Затое жабракі і дзеці галаты на вуліцах былі такія ж брудныя, як і на кантыненце.
Лёднік, які адзіны з кампаніі больш-менш валодаў ангельскай мовай, яшчэ і папярэдзіў: ні з кім знаёмстваў не заводзіць, нічога без рады з ім, Лёднікам, не купляць, рэчы без прыгляду не пакідаць. А то ўсучаць якую цудадзейную «Залатую эсэнцыю» альбо «Дух жэмчуга», а яму пасля лячыць дурняў ад атручвання. І галоўнае, не ўздумайце набываць у разносчыкаў за паўтары пені белы мутны напой пад назвай салуп! Там усё роўна ні кроплі алкаголю: салодкая трава сасафрас, малако ды цукар, а вось зарабіць разлад страўніка можна.
Але ў Дуўры ўсё здавалася добрым хаця б таму, што скончылася цяжкое падарожжа праз мора. І хаця зямля яшчэ суткі пад нагамі пагойдвалася, гэта ўсё ж была зямля… Няхай і чужая-далёкая.
Лондан сустрэў туманам, смуродам і шумам. Нават не разгледзіш нічога толкам, кожны завулак вядзе як бы ў пазасвецце.
Лёднік высунуўся з вакна экіпажу і перагаварыў з фурманам у дзіўным зялёным плашчы з каптуром.
— Зараз пад’едзем да самага прыстойнага гатэлю ў Кларкенуэле. Фурман яго горача рэкамендуе. Я пайду дагаворвацца з гаспадаром, а вы пільнуйце рэчы і адзін аднаго. Раён не самы спакойны… Але наша мэта менавіта тут.
— Бяры самыя лепшыя апартаменты! — важна заявіў пан Агалінскі.
— Як зажадаеце, ваша мосць, — з’едліва азваўся прафесар. — Грошы ўсё роўна вашыя, плаціць будзеце самі. У мяне і бітага талера не засталося.
Экіпаж спыніўся перад трохпавярховым акуратным будынкам, умураваным між суседніх, падобных да яго, як родныя браты, толькі што на гэтым, распанелым, браце красаваліся прыгожыя каваныя гаўбцы і бляшаная шыльда з назвай «Дуб і Крумкач». Прычым намаляваны крумкач з жалудом у крывой дзюбе больш нагадваў каршука. Дарэчы, гэта была яшчэ адна асаблівасць Лондану, якая ўразіла студыёзуса — акрамя варон, тут было поўна каршукоў, якія садзіліся на ліхтары і дахі, корпаліся ў смецці — зусім як звыклыя гарадскія вароны.
Вырвіч, вядома, не паслухаўся загаду былога слугі, выскачыў з экіпажа ўслед за Лёднікам і пачаў з цікаўнасцю аглядацца. Побач тут жа апынуліся панна Багінская і яе самазваны «жаніх». Пранціш ніяк не мог уцяміць, што насамрэч мае пан Гервасій да сваёй «нявесты»… Студыёзус вунь колькі галантнасцяў на паненку траціў… Шматзначны позірк, паціснуць ручку, фрывольны намёк у размове… А пан Агалінскі, хоць прыгожых кабет нідзе не прапускае, за бок ушчыпне, у камору з гожанькай прыслугай не супраць зайсці, да Багінскай па-ранейшаму — як да пана Бжастоўскага. Трохі паблажлівая вясёлая размова… Падколваюць адно аднаго ці плёткі абмяркоўваюць. Можа, усё не так безнадзейна, і авантурная паненка з блакітнымі вачыма, троху кірпатым носікам і халодным сэрцам і пану абыякавая?
Між тым фурман нешта загергатаў, патрабавальна і злосна. Па зразумелым паўсюдна знаку — ангелец нібыта нешта расцёр між пальцамі — з’ясавалі: патрабуе заплаціць. Пан Агалінскі шырокім жэстам дастаў з пояса два дукаты і кінуў фурману. Той схапіў так прагна, што дурань зразумеў бы, наколькі пераплочана. Адразу ж наляцелі нейкія служкі і ўвобмірг згрузілі панскія куфры на брук, таксама запатрабаваўшы платы. Фурман крануў пальцамі брыль капелюша на знак ветлівага развітання і сцебануў коней. Падарожнікі засталіся каля гары рэчаў.
Раптам непадалёк пачуўся гнеўны жаночы крык. Пад вулічным ліхтаром дзве сімпатычныя кабеты зацята, са смакам сварыліся. Тут жа набегла разявакаў, якія пачалі іх пад’юджваць… І… што такое? У руках кожнай апынулася па нажы. Зусім не кішэнным… Сварка ператварылася ў смяротны двубой!
Пранціш схапіўся за шаблю — першы рух шляхціца пры найменшай небяспецы — і забыўся на ўсё на свеце ад захапляльнага відовішча. Кабеты пасярод кола назіральнікаў — Вырвіч, вядома, заняў самае зручнае месца — рухаліся як у танцы, як два спрактыкаваных воі. Скакалі адна на адну, спрытна ўхіляліся… Спадніцы яны падабралі, так што відовішча аголеных вышэй кален моцных ног змусіла пана Агалінскага забыцца на ўсё. Таму што і пан Агалінскі аціраўся тут, у першых шэрагах… І панна Паланэя, цікаўная, як малады верабейчык… Праўда, за натоўпам, які неміласэрна штурхаўся, ціснуўся, гарлаў, паляўнічыя за вогненным мячом адзін аднаго бачылі кепска.
Кабета, больш худая і ніжэйшая, з чорнымі валасамі, спрытна падставіла падножку суперніцы, і абедзве пакаціліся па зямлі. Натоўп рассунуўся, усе зацята крычалі «Гоў! Гоў!».
Чакай, а Лёднік жа казаў не адыходзіць ад рэчаў! Адзін куфэрак, між іншым, дукатамі радзівілаўскімі набіты… Пранціш азірнуўся, прыўзнімаючыся на дыбкі, каб за галовамі гледачоў пабачыць родныя куфры…