Выбрать главу

Калі яны вярнуліся ў гатэль, доктар, трохі адпачыўшы, узяўся за гімнастычныя практыкаванні, якія быў закінуў на караблі, калі зваліўся з марской хваробай. Потым рассунуў мэблю ў іх пакоі да сценаў, пазычыў у пана Бжастоўскага шаблю і ўчыніў пры святле свечак і каміну такі трэнінг па фехтаванні, што ў Пранціша і пана Агалінскага, якія мусілі ўдвох нападаць на доктара, кашулі сталі хоць выціскай. А Лёднік, арудуючы то адной шабляй, то двума адразу, усё быў сабой незадаволены. Хаця пан Агалінскі, у якога шабля чамусьці ўсё вылятала і вылятала з рукі, быў незадаволены яшчэ больш, калі не сказаць — раз’юшаны, і біўся наўсур’ёз. Потым Пранціш бачыў, як доктар пра нешта шэпчацца з гатэльшчыкам, суе яму грошы і цыдулку, а гатэльшчык з той цыдулкай некуды адсылае юнага служку.

А з кім доктар рыхтуецца схапіцца — так і не патлумачыў.

Нараніцу ўрок паўтарыўся, хоць і карацейшы. Доктар пабурчэў, што старэе, што кісці рук недастаткова гнуткія, і скача ўжо недастаткова хутка — ага, недастаткова, дваіх маладзейшых загнаў, як п’яны драгун коней, — і загадаў збірацца. Прычым склаў у доктарскую скураную валізу, якую тут набыў замест скрадзенай, бутэлечкі з лекамі, тканіну для перавязкі, маток шаўковых нітак з застрашліва вялікай крывой хірургічнай іголкай… Значыць, бойка будзе сур’ёзнай. Нездарма паспрабаваў пакінуць у гатэлі паненку Багінскую. Але Паланэйка на ўгаворы і застрашванні толькі злосна прагаварыла: «Камандваць будзеш дома жонкай, доктар».

Лёднік намёк пра зняволенне Саламеі зразумеў, сціснуў зубы і адвярнуўся.

Пан Гервасій радасна заўважыў, што даўно трэба было здабыць жаданае сумленнай шабляй, а не разводзіць марцыпаны… Але паехалі яны не ў бок абацтва тампліераў, а бліжэй да ракі. Лёднік адпусціў фурмана ў самым падазроным месцы, дзе чарнелі пачварныя збудаванні партавых складоў і швэндалася мноства самага злавеснага люду. Каля вузкага праходу між двума складамі, які пакідаў адчуванне пасткі і дзе знікалі мінакі — і чыста злодзейскага выгляду, і джэнтльмэны з карункавымі манжэтамі, — стаяў, прываліўшыся да сцяны, грамідла ў скураной камізэльцы, скрыжаваўшы на грудзях рукі, якімі, напэўна, можна было выціскаць з камянёў ваду. Доктар з грамідлам пашаптаўся, сунуў манету… Той кіўнуў: праходзьце, маўляў.

І яны прайшлі.

Напачатку ўразіў шум. Людзі ў вялікім пустым памяшканні штурхаліся, крычалі… Пры сцяне мелася спецыяльная ложа, як у тэатры, там збіралася радавітая публіка. Прысутнічалі нават дамы ў вялізных капелюшах з упрыгожваннямі ў выглядзе маленькіх караблёў ды птушак, твары некаторых прыкрывалі маскі і вэлюмы. Дамы адчайна махалі веерамі, дэманструючы хваляванне тонкіх сваіх натур. Праз шэрагі вокнаў з запыленымі шыбамі праходзіла дастаткова святла, каб разгледзець да драбніцаў усё, што адбываецца на вольнай пляцоўцы пасярэдзіне залы, вакол якой кругам тоўпіліся гледачы. Зараз на ёй біліся два пеўні.

— Ты куды нас прывёў? — крыкнуў Лёдніку на вуха, перакрываючы тлум, пан Гервасій. — Мы што, на пеўняў зараз будзем ставіць?

— Гэта месца з самымі высокімі стаўкамі ў Лондане, — адказаў доктар. — Цяпер — толькі пачатак. Пасля будзе бойка на кулаках, а на завяршэнне — з халоднай зброяй.

Між тым чорны певень канчаткова задзёўб белага, і людское кола як па камандзе хуценька расступілася ўбакі, вызваляючы шырэйшы пляц. У руках забразгалі манеты, замільгалі папяровыя грошы, і пад ухвальныя выкрыкі на пляцоўку, закрапаную пеўневай крывёю, выйшлі два паўаголеныя байцы з кулакамі, абматанымі рамянямі.

Людзі зараўлі.

— Што яны ўсе выкрыкваюць? — папыталася панна Багінская. — Калі жанчыны біліся ля гатэлю, крычалі тое самае.

— Улюбёная фраза лонданцаў: «У круг!». Гэта значыць, будзе бойка, — спакойна адказаў доктар.

— Бутрым, ты што, збіраешся тут біцца на шаблях? У гэтай разбойніцкай ламарні? — з жахам здагадаўся Пранціш. — Ты ж прафесар! Вучоны!

— Ну вось, калі што, сам сябе і вылечу. Дарэчы, трымай лекі… Маеш шанец на медычную практыку.

Пранціш з самымі кепскімі прадчуваннямі прыняў цяжкую валізку.

Панна Багінская стаяла, грэбліва скрывіўшы тварык, і яе ніяк не цікавіла, якім чынам у сто першы раз зламае рабому боўдзілу нос другі боўдзіла, валасаты, як малпа.

— Вось скажыце, доктар, чаму вы заўсёды выбіраеце самы няўдзячны і стратны для ўласнага здароўя шлях? — з агідай папыталася панна. — Хіба цяжэй было прапанаваць якой герцагіні павялічыць яе дыяменты, вылечыць ад прышчоў альбо скласці парфуму, каб любы мужчына ад паху траціў галаву? Далібог, я б сама за такое не пашкадавала тысячу талераў!