Выбрать главу

— Бутрым, што з табой? Чым дапамагчы?

— Пайшоў прэч… — голас доктара быў такі слабы, што Пранціш перапалохаўся.

— Можа, карабельнага доктара паклікаць?

Хрыплыя гукі, якімі прафесар адрэагаваў на словы студыёзуса, павінны былі азначаць смех.

— Яшчэ шаптуху мне прывядзі… А дапамог ты, пабіўшы ўсю мікстуру.

— Ды што з табой? Атруціўся?

Вырвіч уклаў Лёдніка ў ложак. Але прафесар зараз жа звесіў галаву ўніз ад новага прыступу ванітаў.

— Ды што за пошасць?

— Не ўздумай… каму… расказваць!

Нарэшце ўдалося выпытаць, што ў прафесара проста марская хвароба. У цяжкой форме. Лёдніку даводзілася ўжо ў сваім жыцці плаваць, і кожны раз здаралася такая мітрэнга. А паколькі прафесар страшэнна саромеўся праявы любой слабасці, пра гэтую таксама маўчаў. Нарыхтаваў у дарогу лекаў, якія, па-праўдзе, не дужа дапамагалі. А цяпер — увогуле кепска.

— Перажыву! — шыпеў скрозь зубы Лёднік, якога, падобна, больш непакоіла, каб хто не даведаўся пра ягоную «загану», чым уласныя пакуты.

Але Пранціш быў устрывожаны. Калі гэты стан надоўга — а плысці ж яшчэ і плысці — скончыцца кепска. Прафесар нічога не есць, не п’е, напэўна, і не спіць. І калі ён, адзін з лепшых лекараў Еўропы, не можа сам сабе дапамагчы…

Паколькі раіцца з пазелянелым Лёднікам было бескарысна, Пранціш кінуўся да супольных. Лёднік дарэмна пераймаўся, што над ім стануць пасміхацца — першыя дні падарожжа кепскавата было ўсім, пасля звыклі, нават панна Багінская. А страціць прафесара пасярод мора гэткім дурным чынам не хацелася нікому. Панна Багінская зноў завяла гаворку пра магнетызм, якім валодае доктар — няхай ашчадзіць магіі на ўласны ратунак! Агалінскі пабег раіцца са знаёмцамі з каманды… І праз гадзіну заваліўся ў каюту да доктара, трымаючы пад пахай вялізную бутэльку з мутным змесцівам.

У Лёдніка нават сіл не было госця пагнаць.

— Пі, чараўнік! Горш не стане! Маракі падказалі — ром з перцам ды яшчэ нейкай трасцай….

Лёднік паспрабаваў адбівацца, але, відаць, яму было ўжо ўсё адно, што сяло, што выселкі.

Прагрэсіўная медыцына захінула посны свой твар трактатам пра будову вестыбулярнага апарату і ганарыста выйшла з пакою…

Праз пару гадзінаў Лёднік і пан Гервасій сядзелі за каржакаватым столікам, трывала прымацаваным да падлогі каюты, і распявалі песню пра Лявутаньку:

Рыцар каня паіў, Лявутэнька ваду брала І з рыцэрам размаўляла: — Ай, рыцэру, рыцэру, Прашу цябе на вячэру…

Далей у песні расказвалася, як рыцар павінен быў пераплысці ўночы рэчку быстраньку на святло трох свечак, запаленых Лявутанькай, але

Каралёва ключніца, усяму свету разбойніца, Каля рэчкі хадзіла, хустачкай махнула, Усе свечачкі пагасіла і рыцэра ўтапіла.

А калі Лявутанька даведалася, што каханы загінуў, памерла з гора… І выраслі на магілах закаханых явар і бярозанька, злучыліся вершалінамі…

Мутнай вадкасці ў бутэльцы засталося на самым дне. На кавалку шынкі, які чырванеў на жалезнай талерцы, бачыліся сляды доктарскіх зубоў (пра дыету пасля хваробы прафесар, падобна, і не ўспомніў).

— З чаго вынікае, — ментарскім голасам прагаварыў Лёднік, спатыкаючыся на асобных літарах, — што ў дадзенай народнай баладзе прасочваюцца матывы антычнага міфу пра Леандра і Гера…

— Адкуль, вашамосць, мужыкам ведаць антычныя міфы! — спатыклівым языком запярэчыў пан Гервасій. — У мужыка, васпане, мазгі іначай зладжаныя. Там высокія матэрыі не змяшчаюцца…

— Антычныя міфы складзеныя антычнымі мужыкамі, васпан! — важна падняўшы ўгару палец, прамовіў Лёднік. — Паэзія нараджаецца пад стрэхамі, у полі… А ў палацы адны саладзенькія селадоны ды галатэі.

Пан Гервасій злосна прыжмурыў памутнелыя светлыя вочы.

— Я ведаю, якая паэзія табе даспадобы, Баўтрамей.

Ударыў па стале кулаком… Яшчэ раз… яшчэ… І пад пагрозны рытм ціха заспяваў:

Далёка слыхаці такую навіну: Забілі Пятруся, забілі ў Жыліну. А за што забілі, за якую навіну? Што сваю мае, чужую кахае. Чтэры служачкі да Пятруся слала, А за пятым разам сама паехала. «Пакінь, Пятрусю, у поле араці, Няма пана дома, будзем начаваці…»