— Не, толькі не гэта! — роспачны выкрык Лёдніка змусіў шкаляра ўздрыгнуць, хрэстаматыя па рыторыцы паляцела на падлогу, а пані Саламея ледзь не выпусціла паднос з кубкамі кавы, якія несла для стамлёных жняцоў разумовай нівы.
— Навошта я толькі паддаўся цікаўнасці… Зноў — на тыя ж граблі!.. Не хачу мець нічога агульнага з падобным! — раз’юшаны прафесар мераў нервовымі крокамі кабінет. — Я столькі прыклаў намаганняў, каб адкараскацца ад усялякай магічнай амарокі, такую цану заплаціў — і вось!
— Ды што такое, Бутрым? Што ты там знайшоў? — пані Саламея паставіла паднос з кубкамі на стол і зазірнула ў мікраскоп. Паціснула плячыма… Яе зараз жа адсунуў ад акуляра Вырвіч. На дэтальцы бачыліся мікраскапічныя літары «VOO».
Саламея і Пранціш неўразумела перазірнуліся і паглядзелі на знерваванага прафесара.
— І што гэта значыць? — папытаўся Вырвіч. — Ты трох літараў спалохаўся?
Лёднік злосна спыніўся.
— Што значыць? Што нячыстая сіла зноў спрабуе спіхнуць мяне ў тую дрыгву, адкуль я ледзве вылез! Гэта подпіс доктара Дзі!
Здзіўленае маўчанне слухачоў прафесара так расчаравала, што ён ледзь затрымаў крыўдныя словы.
Саламея падыйшла, паклала рукі на плечы знерваванаму мужу.
— Не злуйся, а растлумач! Ты з узростам робішся ўсё больш нецярплівы — табе здаецца, тое, што ты ведаеш, уцямна ўсім. Дарагі, нават арэхаў двух аднолькавых няма, а не тое што розумаў. Errare humanum est (Чалавеку ўласціва памыляцца).
Лёднік адвёў вочы, глыбока ўздыхнуў, па сваёй жа методыцы супакаення, якой вучыў Пранціша.
— Гэта той самы доктар Дзі, астролаг і алхімік, пасля прачытання трактату якога па электыўнай астралогіі «Іерагліфічная манада» я зусім з глузду з’ехаў, дакладней, даў нырца ў эзатэрычныя навукі… Дзі жыў у Англіі ў часы каралевы Лізаветы. Яшчэ студэнтам Кэмбрыджу ён зрабіў механічнага скарабея і выпусціў на сцэну студэнцкага тэатра. Народ, уцякаючы, у дзвярах падушыўся, Дзі з універсітэту выперлі. Ён вынайшаў шмат чаго іншага… Навігацыйныя прыборы, тэлескоп, бінокль, разлічыў, дзе мусіць быць Грынвіцкі мерыдыян… Шмат эксперыментаваў з крышталямі і люстэркамі… І гэта было б усё добра — каб не эксперыменты з духамі. Звязаўся з прайдзісветам і фальшываманетчыкам Эдвардам Келі, які прапанаваў доктару заняцца зносінамі з іншым светам, а ён, Келі, станецца пасрэднікам між Дзі і «анёламі». Ну і заняліся… Калі верыць самому Дзі, духі зляталіся да яго, як мухі на мёд. Асабліва прапісаўся пры ім нейкі Урыель. Які не толькі паказваў доктару ў адмысловым люстэрку карцінкі будучыні, але і вучыў мове, на якой размаўляюць анёлы. Можаце сабе ўявіць, я чытаў гэтыя трактаты на «янохскай мове», спрабаваў яе засвоіць… Прабач, Госпадзе…
Лёднік перахрысціўся і нарэшце сеў.
— А чаму ты вырашыў, што Пандору зрабіў доктар Дзі? — не зразумеў Пранціш.
— Таму што ён падпісваўся так — Voo. Ніхто не ведае, чаму. Я так думаю, доктару належыць толькі «сэрцавіна» аўтамата. Я заўважыў мікраскапічныя сляды попелу на дэтальцы — можна ўявіць, што калісьці падобную ляльку — не ведаю, у выглядзе каго яна была зробленая, можа, самога доктара Дзі альбо таго Урыеля — кінулі, як д’ябальскае стварэнне, у агонь. А потым нехта забраў, што ацалела ад агню, перахаваў… І ўжо ў наш час аўтамат аднавілі. І ён зноў малюе тое, што заклаў стваральнік. А калі ведаць ягоную асобу, то робіцца зразумелым, што таямніца можа быць дужа каштоўнай. Вядома, у скляпенні, намаляваным Пандорай, доктар Дзі мог займацца любошчамі з прыгожай дзеўкай, таму гэты пейзаж і захацеў увекавечыць. Там можа быць магіла ягонага сябра, ці месца для зносінаў з духамі… А можа хавацца адно з вынаходніцтваў Дзі.
— Тое люстэрка, што паказвала будучыню? — аж захлынуўся ад захаплення Пранціш.
— Тое люстэрка захоўваецца ў графаў Пітэрбора і ўяўляе з сябе добра адпаліраваны кавалак чорнага вугалю ў круглай аправе, з ручкай са слановай косткі, — скептычна патлумачыў Лёднік. — Ляжыць пад шклом, як рэдкасць, расказваюць пра яго цікаўным гасцям усялякія дзівосы, а духаў, ясная рэч, ніхто не бачыць. Каму ахвота вярэдзіць нячыстую сілу з-за дурной цікаўнасці. Мелася ў доктара яшчэ люстраная камера — для тых жа сустрэч з духамі, і я дакладна ведаю пару балаганаў у Еўропе, дзе падобныя камеры выкарыстоўваюць на кожным прадстаўленні. Быў пярсцёнак з берылам, які выклікаў відзежы… Дарэчы, яго, і яшчэ тое-сёе доктару нібыта прывезлі аж з Амерыкі, як свяшчэнныя прадметы ацтэкаў. А вось што асабіста мяне зацікавіла…
Лёднік палез у шафу з кнігамі, пакорпаўся, перакладаючы з месца на месца таміны, нарэшце выпараў маленькі томік ін-кварта з залатым абрэзам «Духоўныя дзённікі доктара Дзі», пагартаў і зачытаў:
— «Няцяжка зрабіць люстэрка, якое моцай сонца, нават схаванага аблокамі, ператварае ў попел усе разнавіднасці каменя і металу. І я магу лёгка здабыць агню перамогу над жалезам». Разумееце, тут нічога не гаворыцца ні пра духаў, ні наконт прадбачанняў, ні пра відзежы… Канкрэтная фізічная з’ява. Пераўтварэнне адной энергіі ў другую. Архімед тым самым займаўся, калі з дапамогай люстэркаў паліў рымскія караблі, што плылі скараць ягоныя родныя Сіракузы. І падыходзіць пад сэнс надпісу над уваходам! — голас доктара стаўся вінавата-няўпэўненым. — Калі б раптам выявілася, што Пандора дае ключ менавіта да гэтага вынаходніцтва, яго варта было б пашукаць.
— Фаўст, ты зноў захапляешся немагчымым! — напружана зазначыла Саламея. — Ніводзін агонь не можа ператварыць у попел камяні і метал!
— Калісьці сцвярджалі, што павозка сама па сабе ніколі не паедзе. А мы самі бачылі машыну Пфальцмана з вадзяным рухавіком, — упарта прагаварыў Лёднік. — Гадоў трыста таму ніхто не мог уявіць, што гадзіннік можа быць такім маленькім, што яго стануць насіць на шыі, што ткаць і прасці будуць станкі, што за акіянам адкрыюцца новыя землі, населеныя народам з даўняй культурай… Якісьці барон ці маркіз сядзеў у сваім замку і быў упэўнены, што ніякі кароль яго за каменнымі мурамі не дастане — але з’яўляюцца гарматы, і барон вымушаны рабіць свае землі часткай вялікай дзяржавы… У індыйскім эпасе ёсць апісанне «дроціка Індры» — смяротнай зброі ў выглядзе промня свету. Прамень выходзіў ад круглага адбівальніка, магчыма, люстэрка, і цэліўся па гуку. Можа быць, гэта і ёсць зброя доктара Дзі?
Пранціш уявіў, каб яму дастаўся такі вогненны меч — на што ні направіў ягоны прамень, спаліць, спапяліць. Ото славы здабыў бы з такой сілай!
А з другога боку — якая ж гэта слава, калі перамога здабываецца не смеласцю, не стратэгіяй, не ўмелым валоданнем зброяй — а проста таму, што табе ў рукі трапіла смяротная штуковіна, якой больш ні ў кога няма. Ты можаш быць слабым, баязлівым, сквапным, падлючым… Галоўнае, амбітным. Наставіў прамень, і перад табой гекатомба… Чым жа тут ганарыцца? Пранцішаў бацька нават агнястрэльнай зброяй пагарджаў, кажучы, што ад яе заняпад у Рэчы Паспалітай высакароднага мастацтва фехтавання…
Сумненні студыёзуса агучыла Саламея:
— Дапусцім, Бутрым, ты здабудзеш сакрэт люстэрка, ад якога спапяляецца жалеза. І каму ты яго аддасі, і што з гэтага будзе? Вайна, якой яшчэ не здаралася? Не з тысячамі, а з мільёнамі ахвяраў? Твая цікаўнасць вартая такога, Фаўст?