— Заставалася за адзін дзень знайсці даверлівую герцагіню з лабараторыяй, павялічыць дыямент, скласці парфуму, вылечыць прышчы, а напачатку яшчэ ператварыцца ў шалбера, — прабурчэў доктар.
Людзі зараўлі, валасаты бамбіза, які перамог рабога, трос рукой з заціснутым у іх стосам папяровых грошай.
— І колькі ён атрымаў? — пацікавіўся Амерыканец.
— Фунтаў дваццаць, — мяркуючы па выразе твару, і Лёдніку не надта былі цікавыя кулачныя разборкі.
— Да тысячы далёка, — насмешна прамовіў пан Гервасій.
— Плацяць пераможцу кожнай бітвы, таму чым болей выйграеш боек — тым болей атрымаеш. І з кожнай бойкай прыз расце. Апошні з кулачных байцоў, які пераможа ўсіх, атрымае не менш за трыста фунтаў. А самыя вялікія грошы выплочваюцца падчас збройных паядынкаў.
— Але ж няма ніякай пэўнасці, што набярэцца менавіта тысяча! — абурыўся Пранціш.
— Значыць, трэба біцца, пакуль не набярэцца, — скрозь зубы прамовіў Лёднік і ўтаропіўся на пляц.
— У круг! У круг! — загарлалі гледачы.
Высокі нязграбны дзядзька з лысым шышкаватым чэрапам стукаў сябе ў грудзі кулаком і нешта выкрыкваў, відаць, не знаходзячы суперніка. Раптам у кола выйшаў малады плячысты джэнтльмэн, які на хаду здымаў дарагі камзол.
— Гэта хто? — уразіўся пан Агалінскі.
— Мяркуючы па выкрыках, лорд Кавендзіш, — здзівіўся і Пранціш. — Няўжо сапраўдны лорд?
— А чаму і не? Арыстакраты таксама тут бяруць удзел, — няўважна азваўся Лёднік. — Чаго не зробіш ад нуды! А паназіраць нават герцагіні ездзяць.
— А ён вельмі прывабны! — вызіраючы з-за чужых плеч, ацаніла Паланэйка бялявага, добра складзенага лорда.
Той апраўдаў яе захапленне, калі ўклаў лысага на дзясятым удары. Пераможанага хуценька адвалаклі за ногі з пляцоўкі.
— Сто пяцьдзесят фунтаў таму, хто адолее лорда Кавендзіша! — пракрычаў кіраўнік жорсткіх забаў.
І тут здарылася нечаканае: пан Гервасій, які са з’яўленнем лорда пачаў праяўляць да бойкі непадробны інтарэс, з крыкам ірвануў наперад.
— Я, шляхціц, ліцвін Гервасій Агалінскі прымаю выклік ягонай мосці пана Кавендзіша!
Лёднік, Пранціш і Багінская праштурхаліся ўслед за Амерыканцам. А той ужо на прагных вачах натоўпу скідваў камзол, кашулю, парык і выскаляўся ў прадчуванні бойкі. Баўтрамей схапіў пана за плячо.
— Што вы творыце, вашамосць! Вы хоць ведаеце правілы гэтай гульні?
— Го, мяне ў нашым палку яшчэ ніхто не мог здужаць! Морду наб’ю ангельцу на раз! — пан Гервасій нахабна глядзеў у вочы высокаму бяляваму лорду, які механічна падскокваў на месцы, чакаючы суперніка.
— Пачакайце ж! — з прыкрасцю сказаў доктар, нешта пракрычаў, яму кінулі дзве скураныя палоскі, перамазаныя крывёй, і свежай, і засохлай. — Запамінайце… — Лёднік з дапамогай Пранціша пачаў абкручваць кулакі пана Гервасія пасамі, тлумачыць спехам правілы і даваць парады.
— Гоу! — гэтае слова Пранціш вывучыў добра.
Сотні вачэй зноў гарэлі грэшнай прагай чужых пакутаў і смерці. Да гэтага дадавалася магчымасць дармовых грошай, азарт, п’янкі, як мёд баторын. Нават панна Багінская кусала вусны ад нецярпення.
Лорда, аднак, на раз заваліць не ўдалося. Пан Гервасій выглядаў не горш за яго: плечы шырокія, адважны, хуткі, але лорд рухаўся больш дакладна. Агалінскі шалеў, ятрыўся, лупіў у вясёлым азарце, а ангелец пралічваў свае рухі з халоднай жорсткасцю, біў моўчкі, удары прымаў без лаянкі.
— Дурань, куды кідаецца! — каментаваў скрозь зубы дзеянні Амерыканца Лёднік. — Прапусціў у галаву — каб мазгі меў, дык без іх застаўся б.
Пранціш таксама нерваваўся: яму і самому хацелася б вось так, па-мужчынску… Каб захапляліся, каб панна Паланэя кусала ад хвалявання вусны… Эх, быць бы такім жа плячыстым, як пан Гервасій! Ці хоць высокім, як Лёднік. Затое ў спрытнасці студыёзусу роўных няма. Вось у гэты момант бойкі ён на месцы Амерыканца прысеў бы ды збоку…
Лёднік тузануў вучня за рукаў.
— Не ўздумай і ты нешта ўчыніць! Бачу, загарэўся… Толькі рыпніся — уласнаручна па галаве дам.
— Оў! — зараўлі вакол.
Альбанчык патрапіў такі кулаком з усяе моцы ў сківіцу лорду. Лорд бразнуўся на падлогу, як ссечанае дрэва.
Сто пяцьдзесят фунтаў, перададзеныя ад пераможцы Пранцішу, студыёзус, навучаны горкім досведам, схаваў за пазухай, пад кашулю. Пан Гервасій з тварам, перамазаным чырвонай юхай, хадзіў па коле, шырока ўсміхаючыся разбітымі вуснамі, біў сябе ў грудзі, парослыя рудой поўсцю, і крычаў:
— Агалінскія не здаюцца! У славу пана Караля Радзівіла любога паб’ю!