— Зараз у Лондане ёсць колькі вядомых асобаў з Польшы і Літвы, але ж ісці, прадстаўляцца, выкрывацца, тлумачыць, што мы тут робім… А я ў такім выглядзе…
— Выключана! — адрэзаў пан Агалінскі. — Лепей бы мяне паслухаліся… Ды я адзін прыступам той дом вазьму! Квакераў шабляй нашаткую, і сутарэнні нашыя…
— У тых сутарэннях можа нічога не быць, васпане, — напружана папярэдзіў Лёднік.
Пан Гервасій уважліва паглядзеў на прафесара:
— Я сваё слова стрымаю, не пераймайся. Твая справа — прывесці мяне ў пячору.
— Нас, пан Агалінскі, нас! — міла выскалілася Паланэйка.
Вытанчаная такая, міленькая… Але Вырвіч адчуваў, што ў барацьбе за мэту яна будзе, бадай што, больш небяспечнай за Амерыканца. Той з прыхаванай насмешкай пакланіўся:
— Вядома, дарагая мая нявеста, у нас жа ўсё павінна быць агульным!
Дзесьці зазванілі званы — і адразу ім азваліся іншыя… Лонданскія храмы напаўнялі горад велічнымі гукамі з усіх бакоў, здавалася, нават туман разамгліўся.
— Пойдзем да майго былога аднакурсніка Роджэра, — рашуча заявіў Лёднік. — Ён зрабіў добрую кар’еру, сярод кліентаў — спрэс герцагі… Зноў жа — у Каралеўскім навуковым таварыстве не апошні чалец. Тысяча фунтаў — грошы немалыя, але для яго магчымыя. Калісьці я дапамог яму на пачатку ягонай кар’еры, падкінуў пару ідэек… Тады Роджэр дэкляраваў, што век не забудзе маёй ласкі. Вось і паглядзім…
Яны ехалі ў нанятым фаэтоне, навес не ратаваў ад вільготных мізэрных кропляў, што наліпалі на твар, як павута.
Мурзаты хлопчык, які валок кошык з вуглем, заўважыў рудога вусатага замежніка, які агідна важна пазіраў па баках, седзячы ў экіпажы. Хлопчык з выклікам свіснуў і паказаў вусатаму джэнтльмену кулак, а калі той пагрозна выскаліўся і выкрыкнуў незразумелае «Засяку!», яшчэ і шпурнуў наўздагон кавалкам вугля.
— Калі я тут быў у маладосці, — спакойна адказаў Лёднік на лаянку пана Гервасія, абуранага нахабствам мясцовага простага люду, — на вуліцы ўвогуле нельга было паказацца ў прыдворным строі. Адразу закідвалі гразёй. Нават караля і каралеўскую сям’ю сустракалі абразамі. На статуі каралевы Ганны ля сабора святога Паўла вулічныя хлапчукі практыкаваліся ў шпурлянні камянёў. Не думаю, што з таго часу арыстакратаў тут палюбілі. Дарэчы, самая папулярная п’еса, якую разыгрываюць у хатніх тэатрах самі арыстакраты — гэта «Опера жабракоў». Граф’я ды бароны з задавальненнем пераапранаюцца ў лахманы, ужываюць грубыя словы і асвойваюць дрэнныя манеры. Парадокс, панове!
Вырвіч з аднаго боку быў зласліва ўсцешаны — а вось вам, магнацікі, не паўсюль перад вамі рассцілаюцца, з другога боку — ён жа сам шляхціц, няўжо тут нейкі насільшчык ці вугальшчык будзе з ім спрачацца, каму першаму ў дзверы прайсці?
Вучонага пана, да якога яны прыехалі, дакладна вулічныя хлапчукі маглі закідаць гразёй — за адны пярсцёнкі з дыяментамі. Дзіва што пан прымусіў іх чакаць у гасцёўні, прыбіраўся, відаць, у лепшае. Няўжо так хоча добра выглядаць перад калегам і сябрам маладосці?
Аднак на выцягнутым твары пана — маршчыністы лоб, доўгі крываваты нос, светлыя запалыя вочы — застыла толькі грэблівая насцярога. Значыць, прыбіраўся, каб важнасці сабе надаць, а госця прынізіць.
Шчырых абдоймаў з паляпваннем па спіне з былым аднакурснікам не здарылася. Затое містэр Роджэр гаварыў на добрай нямецкай — відаць, у Пражскім універсітэце звык з Лёднікам размаўляць менавіта на ёй.
— Добры дзень, гер Баўтрамеюс. З якой нагоды — лекцыі, кансультацыі, ці, можа, на сталую працу?
І па ўсім відаць, што пану менш за ўсё хацелася б, каб прыяцель тут затрымаўся.
Лёднік запэўніў, што тут праездам, суправаджае радавітага выхаванца, і завёў далікатную гаворку пра бядотнае становішча, у якое кампанія патрапіла, далей лагічна вынікала пазыка грошай… Але містэр Роджэр перапыніў госця, у ягоным тонкім голасе, як вада з-пад веснавога снегу, прабівалася шчырая нянавісць:
— І як ты, гер Баўтрамеюс, пасля сваёй публікацыі ў лейпцыгскім часопісе насмеліўся прыехаць у краіну, лепшых вучоных мужоў якой пасмеў абразіць, скалануць самыя асновы акадэмічнай навукі?
Ой-ёй! Замест дабразычлівай гутаркі патрапілі на дыспут. Вочы пана загарэліся, ён пачаў сыпаць навуковымі тэрмінамі… А ягонае абурэнне, як Пранціш зразумеў, паходзіла ад таго, што Лёднік апублікаваў пра нейкае сваё адкрыццё раней, чым да таго ж дадумаўся містэр Роджэр, а ён усё жыццё збіраўся да гэтага дадумацца, а Лёднік, шарлатан такі, мроі аднакурсніка парушыў… Ды яшчэ пакрытыкаваў такія-сякія навуковыя высновы лонданскага калегі.