пашлюць? Ватман тут жа гэта паясніў:
— А я замест панны з’езджу ў Ангельшчыну, дапамагу сваім дарагім сябрам панам Вырвічу ды Лёдніку ў дарожных цяжкасцях.
Прафесар пазмрачнеў, але пярэчыць не стаў: вядома, спрактыкаваны забойца за спадарожніка — справа нярвовая, але лепей мець яго пры сабе, чым ён будзе круціцца дзесьці каля Саламеі.
— Панна Багінская сама павінна вырашаць, ехаць ёй ці заставацца! — усклікнуў Пранціш. — Ваша мосць не можа яе прымушаць.
— А я тут пры чым? — удавана здзіўлена прамовіў Ватман. — Панна незамужняя, таму яе апекун — ейны брат. Збірайцеся, ваша мосць! Карэта чакае.