Пранціш, памарудзіўшы, усё-ткі схаваў Гіпацэтаўра.
— Як ты думаеш, яны ажэняцца?
Вырвіч сам не пазнаваў свайго голасу. Усе гэтыя гады студыёзуса падштурхоўвала далёкая мара дабіцца княжны Багінскай, стаць з ёю ўпоравень… І вось — гэтую мару мімаходзь адабраў руды, але багаты і радавіты невук…
— Ты што, таксама будзеш змушаць мяне гараскоп складаць? — Лёднік паклаў руку Пранцысю на плячо. — Павер, хлопча, не зоры вырашаюць лёс чалавечы. Самы дасканалы гараскоп — усяго толькі варыянт падзей… А малітва мае моц нават зрушыць шляхі планетаў. Таму на тваё пытанне ў мяне адзін адказ — не ведаю.
Пранціш закрыў твар рукамі. У фантане цурчэла вада, і па звычаі, выпраўляючыся ў царства Няптуна, трэба было кінуць да ног мармуровага марского бога манетку… Але Лёднік заўсёды так сувора ставіўся да забабонаў, што Пранціш не наважыўся праявіць ганебную слабасць. Так і не кінуў.
Хмары плылі па небе Кароны з боку Літвы, як фрэгаты невядомай краіны.
А іхняя шхуна была самай звычайнай. Гандлёвым караблём пад назвай «Святая Брыгіта», чый трум быў забіты нецікавымі рэчамі кшталту ільняных сувояў і канопляў. Шлях чакаўся доўгі і небяспечны… Са спынамі ў розных портах. Пранціш нават на некаторы час забыўся на сваё прыніжэнне.
А вось у каюце настрой зноў падупаў. Усё-ткі Пранціш уяўляў нешта больш выгоднае… Адведзены ім на пару з Лёднікам катух быў больш падобны да каморы, спаць належала ў падвешаных на вяроўках гамаках з грубага радна, ды яшчэ смярдзіць усё гнілой рыбай! За тыя грошы, што Радзівілы адвалілі за месца на «Святой Брыгіце», на сушы можна было б зняць пакоі з суцэльнага золата. Праўда, калі Пранціш паглядзеў апартаменты Агалінскага і Паланэі, якія мелі кожны асобную каюту, ягонае раздражненне трошкі прыціхла. Бо пакоі важных паноў былі не лепшыя за іхні. А ўжо калі паказалі, як жывуць матросы… А што хацець, купецкі карабель — не палац, тут кожны вяршок павінен выкарыстоўвацца з карысцю. Чым болей тавару рассоўваць, пасажыраў пасяліць.
Лёднік нічым не выказаў незадаволенасці, выпіў нейкі зялёны напой з маленькай бутэлечкі — такіх у яго была з сабою цэлая валіза, прыладкаваўся ля круглага вакенца, каб чытаць, і ўсё — нават лекцый няма. А Пранціш быў страшэнна расчараваны. Колькі разоў ён уяўляў сабе сваё марское падарожжа — стаяць на палубе, дыхаць ветрам, назіраць, як велічна коцяцца хвалі… А тут асабліва па палубе не пройдзешся — вецер з ног збівае, мора шэрае, неба шэрае… Ад гайданкі нудзіць.
Але чалавек да ўсяго прывыкае. Хутка Пранціш аблазіў увесь карабель, куды яго толькі пускалі. Асабліва цікавіўся навігацыйнымі прыборамі — некаторыя з іх, між іншым, прыдумаў таямнічы доктар Дзі. І Амерыканец знайшоў сабе занятак — выявіў, што штурман ды двое матросаў пабывалі ў Амерыцы, адзін нават біўся з індыянамі… Начальства, вядома, скоса пазірала на тое, што чальцоў каманды адцягваюць ад службы, але пасажыры важныя, грошы заплацілі… А мараходы і радыя за байкамі час бавіць. Са штурманам, сівым падцягнутым немцам, у пана Агалінскага ўвогуле ледзь не сяброўства завязалася на тэме экзатычных прыгодаў.
Пранціш усё дзівіўся, якая цяжкая гэта праца — марская… Нават цяжэй, чым сялянская. Гэта яны, пасажыры, маглі гайдацца сабе ў ложках, а матросы цалюткі дзень нечым займаліся, часам зусім бязглуздым, кшталту надрайвання да бляску розных дэталяў. Ды яшчэ за найменшую правіну іх сцябалі няшчадна. Дзіва што на караблях звыклай справай былі бунты.
Панна Багінская носу з каюты амаль не паказвала, нават на вячэры афіцэраў і радавітых пасажыраў у кают-кампанію, дзе па традыцыі было больш раскошна. Лёднік папярэдзіў, што раз вырашыла надалей падарожнічаць у якасці пана Бжастоўскага, лепей, каб у каманды карабля не ўзнікала ніякіх падазрэнняў. Вядома, век Асветніцтва… Але забабоны наконт таго, што жанчына ў моры прыносіць няшчасце, жывучыя.
Шхуна рабіла дзесяць вузлоў у гадзіну, мора было восеньскае, суровае, і Пранціш заўважыў, што з Лёднікам нешта не тое. Прафесар і так не адрозніваўся румянкам, а тут зрабіўся не тое што белы, а проста зеленкаваты. У кают-кампанію не хадзіў. І, здаецца, увогуле нічога не еў, толькі спусташаў свае бутэлечкі — ажно вочы ўваліліся, так што ў цемры прафесара можна было цалкам прыняць за нейкую пазасветную істоту кшталту вупыра.
Бяда здарылася, калі Пранцысь неяк неасцярожна прабіраўся каля Лёдніка, які зноў палез у сваю валізу з лекамі, зачапіўся, паваліўся проста на валізу… Карацей, бутэлечкі пабіліся. Лёднік рэдка быў такі ўгневаны, добра што саслаб і не здолеў ухапіць шкадлівага студыёзуса за русявы чуб, і той удала ўцёк з каюты і прыбіўся да пана Гервасія, які спажываў разам са штурманам чарговую порцыю грогу — цёплага напою са шчодрым дадаткам рому. А калі Вырвіч вярнуўся, то Лёднік стаяў, укленчыўшы, у куце каюты, ухапіўшыся за рундук, і яго ванітавала… Паколькі страўнік прафесара даўно быў пусты, відовішча цяжкое.