Выбрать главу

Лёднік сядзеў, абшчаперыўшы галаву. Загаварыў глуха:

— Вы проста не разумееце, як гэта вабіць… Усе гэтыя таемныя навукі… Бо не спазналі, на сваё шчасце, іх атруту, якую я піў поўнымі кубкамі. Як гэта… хвалюе, круціць галаву — новыя веды, новыя адкрыцці, недаступныя «звычайнаму» чалавеку… І як цяжка ўстрымацца, бачучы перад сабой чарговага малапісьменнага багатага хамуйлу, ад таго, каб збіць з яго фанабэрыю якойсьці просценькай дэманстрацыяй магіі… Вось уладар, пыхлівы, задаволены жыццём, які ўважае цябе за рабака. А табе зоркі паведамляюць пра ягоную вартую жалю будучыню, і ад цябе залежыць, ці не скіраваць пыхліўца да бездані… Гэтая сатанінская амарока дужа моцная — наконт усемагутнасці. Разумееш, што гэта амарока, толькі калі пачынаеш гінуць. Не, не хачу!

Лёднік рашуча ўстаў, падыйшоў да вакна, расчыніў шыбы і з усяе сілы шпурнуў у цемру хітры шпіндзялёк з трыма злавеснымі літарамі, а ўслед за ім, папярэдне пераламаўшы, адноўленую дэталь. Да канавы, бруднай і глыбокай, якраз, мусіць, дакінуў. У пакой уварвалася свежае восеньскае паветра разам з пахам дыму і тугі. Прафесар узяў абодва лісты з малюнкам Пандоры і кінуў іх у палаючы камін. Вырвіч ускочыў з месца з абураным ускрыкам, але было позна. Агонь круціў у жоўтых пальцах чорныя бясформныя камякі, якія рассыпаліся на вачах, успыхваючы сінімі пялёсткамі.

— Усё, — Лёднік з палёгкай уздыхнуў. — Выкінем жа з галавы клятую ляльку. Ну, палюбаваліся, пацікавіліся, механізм вывучылі. І дзякуй на гэтым.

Саламея падыйшла, пацалавала мужа ў шчаку.

— Амін.

Пранцішу было што сказаць насуперак, але ён змрочна прамаўчаў.

Наступныя дні былі такімі звычайнымі, што Вырвічу падавалася, быццам ён знаходзіцца ў цэнтры віхуры — вакол нешта круціцца, пралятаюць схопленыя стыхіяй прадметы, а тут, на маленькай пляцоўцы, зацішак… Але вельмі няпэўны і часовы. Пранцішу нават паслабілі хатні арышт — і пара візітаў у карчомку і адна сімпатычная бойка з падмайстрамі шаноўнага цэху залатароў настрой паднялі, як мае быць.

У чацвер пасля заняткаў Недалужны падляцеў да Пранціша з вырачанымі вачыма:

— Твой прафесар, ён што, чорныя месы служыць? Дзіцёнка нейкага на астранамічную вежу павалок!

Пранціш, вядома, паімчаў паназіраць і спрытна прыладаваўся разам з сябруком да шчыліны ў дзвярах на пятым паверсе абсерваторыі: паважны прафесар пасадзіў сабе на плечы малога паніча ў акуратным камзольчыку і носіць па памяшканні, малы рагоча і мацае цікавыя бліскучыя прадметы, якіх досыць у зорным кабінеце. Але што ў гэтым дзіўнага: да славутага лекара прывезлі на кансультацыю хворага нашчадка багатае сям’і, і той забаўляе капрызлівага пацыента.

А Вырвіч бачыў, што Лёднік аж млее ад замілавання і заходзіцца ад тугі, што гэты дзіцёнак з цёмнымі дапытлівымі вачанятамі назаўсёды застанецца для яго чужым.

А потым была яшчэ пані Саламея… Бо прафесар палічыў патрэбным пазнаёміць яе з малодшым Агалінскім. І Пранціш не сумняваўся, што пані гатовая аддаць усё на свеце, каб гэты хлопчык быў ейным сынам.

Юны паніч Алесь не хацеў сыходзіць ад цікавага дзюбаносага доктара і ўчыніў цэлы канцэрт, калі яго перадавалі на рукі няньцы і ўсаджвалі ў карэту. Толькі абяцанне Лёдніка, што наступны раз пакажа, як утвараецца вясёлка проста ў лабараторыі, супакоілі малечу. Гэтак жа, як і падораная кніжка з прыгожымі малюнкамі пра ўсе краіны свету — на малюнках хадзілі плямістыя жырафы з даўжэзнымі шыямі, уздымалі сякеркі патагонцы з пер’ямі ў доўгіх валасах, красаваліся вялізныя сланы з насамі, падобнымі да змей, каля японскага імператара стаялі слугі з агромністымі веерамі… Пан Алесь уткнуўся ў кніжку (усепаглынальная любоў да кніг была ў паніча, вядома, прадказальнай), і дазволіў адвезці сябе да маці.

Пані Саламея рэшту дня прасядзела, замкнуўшыся ў пакоі. З-за дзвярэй чуліся толькі ціхія словы малітваў.

«Бездань бездань прызывае ўва гласе хлябій тваіх, уся высоты Твая і хвалі Твая на мне прэідоша»…

А потым быў ліст. Звычайны ліст, у канверціку, запячатаным сургучом с адбіткам знака, які для знаўцаў шляхецкіх гербоў — а такім мусіў быць кожны праўдзівы шляхціц — чытаўся адразу: брама з крыжам наверсе, якая вядзе да вайсковага намёту. Частка герба Агінец, якім карыстаюцца князі Багінскія.

Пасланец, малады жвавы хлопец у кавалерскім адзенні, сунуў Вырвічу канверцік проста ля выхаду з універсітэту і знік у натоўпе, не адказваючы на пытанні.

Дарэмна Лёднік вінаваціў Пранціша ў нецярплівасці! Студыёзус не стаў раздзіраць канверт проста на вуліцы. А дабег да свайго ўлюбёнага месца на Замкавай гары, да руінаў замку, у якім сто год таму трымаў аблогу невялікі расейскі атрад, і гарматы ператварылі муры ў друз.

Ласкавае сонейка, з ужо заўважнай восеньскай трывогай аб сваім хуткім ахалоджванні, прыстроілася за плячыма расчуленага студыёзуса, які сядзеў на збуцвелай бэльцы, пад вартай сівога дзядоўніку, і прыціскаў да твару маленькі канверцік, ад якога сыходзіў неверагодна хвалюючы пах вербены, мускусу і лепшага, поўнага бляску і прыгод, жыцця. На маленькім аркушыку, які знаходзіўся ў канверце, вядома, не магло змясціцца ўсяго, што нафантазіраваў сабе студыёзус, але галоўнае мелася: Паланэя Багінская, прыдворная дама, прыгажуня, магнатка, прызначала спатканне загоннаму шляхцюку Вырвічу! Праўда, у знаёмай манеры: загадкава, нічога толкам не тлумачачы, і загадна. Сёння, на захадзе сонца, у доме за дамініканскім касцёлам, патаемна.

І, вядома, Вырвіч моцна падазраваў, што расплоціцца за гэты гонар, як і мінулы раз, вельмі дорага, рызыкуючы ўласнай скурай дзеля магнацкіх інтрыгаў…

Але чым прыгода небяспечней, тым болей гонару для рыцара!

У дзядоўніку зашаргацеў вецер, белае пухнатае насенне цёплымі сняжынкамі закружляла, паляцела сеяць новае жыццё, павялічваць Вялікую Дзяржаву Дзядоўніка… Мала што хтось лічыць гэтую расліну пустазеллем — а яна проста злуе ўсіх тым, што мае і пяшчотныя яркія кветкі, і вострыя дзіды, каб бараніць сваю прыгажосць, і моцнае сцябло — не сарвеш голымі рукамі. Жыхар тутэйшай зямлі, якога не так проста вытаптаць, вынішчыць, альбо перарабіць на фіялку.

Вядома, увечары Вырвіч пачапіў да пояса персіянскі кінжал з дыяментам, атрыманы калісьці ад Паланэі як прабачэнне за тое, што пасылала юнака на верную смерць у полацкія сутарэнні. Чырвоныя боты блішчаць, шапка ліха заломленая набок, русявыя кудзеры прычасаныя гжэчна, шкада толькі, вусы яшчэ малыя, так сабе, не вусы, а вусікі, і не тапырацца ваяўніча, а толькі сведчацца, што ёсць.

Калі б фашчаўскі ёлуп, помнік святому Сімпліцыяну каля вёскі Фашчаўка, мог рухацца, ён не мог бы рабіць гэта больш паважна ды ўрачыста, чым пан Пранціш Вырвіч, які ішоў за лёкаем па цёмным, паўпустым доме — ясная рэч, здымным — у пакой да панны Паланэі Багінскай.

Але пану спатрэбілася ўся ягоная мужнасць, каб захаваць прынамсі спакойна-ветлы выраз твару… Бо панна дакладна вырашыла адразу давесці беднаму шляхцюку, хто ёсць хто ў гэтым не лепшым са светаў, і для дзёрзкага, які насмеліўся прэтэндаваць на сардэчную прыхільнасць самой Багінскай, venit summa dies et ineluctabile fatum — прыйшоў апошні дзень і няўмольны фатум… Пакой, дзе яго прымалі, быў, як і ў Агалінскіх, спехам прыкрашаны прывезеным — кітайскія шырмы, кілім, столік з сервізам, толькі ўсё даражэйшае. Затое гаспадыня пакоя была прыбраная дасканала, як на каранацыю, аж вочы сляпіла. Куафюра паненкі ўяўляла з сябе сярэдніх памераў воблака, у якім была зладжаная з дапамогай штучных кветак і маленькіх фігурак галантная сцэнка «Селадон спакушае Галатэю». Прычым справы ў мізэрнага Селадона відавочна не ладзіліся, таму што Галатэя ўцякла ад яго на тры вяршкі ўверх па напудраных пасмачках. Сукня з крыналінам была падобная не да воблака, а да вострава, зарослага ружовымі кветкамі. Карункаў для аздобы сукенкі было выкарыстана столькі, што хопіць пахаваць не аднаго фараона, укруціўшы ягоную мумію. А за каштоўнасці, што паблісквалі на руках, шыі, у вушах паненкі, можна было развязаць невялічкую вайну. Трупаў гэтак на сотню.

За ўсяе гэтай раскошай у самую апошнюю чаргу заўважалася аблічча ейнай уладальніцы. Тварык Паланэі з крыху прыўзнятым носікам і шырока расстаўленымі блакітнымі вачыма быў набелены і нарумянены так, што здаваўся абліччам яшчэ адной васковай лялькі. Мушка ля правага куточка роту, вусны намаляваныя сардэчкам так хітра, што здаюцца зусім маленькімі. Блакітныя вочы паглядаюць… ды не зразумела, з якім выразам паглядаюць. Ясна, што пры двары найперш трэба навучыцца хаваць пачуцці. Кудысьці знік мілы круцельскі выраз, гарэзныя жарынкі ў вачох… І няўжо гэтая лялька калісьці дапамагала Пранцішу залезці ў вакно менскага базыльянскага кляштара, цягала з Саламеяй бочачкі з порахам у сутарэнні пад Полацкам і дарыла Пранцішу Вырвічу на развітанне дастаткова палкія пацалункі? Не можа быць!

полную версию книги