Пандора, прыўкрасная і нерухомая, усё гэтак жа глядзела перад сабой у прастору шэрымі прамяністымі вачыма, толькі Пранцысю падалася ў іх злая насмешка. Нават злавесная… Таму што пажаўцелы аркуш паперы, які ляжаў на маленькім століку перад лялькай, больш не быў пусты. На ім красаваўся малюнак — аловак, заціснуты ў руцэ аўтамата, застыў у ягонай апошняй кропцы. Пасля некаторага здранцвення абодва даследчыкі кінуліся вывучаць пасланне механістычнага духу. Звычайны пейзаж: складзенае з буйных каменняў збудаванне, падобнае на склеп, на паўкруглай арцы над уваходам надпіс на лаціне «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Унізе малюнка быў напісаны шэраг драбнюткіх лічбаў, падзеленых на групы рысачкамі, і слупкі літар, з якіх ніяк не жадалі складацца знаёмыя словы.
Малюнак, калі прыгледзецца, быў недасканалы — ён увесь складаўся з асобных простых рысачак, ад чаго здаваўся каструбаватым. Але ніхто б не здагадаўся, што маляваў не жывы мастак, а бяздушны аўтамат. Лёднік так і сяк круціў аркуш, глядзеў на святло, ледзь не на смак спрабаваў.
— А што гэта за мясціна? — не вытрымаў Вырвіч. Прафесар паціснуў плячыма.
— Не ведаю. Праўда, надпіс над уваходам адметны, пра яго могуць быць звесткі. «Перамога агню над жалезам»… Victoria ferrum luce… Штосьці сімвалічнае, эзатэрычнае… Можа, там таемная лабараторыя? — у голасе прафесара пачулася мройнасць — так яму, падобна, захацелася ў тую лабараторыю, за новымі ведамі. — Таямніцу знаходжання яе, упэўнены, раскрываюць гэтыя літары і лічбы… Эх, ёсць адзін спосаб… Каб гэта мне раней у рукі патрапілася, я б учыніў пэўны рытуал… — твар Лёдніка стаўся такім прагна-драпежным, што Пранціш пералякаўся — бо зразумеў, што доктар успомніў пра свае заняткі чорнай магіяй, і вось-вось адновіць практыку…. Але той схамянуўся, страсянуў галавой, скідаючы ачмурэнне, вінавата перахрысціўся, прамармытаў кароткую малітву.
— Трэба ўключыць наш аўтамат, — хай яшчэ раз памалюе.
Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.
Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.
— За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! — сцвердзіў Вырвіч. — Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!
— Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, — няўважна прагаварыў Лёднік, углядаючыся ў малюнкі, нібыта яны былі двумя прорвамі, у якія ўвалілася нешта каштоўнае. — Ягонай мосці Каралю Радзівілу, на нашае шчасце, зараз не да нейкіх лялек, таму за мяне ўсур’ёз і не ўзяліся…
Лёднік скруціў аркушы ў трубку. Ягоны твар пацямнеў, зморшчына між бровамі паглыбілася.
— І тыя, каму патрэбная Пандора, не адступяцца.
Вырвіч таксама спахмурнеў.
— Спадзяюся, ты не збіраешся аддаваць сваю спадчыну?
Прафесар памаўчаў.
— Аддаваць не збіраюся. А вось забраць — могуць. Я з альбанчыкамі адзін не спраўлюся. Нават з тваёй дапамогай. Так што пакуль нікому не кажы пра тое, што механізм адрамантаваны. Можа, пакуль Богуш з кампаніяй будуць упэўненыя, што аўтамат зламаны, нічога ўтвараць не стануць? А я распараджуся, каб ляльку заўтра ж перанеслі ў маю патаемную лабараторыю.
Што азначала — у сутарэнні. Выпрасіў там Лёднік у рэктара куток дзеля рызыкоўных доследаў, у дадатак да афіцыйнай лабараторыі. Ключ ад тых апартаментаў меўся толькі ў прафесара, а бывалі туды дапушчанымі некалькі давераных вучняў, што цвёрда вырашылі стаць медыкамі, ды, вядома, Вырвіч. Праз падземны ход, які цягнуўся ажно да каралеўскіх стайняў, зручна было прыносіць трупы для доследаў. Пранціш падазраваў, што лабараторыю перыядычна абшукваюць езуіты — нельга ж дапусціць да непапраўнага блюзнерства, але Лёднік алхіміяй больш не займаўся, золата не варыў, духаў не выклікаў. А ўскрываць трупы ў еўрапейскіх універсітэтах даўно не было забароненым — наадварот, гэта рабілі ў анатамічных тэатрах, перад сотнямі вачэй, апошнім часам сталася модным прыводзіць туды тытулаваных дам, якія павісквалі на галерэі і прыгожа трацілі прытомнасць у абдоймах сваіх спадарожнікаў. Смерць пераставала быць таемствам, робячыся балаганным відовішчам. У любой кніжнай лаўцы прадаваліся падрабязныя анатамічныя атласы, у любой аптэцы Італіі, Францыі, Швейцарыі выраблялі расфарбаваныя васковыя муляжы ўскрытага цела. Але тут, у Вільні, нават загадчык кафедры мог дазволіць сабе падобныя практыкаванні толькі ў сутарэннях.
Цяпер туды адправіцца і васковая лялька.
Лёднік, які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад «прэцэдэнту», корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць з ягоных алхімічных рук. Вырвічу аж надакучыла. Нарэшце прафесар, задаволены, бы кот, які нарэшце дабраўся да гаспадарскай каўбасы і цішком прыгаварыў яе, стамлёна выцер спацелы лоб і абвесціў, што прынцып дзеяння ён у агульных рысах усвядоміў.
— І вось яшчэ якая дзіўнота: той механізм, які адказвае за з’яўленне малюнка — ён невялікі, з мноства драбнюткіх дэталек, — выглядае старэйшым за астатнія часткі аўтамату, падобна, яго ўбудавалі ў ляльку, зробленую значна пазней за яго. На якую халеру вялікі гетман гэты аўтамат набываў? І чаму менавіта мне адпісаў?
Лёднік пацёр мнагамудры свой лоб, стамлёны ад думання, насунуў глыбей капялюш і ледзь на развітанне не пажадаў ляльцы дабранач.
Перад тым, як выйсці з пакою, Пранціш затрымаўся, падыйшоў да Пандоры, хуценька расшпіліў на яе спіне сукенку, сунуў руку ў механізм і, пакуль не бачыў Лёднік, спрытна выкруціў тую дэтальку, якую яны з прафесарам вынайшлі, разам з нейкім шпіндзялёчкам. Так, на ўсялякі выпадак. Лялька — уласнасць прафесара, значыць, не павінна слугаваць іншым!
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
СТРАШНАЯ ТАЯМНІЦА ЛЁДНІКА
Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, — а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, — наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.
Не, наймудры чалавек — гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала — кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве — акуратны белы парык, на плячах — аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг — усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!
— Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?
Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.
Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства — заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік — трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы — косткі для гульні — проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак — Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.