Нехта сунуў замежнаму байцу бутэльку, як відаць, не з гарбатай, пан Агалінскі прагна прысмактаўся і зусім павесялеў.
— Давайце! Ну, гоў-гоў па вашаму. Хто наступны?
Лепей бы ён гэтага не зведаў. За прыз наступнага боя выйшаў змагацца сапраўдны Галіяф. Не меншы за Ватмана. Ягоная фізіяномія здавалася сабранай з кавалачкаў, лобныя косткі выступалі наперад, як у малпы, ніжняя сківіца была падобнай да кавадла. Маленькія вочы Галіяфа глядзелі невыразна, без злосці, без цікавасці.
— Ну, давай, малпа лонданская! — пан Гервасій з налёту ўрэзаў Галіяфу ў сківіцу-кавадла.
А той як не заўважыў. Нават галавой не паматаў. Панна Агалінская завішчэла, калі волат раптам выкінуў наперад сваю даўжэзную руку і, здаецца, лёгенька стукнуў пана Гервасія ў плячо, а той і пакаціўся…
Цяпер Пранцішу ўжо не хацелася самому быць у коле. Змаганне выглядала безнадзейным. Агалінскі кідаўся, лупіў — Галіяф ягоных удараў не заўважаў. Затое пан Гервасій раз за разам валіўся з ног, відаць, успамінаючы свой двубой з полацкім бычком у двары карчмы.
— Заб’ю! — хрыпеў Амерыканец, калі яго за ногі адцягвалі з пляцоўкі.
— Нічога, паўтары сотні фунтаў — добры ўнёсак, — суцяшаў Лёднік. — А гэты доўбня — падобна, тутэйшы чэмпіён, заўсёды перамагае.
— Вашамосць вельмі мужна трымаліся, — запэўніла Амерыканца Багінская.
— А замуж за мяне пойдзеш? — весела прахрыпеў Агалінскі, гледзячы на «нявесту» адзіным не запухлым вокам. — Я за жонку сваю яшчэ не так буду біцца!
У Пранціша ажно сэрца спынілася. Але Паланэйка толькі какетліва засмяялася.
— Ах, пан Агалінскі, хіба да такіх размоваў цяпер…
Пакуль Лёднік абмацваў Амерыканца, ставячы дыягназ, пакуль прыкладаў мазі, Галіяф сапраўды ўклаў яшчэ аднаго суперніка, чырванатварага, падобнага да бочкі, і атрымаў яшчэ дзвесце фунтаў і званне галоўнага сённяшняга пераможцы. Прычым чырванатвараму пашанцавала куды меней, чым пану Агалінскаму: Лёднік, кінуўшы вокам на бязвольнае цела, запэўніў, што ў небаракі зламаная шыя. Наўрад выжыве.
Пасля невялікага перапынку затрубіла труба, зусім як пры пабудцы ў казармах. Людзі зноў ажывіліся, заварушыліся, зазвінелі манетамі.
— Ну, усё, мая чарга, — вельмі будзённа сказаў Лёднік і рушыў наперад.
Цяпер біліся майстры халоднай зброі.
Супернікі тут таксама распраналіся да пояса — каб не было спакусы паддзець пад кашулю які панцыр, што часам рабілі. А без кашулі прафесара Лёдніка можна было прыняць за разбойніка-катаржаніна — з ягоным наборам разнастайных шнараў і жылістым, падцягнутым целам. Прафесар звязаў цёмныя валасы ў хвост і застыў у расслабленай паставе, апусціўшы шаблю.
— Містэр Айсман! — аб’явіў кіраўнік.
Вырвіч, нягледзячы на нярвовасць, ледзь не засмяяўся ад такога псеўданіму: ён ужо ведаў, што айс — гэта па-ангельску «лёд». Вядома, прафесару Віленскай акадэміі без патрэбы, каб у Еўропе даведаліся пра ягоныя подзьвігі ў якасці вулічнага байца.
Першым супраць «містэра Айсмана» выйшаў таксама немалады ваяр са слядамі шматлікіх ран, узброены палашом. Ён біўся разважна, спрактыкавана… Але супраць Лёдніка доўга пратрымацца не мог. Некалькі хвіляў — і палаш на падлозе. Мала хто здолеў нават прасачыць імклівыя рухі «містэра Айсмана». Пераможаны паважліва пакланіўся, як стары ваяр старому ваяру, і нават пажадаў удачы. Першыя пяцьдзесят фунтаў адправіліся да студыёзуса за пазуху.
Публіка шалела ад узрушэння. Супраць Баўтрамея выходзілі старыя і маладыя, прафесійныя забойцы і арыстакраты. Біліся на шпагах, рапірах і мячах. Лёднік працаваў акуратна і хутка. Зброя суперніка на падлозе — грошы забраць — перадаць на захаванне Вырвічу.
Вочы ў людзей гарэлі, як у вурдалакаў. Ім хацелася яшчэ большага, яшчэ ярчэйшага, яшчэ страшнейшага… Паступова з агульных выкрыкаў склалася адно слова, якое крычалі і дамы ў капелюшах, седзячы ў ложы, і разносчыкі газет, рамізнікі і докеры ўнізе: «Bloode! Bloode!». Што азначала «Крыві!». Вырвіч зразумеў, што гледачы незадаволеныя тым, што Лёднік нікога сур’ёзна не параніў і не забіў, і сам цэлы. А тут жа і лекары пільнавалі, каб зашываць на месцы раны — гэта было яшчэ адно асобнае відовішча.
Да Лёдніка наблізіўся кіраўнік, перагаварыў. Прафесар незадаволена кіўнуў галавой. Кіраўнік нешта пракрычаў, пасля чаго натоўп радасна загуў.
— Што ён сказаў? — устрывожана папытаўся Пранціш у стамлёнага палачаніна.
— Што цяпер бойка будзе працягвацца, пакуль адзін з супернікаў не зможа ўстаць. Адно слова, дзікуны.
Лёднік абцёр з ілба пот і ўздыхнуў.
— Зноў грэх на душу браць, людзей калечыць…