Не, як шкада, што ў Лёднікаў пакуль няма нашчадка! Баўтрамей, напэўна, замест бразготкі ў калыску пакладзе з аднаго боку мікраскоп, з другога — стэтаскоп, каб вывучаў спадчыннік прыродазнаўчыя навукі ад нараджэння.
Праўда, была адна прываба ў пакаранні — дзесьці там, сярод колбаў ды хірургічных прыстасаванняў, сядзела таямнічая Пандора, і можна, упрасіўшы прафесара альбо прычакаўшы момант, прымусіць яе ажыць…
Дзверы ў лабараторыю аказаліся расчыненымі, пасярод пакоя са скляпеністай столлю стаяў Бутрым, як верставы слуп. Васковая паненка знікла. Затое рэзрух — як пасля пераможнага паходу гунаў праз Рым. Шафы парасчыняныя, усё з паліцаў скінутае на падлогу. Колбы і прабіркі хрумсцяць пад нагамі, бы сухія косткі. Сталы і крэслы перавернутыя, паперы рассыпаныя па падлозе, быццам са столі ішоў папяровы дождж…
Той, хто гэта ўчыніў, нічога не шукаў — просто даваў знак: ведайце, вучоныя пацукі, сваё месца.
Пранціш раз’юшана вылаяўся.
— Пан Богуш, няйначай! Я выклічу яго на двубой!
— Супакойся, хлопец. Усё роўна нічога не дакажаш, — змрочна прагаварыў Лёднік. — Сам падумай — без дазволу рэктара хто б сюды прайшоў, такі вэрхал учыніў ды здаровую скрынку вынес? Я не гаварыў табе… — Лёднік трохі прамарудзіў. — Учора прафесар Папроцкі ўгаворваў мяне паказаць яму цікавую машыну, якую я вывучаю ў сваім кабінеце. Маўляў, ён у механіцы добра разбіраецца, аўтаматамі цікавіцца, пару студэнтаў кемных ёсць, могуць дапамагчы. А я адмовіўся, баюся, рэзкавата. І, магчыма, дарэмна.
Лёднік вінавата адвёў вочы.
— Ну, пашкадаваў я таямніцай дзяліцца. А каб паказаў — можа, не было б і гэтага нападу. Добра, мы паспелі ўсё ж вывучыць цікавы прэцэдэнт. І атрымалі малюнак…
Пранціш зласліва пасміхнуўся:
— Затое злодзеі яго не атрымаюць!
І паказаў Лёдніку дэталь са шпіндзялёчкам, забраную з Пандоры. Прафесар толькі галавой пакруціў і прамармытаў нешта наконт таго, што ваўка хоць з залатой лыжкі кармі, да кашы не прывучыш. Але дэталь забраў.
Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.
— Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.
Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.
— Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу — дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…
Бутрым уздыхнуў, абвёў вачыма разгромленую, як маскалі на Уле, лабараторыю:
— Ну што, Вырвіч, прывядзі сюды яшчэ двух праштрафленых недавукаў, Недалужнага ды Гаравога. Хопіць вам у косткі гуляцца. Лепей папрыбірайце тут уласнымі ручкамі, яснавяльможныя паны. Лёкаяў у сваю лабараторыю ўсё роўна не дапушчу.
Небарака Недалужны толькі і сказаў на адрас прафесара:
— Каб ён аблез няроўна!
…Цікава, якія існуюць адзінкі для вымярэння злосці? Сабачы брэх, лаянка гандляркі, плявок мытара? Якімі б яны ні былі, Пранцысь па вяртанні з Акадэміі быў злосны на дзесяць лаянак, сорак пляўкоў і мех сабачага брэху. Нават улюбёная гарбузовая каша з разынкамі ды арэхамі ў горла падчас вячэры не лезла. Пандору скралі, прафесар змусіў да ганебнай мужыцкай працы, і ніякіх подзвігаў не прадбачыцца. Лёднік вунь і сам злосны сядзіць, доўгім носам над паперай водзячы, нібыта спадзяецца вынюхаць, што за месца намаляванае аўтаматам, пакрывае аркуш слупкамі лічбаў, а побач грувасцяцца стосы фаліянтаў, з якімі час ад часу нешта звярае. Другі малюнак Пандоры ляжыць на каленях пані Саламеі, але яна яго не вывучае, а, сціснуўшы тонкія пальцы, паглядае сумнымі трывожнымі вачыма то на абразы, то на мужа. Баіцца, што яе Фаўст зноў сарвецца ў містыку, забыўшыся на ўсё. І так зацяты — не падыдзі, уджаліць.
У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой і палаючы камін — Лёднік настояў, каб у доме акрамя звычайнай печкі, аблямаванай мсціслаўскай зеленкаватай кафляй з анёльчыкамі, быў камін, жывы агонь, сузіранне якога спрыяе гармоніі стыхій у чалавеку.
Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока — і ўсё… Ніхто не абсмяе.
За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.
— Ці дома пан доктар?
Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента — багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.
Што ж, нечаканыя наведнікі — нават у такі позні час — у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі — па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і — неверагодна — нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.
— Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.
Паклон госця быў дастаткова нізкі, але з імгненнем няветлівага прамаруджвання, што іншы, можа, і не заўважыў бы, але Пранціш, сын збяднелага дашчэнту шляхціца-шарачка, звык бараніць свой шляхецкі гонар і ў родным Падняводдзі, і ў Менскім езуіцкім калегіюме, і навучыўся прыкмячаць найменшыя праявы непавагі.
А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.
— Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?
Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.
— Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, — патлумачыў мужык. — Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.