Выбрать главу

Пані правяла Лёдніка за шырму, якой быў адгароджаны кут пакоя, паставіла на столік лямпу. У ложку спаў дзіцёнак гадоў трох. Худзенькі, чарнавалосы… Святло ад лямпы пабудзіла яго, і на гасцей зірнулі цёмныя вочы, бліскучыя ад ліхаманкі…

Агаломшаны Лёднік моўчкі глядзеў на дзіцёнка, потым перавёў позірк на пані, тая, пацвярджаючы ягоную здагадку, прыкрыла павекі, лёгка ўсміхнулася… Доктар палка пацалаваў яе руку і зноў утаропіўся на хлопчыка, як на нечуваны цуд, мімаволі ўсміхаючыся. Пранціш, раззявіўшы рот, таксама глядзеў на цемнавокага малечу, які наглядаў за прыхаднямі не па-дзіцячы сурова, такім дужа знаёмым пільным позіркам… Нарэшце студыёзус не вытрымаў і выгукнуў:

— Ну, доктар, ну, пройда!

Пані пачырванела, а Лёднік як не чуў. Прысеў на край ложка, пагладзіў руку пацыента:

— Вітаю юнага пана!

— Ты хто? — голас дзіцёнка быў трохі асіплым, але ўжо цяпер уладным, а ў вачах не заўважалася страху.

— Я — доктар, ваша пані маці папрасіла мяне палячыць вас. Што ў пана Алеся баліць?

Пані са светлай усмешкай назірала, як Лёднік важдаецца з малодшым Агалінскім. Аглядае, выслухоўвае, задае пытанні… Хлопчык стараўся трымацца мужна, як яго вучылі, як належыць шляхціцу, — але ад горкіх лекаў небараку ледзь не заванітавала…

— Калі пан вып’е гэтую мікстуру, ён абавязкова паправіцца, а тады я запрашу васпана ў госці ў акадэмію. Там ёсць вялізная труба, праз якую бачныя зоркі — блізка-блізка, і можна паглядзець, што робіцца на месяцы! Пан хоча паглядзець на зоркі? — сур’ёзна пытаўся Лёднік.

— Хацу! А іх мозна з неба зняць?

Пранціша ў гэтай сітуацыі больш непакоіла, што скажа пані Саламея, калі даведаецца пра гэткае матэрыяльнае ўвасабленне змрочнага мінулага свайго мужа. І, што яшчэ больш важна, ці не прыб’е доктара пан Агалінскі, які, падобна, мае на гэта законнае права. Няўжо нат не здагадваецца, у каго ўрадзіўся ягоны цемнавалосы сын? Ці не былі ў пана падставы пазбавіцца ад алхіміка ў сваім доме яшчэ больш важкія, чым злосць на непакорства ды боязь атруты?

Лёднік гушкаў хлопчыка на руках, нешта шаптаў на вушка — і быў такі шчаслівы, якім Пранціш ні разу яго не бачыў.

Але скрадзенае шчасце доўгім не бывае. Калі хворы задрамаў, доктар уклаў яго ў ложак асцярожна, як крышталёвага, накрыў коўдрачкай…

— У яго алергія… Гэта… прыроджанае. Некаторых рэчываў ягоны арганізм не пераносіць. Лекі пакіну, і яшчэ зраблю… Адвары — піць, мазі — змазваць высыпанні, калі з’явяцца. Але галоўнае — дам спіс, ад чаго яму можа стаць кепска. Пазбягаць пэўнае ежы, пахаў… Ён гэта перарасце. Гадоў у адзінаццаць, думаю.

Пранціш успомніў, што ў Лёдніка ў маленстве таксама была такая хвароба — бацька-гарбар не мог яго прыладзіць да спадчыннага рамяства, бо сын ад паху сырых скураў пакрываўся болькамі ды млеў.

— Я магу яшчэ яго пабачыць? — прашаптаў Лёднік. Пані нахіліла галаву, светлыя пасмачкі, што выбіліся з фрызуры, ускалыхнуліся.

— Не ведаю… Хіба што мужу будзе не да нас — ты чуў, у Вільню нават Багінскія прыехалі, хочуць месца ваяводы для пана Міхала. Той пакінуў расейскую імператрыцу дзеля такога выпадку. Пакуль невядома, чый бок зойме муж — Багінскія зараз шляхту перакупаюць. Але ясна, што чакаецца валтузня.

— Прышлеце па мяне, як толькі атрымаецца… Ці да мяне хлопчыка прывязіце. За ім трэба назіраць. І для вас я таксама лекаў перадам. Мне падаецца, што вы зусім запусцілі сваю хваробу. Памятаеце мае рэкамендацыі?

Лёднік нешта тлумачыў наконт зёлак, дыеты і шпацыраў, а Вырвічу ажно дух заняло ад звесткі, што Багінскія тут! А раптам і панна Паланэя прыехала? Там, у Варшаве, яна яшчэ больш увязалася ў палітыку, якіх толькі інтрыг юнай прыгажуні не прыпісвалі. Пранцішу, зразумела, кроілі сэрца асобныя чуткі… Але вось ён, шанец — калі паненка тут, ці не спатрэбіцца ёй, як калісьці, адважны і спрытны рыцар, здольны выканаць любое, самае складанае, даручэнне?

На развітанне пані Агалінская папыталася:

— Твая жонка прыгожая, Бутрым?

— Прыгожая, — адказаў былы слуга.

— Ты яе кахаеш?

— Вельмі.

Пані памаўчала.

— Дай Бог вам шчасця.

— І вам таксама, мая пані… І вам таксама…

Базыль праводзіў гасцей да карэты, падсвечваючы ліхтаром. Калі пад колы зноў лягла брукаванка Старога Места, Пранціш з’едліва папытаўся-сцвердзіў:

— Пані Саламеі нічога не казаць?

Прафесар ускінуў галаву:

— Чаму ж не казаць? Я сам ёй скажу. Думаю, яна зразумее…

— А нехта збіраўся мяне ў карцэр садзіць за бязвінныя заляцанні да звычайнай дзеўкі… — не прамінуў папікнуць студыёзус, які ўсё яшчэ кіпеў ад абурэння. Вядома, пералюбствам грашылі многія, пры варшаўскім двары дык увогуле непрыстойным лічылася не мець афіцыйных палюбоўнікаў. Падчас баляў на плошчы перад палацам стаялі карэты, у якіх можна было адасобіцца са сваімі амаратамі ад цікаўнікаў. У вёсках пад Нясвіжам шмат у якіх сем’ях гадаваліся нашчадкі князёў Радзівілаў, дзеля іх часам выплочвалася невялікая пенсія. Але доктар, які спавядаў самаабмежаванне і дысцыпліну і пагарджаў разбэшчанымі багацеямі, не меў у вачах студыёзуса права на распусту! Да таго ж, адна справа — куртуазныя інтрыгі між арыстакратамі, ці калі высакародны пан звяртае ўвагу на прывабную сяляначку і карыстаецца правам першае ночы… І другое — калі слуга, халоп — у ложку сваёй замужняй гаспадыні! Разбаўляе сваёй мужыцкай крывёю кроў рыцарскага роду! Няхай Лёдніку надалі шляхецкае званне, па нараджэнні ж ён — ніхто, звычайны мяшчук… Не так кепска доктару ў Агалінскіх жылося, аднак… Займеў свайго шчасця… Агіда адбілася на твары Пранціша. Лёднік панурыўся.

— Не спрабую адмаўляць — я грэшнік. Акаянны грэшнік. Але яна… Пані Галена… Не, гэта быў не капрыз і не юр, Вырвіч. Не прыхамаць арыстакраткі і не помста слугі — табе ж такое прыйшло ў галаву, так?

— А што ж гэта было?

Колы пагруквалі па мокрых камянях, як быццам перамолвалі хвіліны, няўмольна і рупна.

Лёднік закінуў уверх худы твар, заплюшчыў вочы. У цьмяным святле ліхтара ён здаваўся часткай гатычных барэльефаў старажытнага храма.

— Што гэта было… Не думаў, што буду каму-небудзь пра гэта расказваць… Неяк у нас з вамі, пан Вырвіч, карэты заміж спавядальні…

Пранціш хмыкнуў, успомніўшы, як калісьці яны ехалі ў турэмнай карэце — Лёдніка заграблі ў карчме з-за таго, што ён нібыта займаўся там вядзьмарствам, і раскаяны алхімік распавядаў па дарозе, як давёў сябе да халопскага стану, распрадаўшы маёмасць, каб рабіць доследы па здабыцці філасофскага каменю. Што ж, няхай спавядаецца ізноў — не ўсё ж студэнтаў бедных мучыць.

— Я кепска памятаю, як мне абвесцілі вырак суда і прывезлі ў маёнтак Агалінскіх… — ціха гаварыў алхімік, гледзячы ў падлогу. — Калі па мяне прыйшлі ў мой закладзены дом, выламаўшы дзверы, я якраз заканчваў выпарваць адну цікавую субстанцыю… А потым — потым туман. Адно я вырашыў, што Божае пакаранне трэба трываць годна. Няхай церпіць цела — варта паспрабаваць выратаваць душу. Ніякай алхіміі, астралогіі, доследаў над бесцялеснымі субстанцыямі! Нават дэкумбітуры хворага больш вылічваць не стану… Так, пераламала мяне тады ўнутры добра.

Напачатку пан Агалінскі быў са мной нават ветлівы — дагэтуль мы ж не раз сядзелі за адным сталом, ён любіў паслухаць мае «вучоныя размовы»… А займець уласнага дыпламаванага доктара — гэта ж лепей, чым пародзістага ганчака! Мне адвялі пакойчык, я абсталяваў невялікую лабараторыю, пацягнуліся пацыенты — слугі, дваровыя людзі… У паніча Андруся Агалінскага — руды такі хлопчык, вясёлы, непаседлівы — акрым драпінаў ды сінякоў, надарылася пнеўманія, надумаўся быў стронгу рукамі лавіць у суседняй рачулцы, імклівай і халоднай, як лёд. Вылечыў… Давялося падбіраць зёлкі і пані Галене, яна пакутуе на сардэчную хваробу. І не было таго, што ты падумаў, блазнюк. Я даваў клятву Гіпакрата. Я ніколі не дазволю сабе падысці да ложка хворай з пажадлівымі намерамі. І пані Агалінская проста была паважлівай са мной… Шчыра кажучы, я яшчэ й раздражняўся страшэнна ад яе спачування — нізавошта не хацеў, каб мяне шкадавалі. Няхай лепей баяцца, ненавідзяць, пагарджаюць… Толькі не шкадоба.