— Ну, стары махляр! — раптам вырвалася ў прафесара. — А я — стары дурань… — тут жа прызнаўся са скрухай. — Дроцікі Індры, светлавая энергія, «ёсць шмат чаго на свеце, друг Гарацыё…» Фокусы адны!
— А вы чакалі знайсці тут нешта навукова вартае? — насмешна спыталася лэдзі, задаволена скручваючы прачытаныя пергаменты. Яе нямецкі быў зусім без акцэнту. — І ў такую далеч за гэтым прыехалі? Тое, што доктар Дзі — махляр, вы, слынны прафесар Баўтрамеюс Лёднік, павінны былі ведаць.
Прафесар пачціва пакланіўся.
— Ваша светласць ведае мяне?
Пандора, як найвялікшую каштоўнасць, паклала клейноды ў пазалочаную скрынку, якую ёй з паклонам падаў лёкай, з дапамогай прыслужніцы ўселася на прынесеную абцягнутую аксамітам лавачку, пагладзіла сабачку, агідна малога, пухнатага і пляскатапысага, якога ёй паднёс другі лёкай, і толькі тады зрабіла ласку адказаць.
— За вамі назіралі, доктар. Калі вы захацелі набыць будынак «Агню і жалеза», я адразу западозрыла, што мы з вамі ўжо сустракаліся. Толькі я была ў васковым выглядзе. Спадзяюся, вы не здымалі з мяне сукенкі? Па разгубленай фізіяноміі гэтага маладога чалавека бачу, што здымалі… Ну і як я вам спадабалася, васпан?
Лэдзі зарагатала, гледзячы на збянтэжанага студыёзуса — відаць па ўсім, яна займала гэткае высокае становішча, што магла дазволіць сабе вольныя жарты і не абцяжарвацца пільнаваннем этыкету ў размовах з тымі, хто нашмат ніжэй.
Панна Багінская вырашыла, што па сваім статусе яна з іх кампаніі больш за ўсіх адпавядае лэдзі, і высунулася наперад, трымаючы пад пахай крышталёвы чэрап, які, падобна, цвёрда намервалася прыўлашчыць.
— Дазвольце прадставіцца, вашамосць — я княжна Паланэя Багінская, сястра генерал-маёра войскаў Вялікага княства Літоўскага князя Міхала Казіміра Багінскага… Прызнацца, я не зусім разумею, што адбываецца.
— Захапляюся смеласцю князёўны, якая адправілася ў такую авантуру, ды яшчэ пераапранутай у мужчынскі касцюм, — прамовіла з лёгкім паклонам лэдзі Кларэнс. — Паверце, вашамосць, я не насмешнічаю — я і сама здольная на такія прыгоды, — лэдзі зноў засмяялася, хаця яе шэрыя вочы заставаліся халоднымі, як горны крышталь.
Пандора падала знак, і для панны Багінскай таксама прынеслі прыгожанькую лавачку, на якую панна зараз жа і ўселася ўрачыста, дэманструючы звыкласць да прыдворных паводзінаў.
— Як вы здагадаліся, я ў адрозненне ад вас знайшла, што хацела, — лэдзі паказала на куфэрак з клейнодамі. — Без гэтых папер нашаму роду было цяжка весці барацьбу за спадчынныя землі і права займаць высокае становішча… Магчыма, самае высокае ў дзяржаве.
Вочы Пандоры злавесна бліснулі.
— Пракляты доктар Дзі! Вы ведаеце, як каралева Бес, Лізавета, яго адорвала, давярала яму… А ён пад канец яе жыцця зусім разбэсціўся. Заняўся чорнай магіяй. Звязаўся з Келі, у якога вушы былі абрэзаныя за падробку манетаў. Ды за адну афёру з няшчасным польскім графам Лестэрскім, якога яны ўшчэнт абабралі, Дзі варта было пасадзіць у Таўэр! Кароль Джэймс дык увогуле махляра пагнаў. Але Дзі, быў час, знаходзіўся вельмі блізка ад трону. Яму давяралі на захаванне важныя дакументы. Прынамсі, тыя, што тычыліся паходжання майго прадзеда. Так, прадзед быў каралеўскага роду.
— Вы кажаце пра сына лорда Дадлі і каралевы? — удакладніла панна Багінская.
Лэдзі скрывілася.
— Давайце не называць імёнаў! Усё трымалася ў такой таямніцы, што яна дагэтуль можа забіваць. Мой прапрадзед меў уплыў на каралеву і ўсяляк угаворваў яе прагнаць махляра Дзі і перастаць верыць ягоным прадказанням. Урэшце доктар патрапіў у апалу. Яго выгналі з Кембрыджу… І пасля смерці каралевы доктар Дзі вырашыў адпомсціць. І дакументы, якімі мае продкі маглі пацвердзіць высокае паходжанне, зніклі.
Дасканалыя рысы Пандоры выказалі лёгкую пагарду.
— Учынак гэтага паганага доктара пазбавіў наш род надзеі на трон. З тэстаменту доктара Дзі стала зразумела, што клейноды, засведчаныя каралевай Лізаветай, дзесьці перахаваныя. Гаварылі, што доктар даверыў ключ да сваіх скарбаў васковай ляльцы. Але прадзед жыў у Нямеччыне, змушаны хавацца ад ворагаў, якія баяліся, што ён уступіць у змаганне за ўладу. Калі ён змог вярнуцца ў Англію, каб адшукаць васковую ляльку — якая, дарэчы, была зробленая ў выглядзе самога доктара — той ужо не існавала. Пры каралі Джэймсе мніхі яе спалілі, як д’ябальскую рэч, і па-свойму мелі рацыю. А далей — выпадак… — Пандора коратка ўздыхнула, расправіла складачку на спадніцы, як быццам не было нічога важней за тое, каб гэтая складачка была раўнюткай, кранула капялюш — прыслуга адразу ж паднесла пані круглае люстэрка ў залатой аправе, якому Пандора ласкава ўсміхнулася, і працягнула гаварыць, любуючыся сабой. — Я, ведаеце, мала жыла ў Англіі. У нас замкі ў Нямеччыне, Швейцарыі… Калі ў Швейцарыі пайшла мода на васковых лялек, бацька захацеў замовіць такую ў вядомага майстра, Вакансона. У выглядзе мяне — усе з маленства захапляліся маёй прыгажосцю. — Лэдзі сказала гэта без усялякага какецтва, проста як факт, ласкава ўсміхнулася люстэрку і нарэшце адвяла ад яго вочы. — Гэта было забаўна… З мяне здымалі маскі, абмяралі. Майстар і распавёў, што да яго звярнуліся ад ліцвінскага князя… як яго… Эрдзівіла… Папрасілі пабудаваць аўтамат на аснове старажытнага механізма. Як толькі прагучэла імя доктара Дзі, мой бацька адразу зразумеў, што гэта шанец! Прапанаваў Вакансону выкарыстаць для лялькі з механізмам доктара Дзі маё аблічча… Майстар працаваў тры гады, пакуль я, васковая, пачала маляваць свой малюнак.