— Мы адправілі ў рэдакцыю ліст пратэсту супраць вашых інсінуацый! Усе падпісаліся — нават расхвалены вамі Джон Хук!
Тут Лёднік не вытрымаў і даў волю сарказму, і даходліва патлумачыў пану, што той са сваёй закаснелай і зашоранай свядомасцю ніколі б не дайшоў да таго адкрыцця, і ўвогуле кансерватары, прадстаўніком якіх ёсць містэр Роджэр, толькі перашкаджаюць сапраўдным вучоным, якіх зараз у Англіі шмат, і да якіх містэру Роджэру — як да зоркі Венеры…
Раз’ятранага прафесара Віленскай акадэміі спадарожнікі ледзь не сілком выцягнулі з шыкоўнага дому аднакурсніка-кансерватара, чый бледны невыразны твар пад канец спрэчкі набыў вельмі выразны бурачны колер.
— А іншых сяброў, Бутрым, у цябе тут няма? — папытаўся раздражнёны Пранціш, размазваючы па твары лонданскі туман.
— З навуковых колаў — як бачыце, лепей ні да каго не совацца… — адказаў Лёднік, вывучаючы свае далоні са шнарамі. — А іншыя ўплывовыя знаёмцы ў мяне такога ж кшталту, як вядомы вам айцец Габрыелюс. Ім я і на вочы патрапляць не хачу.
Пан Палоній Бжастоўскі раптам зусім па-хлапечы зарагатаў.
— Доктар, у вас нейкі асаблівы талент — выклікаць да сябе палкія, але адмоўныя, пачуцці… Нават пан Гервасій вас забіць збіраецца. Напэўна, і ў пана Вырвіча не раз рукі часаліся прыкончыць свайго вучонага слугу?
Пранціш толькі злосна зіркнуў на паненку, бо яна была права: тры гады таму пана Вырвіча не раз аж калаціла ад нянавісці да дзёрзкага халопа — няхай не забіць, але збіць яго, зламаць дужа хацелася. Тады й падумаць не мог, што халоп будзе ў якасці прафесара адпраўляць былога гаспадара ў карцэр.
Пан Гервасій злосна падбіў нагой кавалак вугля, які валяўся на бруку і які, магчыма, нейкі галадранец шпурляў у залачоную карэту.
— Можа, наезд ўчыніць? Падпільнаваць багатага махляра-купчыну, ці ліхвяра… Адабраць грошы ў злодзея — урону шляхецкай годнасці няма!
— Займацца рабаўніцтвам не будзем! — цвёрда заявіў Лёднік. — На маёй душы і так грахоў хапае.
— А давай я ў гулецкі дом пайду! Дзе стаўкі павышэй… — энергічна прапанаваў Пранціш. — Я ж і ў косткі, і ў карты…
— Абдзяруць, як ліпку, — адрэзаў прафесар, — Пры ўсіх вашых талентах і шанцаванні, вашамосць, гэта на апошняй лаўцы аўдыторыі вы аднакурснікаў абыгрываеце, а супраць мясцовых шулераў не пацягнеце… А яшчэ можна і лязо ў бок атрымаць.
— Дзе ж, вашамосці, у такім разе, мы да пазаўтрашняй раніцы здабудзем тысячу фунтаў? — са слязьмі ў голасе папыталася Паланэя. — Ведаеце, панства, я вельмі хачу зноў пахадзіць у сукенцы! А для гэтага трэба ўдала завершыць падарожжа.
Побач прайшла гандлярка рыбай, распаўсюджваючы вакол характэрны пах. Сукенка са шчыльнай тканіны і сцёганая спадніца рабілі постаць бясформнай і як высечанай з каменю, на галаве, паўзверх каптура, кабета несла кошык з таварам, у зубах дымілася кароткая люлька. Падобна, гэтая баба з Білінсгейтскага рынку магла б пабарукацца нават з панам Гервасіем.
Гандлярка ацэньваючым позіркам слізганула па засмучоных панах, нешта праспявала грубым голасам — мяркуючы па тым, як тузануўся Лёднік, дужа непрыстойнае, і пайшла сабе далей, няўмольная і незразумелая, як сам гэты горад.
Такая ў ручку пана цалаваць не стане.
Лёднік уздыхнуў, паглядзеў у шэрае неба, якое пачынала цямнець.
— Заўтра штось прыдумаем. Клічце, пан Вырвіч, рамізніка, паехалі ў гатэль.
А тады пачаўся яшчэ адзін цуд — таму што з надыходам на горад цемры паўсюль, каля кожнага дзясятага дому, пачалі запальваць ліхтары. Цэлая армія ліхтаршчыкаў, у высокіх капелюшах, з доўгімі палкамі на плячы, спрытна сноўгала ад ліхтара да ліхтара… У асветленыя кругі выходзілі жанчыны ў модных капялюшыках, грэючы рукі ў футраных муфтачках, прыхіляліся да ліхтароў у галантных позах, прахаджваліся, вызіраючы кліентаў. А галоўнае — вітрыны! Зашклёныя, вялікія! Усе крамы ззялі, як вокны палацу падчас балю. Светла было, як днём. Вось бы так учыніць у Менску і Вільні!
Раздзел трынаццаты
ЛОНДАНСКІЯ КРУГІ
Злавіў ліцвін у лесе русалку, якая ўблыталася валасамі ў ягоную барану, дамоў, радасны, прывалок — а красуня гнілой рыбай смярдзіць, у валасах сараканожкі бегаюць, вішчыць, ажно галава баліць, ні да працы, ні да любошчаў… Памучыўся хлапец, памэнчыўся, дый завалок здабычу назад, у лес.
Чым бліжэй была таямніца доктара Дзі, тым трывожней рабілася Пранцішу, і ўсё часцей думалася — якога ражна ім той вогненны меч здаўся? Ці не давядзецца моцна расчаравацца? Нават жалезная чарапаха, узброеная гарматамі, якую калісьці зрабіў знаёмец Лёдніка Якуб Пфальцман для князя Гераніма Радзівіла, толькі случчанаў папалохала ды сцены пашчапала.