Выбрать главу

— Мы так называемся ў гонар індзейцаў. Чырванаскурыя таксама не абцяжарваюць сябе развагамі пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Уявіце сабе: ідзе па вуліцы, апаганьваючы яе сваёй прысутнасцю, які-небудзь смярдзючы абшарпанец… Альбо пузаты мяшчук, які марыць хутчэй апынуцца ў ложку побач са сваёй таўсманнай жонкай… І раптам апынаецца ў коле ўзброеных шпагамі джэнтльменаў у чорных плашчах і масках. Ён пачынае пацець ад страху і намацвае кашалёк… І тут адчувае укол у паясніцу. Паварочваецца… І зноў яго колюць ззаду. Ён зноў паварочваецца… І яго зноў колюць у спіну. Задача ў тым, каб надаць рухам ахвяры дынамічнасць, каб ён круціўся як найхутчэй, і гэта нагадвала танец. Чым непаваротлівей і звыродлівей ахвяра, тым больш смешна атрымліваецца. Асабліва цікава з кабетамі… Яны вішчаць, падскокваюць, выгінаюцца…

— Вы і кабетаў перапыняеце? — абурыўся Пранціш.

— А што?

Вырвіча ажно трэсла ад гневу.

— Такія заняткі нявартыя шляхціца, ваша мосць!

— Альбо ты ўтвараеш кола, альбо стаіш пасярэдзіне яго, — абыякава прамовіў лорд. — Хочаце ў круг — вашая воля. Асабліва было б забаўна паназіраць за панам доктарам. Гэта быў бы адмысловы танец!

— Ды Баўтрамей парэзаў бы вашых «магаўкаў», як жаб на лабараторным стале!

Лорд не паспеў адказаць, улезла хуценька Паланэя:

— Сэр Кавендзіш, а ці ведае ваша мосць вельмішаноўную лэдзі Кларэнс? Магчыма, пан зробіць ласку нешта распавесці чужаземцам пра гэтую высакародную асобу?

Багінская зрабіла ўсё правільна: прадухіліла магчымы гнеў лорда, адцягнуўшы ягоную ўвагу бязвінным пытаннем, і пытанне было важнае…

Вось толькі ці не было яно бязвінным, ці лорд канчаткова розумам паехаў, толькі вочы яго ашклянелі, ангелец некалькі разоў ляснуў кулаком у сценку карэты, і фурман спыніў коней.

— Перапрашаю вашамосцяў, але далей везці вас не магу. Вельмі прыемна было пазнаёміцца, — пры апошніх словах шалёны лорд пакратаў апухлую сківіцу. — Арэвуар.

І, далібог, Вырвічу падалося, што ў абыякавых вачах лорда Кавендзіша паказалася сапраўдная нянавісць.

І нельга сказаць, каб усіх надта засмуціла неабходнасць пакінуць карэту — у таварыстве лорда пачувалася, як тым замежнікам, якіх у Нясвіжы, у гасцях у пана Караля Радзівіла, абслугоўвалі заміж лёкаяў смаргонскія мядзьведзі.

Пабіты пан Гервасій Агалінскі, парэзаны пан Баўтрамей Лёднік, напалоханая перспектывай выкрадання панна Паланэя Багінская і прыгнечаны тым, што не ўдалося здзейсніць подзвіг на вачах Чароўнай Дамы студыёзус Пранціш Вырвіч вярталіся ў гатэль «Дуб і Крумкач», да цяпла каміну. Пранціш пяшчотна прыціскаў рукою схаваны пад кашуляй стос заробленых ліцвінскай крывёй грошай.

Раздзел чатырнаццаты

СКРЫНКА ПАНДОРЫ

Як казаў старэйшы Даніла Вырвіч, вяртаючыся з карчомкі з пустымі кішэнямі, хутка прыйшлі, хутка пайшлі, што мядзяныя, што залатыя…

Папяровыя таксама доўга не пратрымаліся. Важны дварэцкі занёс тысячу фунтаў на срэбным блюдзе таемнай лэдзі Кларэнс, якая так і не з’явілася пакупнікам на вочы, тут жа выбег жвавы малады чалавек у сінім суконным камзоле, як высветлілася, натарыюс, дамова на куплю цаглянага памяшкання ў Кларкенуэле на імя містэра Баўтрамея Лёдніка была складзеная, падпісаная, засведчаная…

І вось яны стаяць перад змрочным будынкам, хутаючыся ў плашчы ад сцюдзёнага ветру, і дрэнныя прадчуванні мітусяцца вакол і джаляць, як дзікія восы.

— Віншую, доктар, цяпер у цябе ёсць уласны палац у Ангельшчыне! — зарагатаў пан Гервасій.

Квакеры пакінулі пустыя сцены, спартанскую мэблю і ўстойлівы пах ладану. Інтэр’еры былі новаму ўладальніку мала цікавыя, гасцей, як вупыроў і пацукоў, вабілі сутарэнні.

Вырвіч у дрыготкім святле свечак спускаўся па каменных вільготных прыступках і ўспамінаў, што гэтак жа давялося пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, і колькі там страшнага і ўражлівага перажыта… Застаецца спадзявацца, што ў лонданскіх сутарэннях усё будзе прасцей… І, вядома, што там увогуле нешта будзе.

І вось арка, і надпіс на ёй «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Дзверы не зачыненыя… Але за дзвярыма — нічога цікавага. Доўгае памяшканне без вокнаў, падлога ідзе ўніз… Адзінае, што сведчыла пра таемную гісторыю — на крайняй сцяне высечаныя лічбы, рассыпаныя бязладна, як сляпы сеяў. Прафесар адразу пачаў абмацваць камяні кладкі.

— Што цяпер, сцяну ламаць? — нервова спытаў пан Гервасій. — Тут без пораху не справішся. Вунь якія глыбы…

Але Лёднік толькі рукой махнуў, маўляў, не перашкаджай. Вывучаў каменні, ледзь не носам па іх водзячы, вышукваючы аднаму яму вядомыя знакі.