Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б шторм не суняўся. Магчыма, апынуліся б пасажыры «Святой Брыгіты» за бортам… Але Гасподзь прыслухаўся да малітваў, і шхуну перастала кідаць, як трэсачку. Назаўтра мора было звычайным — не прыветным, але ўсё-ткі больш падобным да ўзаранага поля, чым да горных хрыбтоў. Спаміж хмараў нават там-сям праглядалі сінія лапікі.
Лёднік сядзеў за сталом каюты, зноў уткнуўшыся ілбом у счэпленыя рукі, ці маліўся, ці проста думаў пра штосьці цяжкое. У пакой заваліўся пан Гервасій з абвязанай галавой. Ад пана заўважна несла ромам, і пагойдваўся ён не толькі воляю мора.
— Паненка наша пералякалася. Зноў цябе, доктар, кліча — ці галава ў яе баліць, ці жывот, ці нервы трапечуцца. І чаго да цябе бабы ліпнуць, як мухі на мёд? Гэй, а што з табой, Бутрым? Пагана? У мяне аквавіта ёсць, прынесці?
Прафесар стамлёна прагаварыў, не зварухнуўшыся:
— Мне надакучыла гуляць у чужыя гульні. Чуеце, вашамосць, крыкі? Гэта лупяць матросаў, для якіх я выяўляў прарока Майсея перад Чэрмным морам.
— Ну і правільна лупяць, — здзіўлена адказаў Амерыканец. — Заслужылі! Калі быдла гэтае не драць, яны наступны раз і гаспадароў патопяць, і сябе са страху. Жаўнер павінен гневу свайго камандзіра баяцца болей, чым ворагаў!
— Чалавек, які баіцца — вартае жалю стварэнне, вашамосць. Баяцца трэба толькі Госпада, а не другога чалавека.
— І ты мяне не баішся? — насмешна папытаўся пан Гервасій. — Я ж — смерць твая.
Лёднік падняў галаву і цвёрда вымавіў:
— Жыццё маё і смерць у волі Госпада, вашамосць, а не ў вашай.
Пан Гервасій, аднак, не пачаў задзірацца. Прыслухаўся да крыкаў болю, што даляталі з палубы.
— Эк гарлаюць… Глядзі, доктар, будзеш з маёй нявестай вольна абыходзіцца — таксама так загарлаеш.
Лёднік холадна зірнуў на пана.
— Папярэджванне залішняе. Я жанаты чалавек, хрысціянін, даваў клятву Гіпакрата і да таго ж дзяўчаткамі такога тыпу не цікаўлюся. А найперш наведаю больш сур’ёзных пацыентаў, дапамагу калегу. Пакалечаных сёння на судне хапае.
Пранціш фыркнуў:
— Толькі як ты па караблі хадзіць будзеш? — і патлумачыў пану Гервасію: — Ад яго цяпер адны разбягаюцца і пальцы скрыжоўваюць, як ад нячыстай сілы, а другія спрабуюць рукі цалаваць. Думаюць — святы. Каб яшчэ між сабою прыхільнікі тае і другой версіі не пабіліся.
— Бедлам! — прашыпеў доктар, рэзка ўзняўся і пачаў пакаваць сваю доктарскую валізу.
Крыкі змоўклі. Пан Агалінскі пазяхнуў, асцярожна пакратаў прышытае вуха.
— Ну а мы, пан Вырвіч, давай у карты перакінемся, пакуль карабель не шпурляе.
Плысці заставалася яшчэ тыдзень — калі Няптун не раззлуецца. Помслівы марскі бог, напэўна, не забыўся, што пан Пранціш Вырвіч так і не кінуў манеткі ў фантан у Гданьску.
Раздзел дванадцаты
ЛІЦВІНСКІЯ ГОСЦІ І АНГЕЛЬСКІЯ ЗЛОДЗЕІ
— Усяго пені! Гісторыя слаўнага разбойніка Джэка Шэпарда, які шэсць разоў збягаў з Ньюгейцкай турмы! З партрэтам і вытанчанымі малюнкамі! Усяго адзін пені!
Мурзаты хлопец у капелюху з абвіслымі брыламі, насунутым па самыя вушы, бег за экіпажам, размахваючы стосам паперы. Трохі адстаў — і вось ужо і знік у густым вільготным тумане. Пранціш у чарговы раз высунуўся з вакна карэты: туман, макрыня, цёмныя сцены, пах дыму і згорклага сала… І гэта Лондан?
А ён ужо нафантазіраваў сабе нешта велічнае!
Калі яны пабачылі з карабля белыя крэйдавыя скалы, на якіх стаіць знакаміты Дуўрскі замак, падалося, зараз патрапяць у краіну цудаў… Цуды пачаліся, калі ў гатэлі выявіўся ватэрклазет — прыбіральня, у якой усе чалавечыя адкіды адразу змываюцца вадой. Прыслугу не здзівіла, што Лёднік адразу, з парогу, запатрабаваў гарачую ванну — нібыта звычайная справа. Калі ласка, панства! І ванна ў іх была чыгунная, на ільвіных бронзавых лапах, а не балея. А нейкія не самыя заможныя людзі, усе ў капелюшах, сядзелі ў кавярні на першым паверсе гатэлю і чыталі газеты… І каву пілі з парцалянавых кубкаў з сінімі малюнкамі! Лёднік патлумачыў, што тут навучыліся рабіць парцалянавы посуд на фабрыках, дзе малюнак наносіць машына. Таму ён і не дарагі, нават бядняк можа купіць.