Выбрать главу

I больш чым верагодна, што паведамілі Баўтрамею Лёдніку трывожныя звесткі пра сына таксама невыпадкова... Каб кінуўся да яго і разам патрапіўся ў пастку. Без падпалу дровы не гараць.

Лёдніку, відаць, гэта таксама ў галаву прыйшло, бо прашаптаў сябру са скрухай:

— Прабач...

Успомніў пра алей, калі кашу з’елі...

Пацёмкін устаў, пацягнуўся, як дужы звер.

— Заўтра прыедзе мой пляменнік, магілёўскі губернатар Энгельгард, ён і зоймецца вашымі шалберскімі мосцямі. Усё ягоным падручным раскажаце.

Раптам Карусь — бух на калені... Зусім не ўласцівае ганарыстаму дзікуну дзеянне.

— Ваша светласць, дазвольце, я давяду, што прадметы, якія вы дасталі з аўтаматона, былі кімсьці падкладзеныя толькі тут, у Дуброўне.

Пацёмкін зіркнуў на дзёрзкага, як на муху ў сваім кубку.

— Ты яшчэ хто?

— Калістрат Роўба, чаляднік пана Лёдніка.

Чорны Доктар тут жа паправіў:

— Ён вольны чалавек, ваша княская мосць, і мой вучань.

Вырвіч трохі здзівіўся: трэба ж — Карусь насамрэч Калістрат, а не Казімір. Гэтак жа многія дзівіліся, што поўнае імя Пранціша — не Францыск, а Франтасій.

Князь не дзівіўся, а злаваўся.

— Пустой балбатні не цярплю.

— Ваша княская мосць, зірніце на банкноты i на пласціну ўважліва! — настойліва прамовіў Карусь. Сакратар, які трымаў доказы злачынства, паспяшаўся паднесці іх бліжэй да ўладара. — Яны ўпэцканыя ў фарбу, якой размалёўваюць сцены ў гэтым пакоі. Сляды пакінулі чыесьці пальцы, і гэта магло адбыцца толькі тут. Магчыма, у прыцемку, бо той, хто падкідваў, не заўважыў, што ўпэцкаўся. А машыну гэтую, ваша княская мосць, забралі ў пана Аляксандра Лёдніка адразу па прыездзе сюды і замкнулі. Ён толькі сёння, на вачах сведкаў, атрымаў магчымасць да яе падысці.

Вось жа пільны юнак! Пацёмкін прыдзірліва агледзеў падазроныя прадметы.

— I навошта каму было такое ўчыняць?

Тут выступіў з прамовай спрактыкаваны суддзя, пан Франтасій Вырвіч. Ягоныя велягурыстыя і поўныя намёкаў расповеды пра інтрыгі нявернай жонкі Пане Каханку і графа Нікола Мануцы Пацёмкіна асабліва не кранулі, але хапаць ды валачы фальшываманетчыкаў не загадаў. Змерыў поглядам Каруся, які ўзняўся з калень і выпрастаўся ва ўвесь свой немалы рост, далібог, праз пару гадкоў паставай будзе падобны, відаць, да маладога Пацёмкіна.

— Гэта добра, што адданы гаспадару. Пісьменны. У гвардзейцы я б цябе ўзяў.

Карусь набычыўся.

— Даруйце, ваша мосць, я служу сям’і Лёднікаў.

Пацёмкін застаўся абыякавы да дзёрзкасці чалядніка — былі б пабразгачы, будуць паслугачы. Ён пра нешта раздумваў, кусаў вусны, грэбліва і ўчэпіста разглядаў Лёдніка-старэйшага, быццам прыкідваў, колькі з гэтай рыбіны юшкі атрымаецца...

— Што ж, у бліжэйшы час Зорычу будзе не да гэтага аўтамата. Энгельгард кубло злачыннае раскруціць. А яе вялікасць якраз чакае мяне з дакладам і пра далучаныя землі, і пра крымскія справы. I адразу дзве забаўкі я магу ёй прадставіць: цябе, доктар, і выраб твайго сына... — I прамармытаў насмешліва: — Няхай шчанюк Ланскі панервуецца...

Згоды падазраваных, натуральна ж, ніхто не пытаўся. Быць бычку на лычку, а цёлачцы на вяровачцы.

***

Паркет быў бліскучы i цвёрды. Як пастаіш на каленях з гадзінку, дык адразу тую цвёрдасць ацэніш.

Пранціш патузаўся туды-сюды, намагаючыся незаўважна паправіць нейкі гузік на штанах, які балюча ўпіўся ў лытку. Скасавурыўся на Бутрыма: нават стоячы на каленях, той спіну трымаў роўна, дзюбаты нос задзёр, фізіяномія фанабэрыстая, нібыта Чорны Доктар на троне сядзіць.

Але трон, дакладней, шыкоўны фатэль, абцягнуты чырвоным з золатам шоўкам, дастаткова шырокі, каб змясціліся крыналіны, заставаўся пустым. I даволі доўга. На маленькім століку побач дарэмна жаўцелі ў срэбнай вазе персікі і распроствала аксамітныя барвовыя пялёсткі адзіная, але дзівосная ружа. Яе высокае сцябло пяшчотна абдымала срэбная німфа са збаночка ў выглядзе выцягнутай ракавіны.