— Спадзяюся, я ўсё правільна расшыфраваў… — мармытаў доктар. — Так… Дванаццаць… Тройка і чацьверыца. Тры алхімічныя прынцыпы «tria prima»: сера — душа, што значыць пачуцці і жаданні, соль — зямное цела, іртуць — дух, які ахоплівае ўяўленне, судзіць пра маральнасці і разумовыя здольнасці. Чатыры элементы — вада, зямля, агонь і паветра… Тры станы рэчыва — цвёрды, вадкі, газападобны… Лічбы пладоў, зразумелыя толькі пасвечаным — трынаццаць… Дваццаць пяць… Супадае!
І націснуў адразу на два камяні ўнізе… Яны варухнуліся, заглыбіліся. Потым яшчэ на адзін… Нешта заскрыгатала, і каменныя глыбы раптам пасунуліся па спецыяльна ўкладзеных у падлогу сталёвых палосах. З цёмнага прагалу пацягнула холадам і смерцю.
— Сведчу, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў узяты на сябе абавязак прывесці азначаных асобаў да пячоры, намаляванай лялькай па імені Пандора, — раптам урачыста прагаварыў Пранціш Вырвіч, настроены абараняць інтарэсы настаўніка.
Бо той толькі ў бойках ды дыспутах такі пагрозны і спрактыкаваны, а па жыцці — як баранчык, якога ўсе імкнуцца завалачы на разніцу. Пан Гервасій Агалінскі, не адводзячы прагнага пагляду ад прагалу, гэтак жа ўрачыста прамовіў:
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў частку нашай дамовы, і я стрымаю слова пра лёс свайго пляменніка.
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў дадзенае майму брату абяцанне, і паспрыяю, каб яму вярнулі жонку, — прагаварыла і панна Паланэя Багінская.
— Вось чым вы доктара прыбралі да рук, — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — Скрасці жанчыну! Вельмі годна! Пан Богуш казаў, што Багінскія ні перад чым не спыняцца.
— Можна падумаць, ягамосці Радзівілы моцна пераймаюцца маральнай асновай сваіх учынкаў! — рэзка адказала Паланэя. — Вы ўвогуле доктара лёсам маленькага хлопчыка трымаеце! Няма чаго казаць, высокая маральнасць!
— Доктар сам добрая цаца! — ноздры Амерыканца пачалі гнеўна раздзімацца. — Ды ён перад маім родам увесь у даўгу!
— І ў шнарах, — раззлаваўся Пранціш Вырвіч. — Можа, калі паны не супраць, яны ўсё-ткі разбяруцца цяпер са сваймі скарбамі самі?
— Яны разбяруцца! — Паланэя прымружыла блакітныя вочы. — Толькі рукамі наймітаў! Як на сойме ў Слоніме, калі паслугач пана Радзівіла Валовіч нападаў на майго брата! Пасмеў прыніжаць яго! У той час, як ягоны гаспадар заліваў вочы віном! А потым мой брат змушаны быў бараніць Воўчын, радавую сядзібу Панятоўскіх, ад радзівілаўскіх банд! Гэткі агідны і банальны наезд!
— А не агідна гэта, што ваш брат, жанаты, між іншым, мужчына, паехаў у Пецярбург, прапаноўвацца ў каханкі новай імператрыцы? — раз’юшыўся пан Агалінскі. — Жыў там, як самадайка, прабачце, на агледзінах! Ножкай па паркеце шваркаў перад немкай-царыцай, якая свайго мужа на той свет справадзіла! Радзівілы, прынамсі, ні пад каго не кладуцца!
— А ці не ваш Пане Каханку слаў ліст расейскай імператрыцы, як толькі тая аўдавела, пратэкцыі прасіў, у вернасці кляўся? — насмешна кінула Паланэйка. — Афронт атрымаў — вось і шалее! Вось і ўся ягоная незалежнасць!
— Няпраўда! — пачырванеў пан Гервасій. — Гэтага не можа быць! Не пісаў ягоная мосць Радзівіл такога ліста…
— Яшчэ як пісаў! — з’едліва прагаварыла Багінская. — І самымі куртуазнымі словамі! Карону выпрошваў! Магу сведкаў даць…
— Ды пан Караль — і без кароны кароль! — адчайна крыкнуў Агалінскі.
— Калі ён кароль, дык дзе хоць якая разумная справа, якую ён зрабіў для краіны? — Багінская гатовая была вочы вынуць «жаніху». — Медзвядзямі заміж лёкаяў гасцей палохаць? Мой пан брат мануфактуры ладзіць, дарогі пачыніў, тэатр ягоны найлепшы ў Еўропе!
— У Радзівілаў таксама мануфактуры і тэатры маюцца! — пан Гервасій ажно руку на дзяржальна шаблі паклаў, нібыта на сойме падчас гарачай дыскусіі. — Галоўнае — ён незалежнасць княства бароніць! Бо ў Статуце сказана — чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэй за вольнасць, бо яна — скарб, які ніводнаю сумаю пераплачаны быці не можа.
— Ён абароніць вольнасць! — узвысіла голас Паланэйка. — Патопіць краіну ў п’янстве ды звадах! У дзяржаве павінна быць моцная рука — і ўладар павінен быць чалавекам разважлівым і адукаваным, як мой пан брат!
— Панове, можа быць, працягнем пошук? — прапанаваў Пранціш Вырвіч, сумна думаючы, што насамрэч усе яны сюды патрапілі з-за інтрыгаў расейскага шпіёна, і трон ужо прадназначаны не Багінскім і не Радзівілам, а Цялку-Панятоўскаму.
У вузкі праход, які адкрыўся пад аркай, Амерыканец і Паланэйка ўмудрыліся са злосці праціснуцца разам. Амерыканец у адной руцэ трымаў ліхтар, у другой — шаблю. Паланэя — Пранціш мог прысягнуць — пад плашчом сціскала сімпатычны востранькі кінжальчык, Вырвіч неаднойчы заўважаў, як яна яго перахоўвае.