— Бачу, гады не пашкадавалі цябе, доктар. I розум аднялі, і цялесныя здольнасці. Болей ужо не скачаш па сценах, адзін супраць дваццаці з шабляю не выстаіш?
Бутрым схіліў галаву.
— Мне цяжэй рабіць гэта, ваша вялікасць.
Імператрыца расцягнула напамазаныя вусны ва ўсмешцы, загаварыла атрутна-ласкава.
— А я столькі расказвала сваім сябрам... вунь, тым жа Ланскому, Пратасавай ды Савічне, як спрытна ты рухаешся. Шкада, яны не бачылі... Але ты ж не адмовішся ім гэта паказаць хоць трохі? Учыніць мале-енькі бясшкодны трэнінг? Мы прыдумаем нешта зусім лёгкае і бяскрыўднае, так, сябры?
Лёднік не зварухнуўся.
— Воля вашая, але, баюся, таго відовішча, як мінулы раз, не атрымаецца, ваша імператарская вялікасць.
— Нічога, мы даруем,
Пранціш з трывогай зазначаў, што там, дзе стаялі гвардзейцы, пачаўся нейкі pyx — вядома, азірацца не выпадала... Напэўна, манархіня падрыхтавала помсту... Вунь і Ланскі ў прадчуванні расплыўся ў зласлівай усмешцы. Алесь, падобна, падазраваў тое ж, бо асцярожна зрабіў крок да бацькі... Быццам тут можна было абараніцца ці кагось абараніць.
А Шлісельбургская крэпасць зусім непадалёк.
— Мог быць сярод уладных і вялікіх. Але ўвесь час выбіраеш быць сярод прыніжаных і зняважаных.
— Ha іх баку спаконвеку таксама паэты і Гасподзь, ваша царская міласць, — сумна, але цвёрда прамовіў полацкі Фаўст.
— Што ж, твой выбар. Заместа дыяментаў — гнілыя яблыкі.
Зараз жа гнілы яблык і паляцеў у Чорнага Доктара, запушчаны адным з гвардзейцаў, што змясціліся так, каб не патрапіць выпадкова ў імператрыцу.
Калісьці Бутрым адзін выратаваў студэнтаў Віленскай акадэміі, абараняючы ад кучы расейскіх жаўнераў уваход у аўдыторыю, пакуль удзельнікі патрыятычнай сходкі ўцякалі таемнай дарогай. Пасля Чорнаму Доктару давялося даказваць, што ніхто яму не дапамагаў, і ніякага закалоту не было, і дэманстраваць фехтавальнае майстэрства на вачах царыцы. Тады супраць Бутрыма сапраўды выйшла дваццаць гвардзейцаў, якіх ён мусіў не прапусціць у дзверы, пацяшаючы імітацыяй бойкі прыдворную публіку. Справіўся.
Пасля падрабязнасцей было не дастаць — царыца ў сваіх пакоях зладзіла палачаніну яшчэ адну праверку ягонай спрытнасці, шпурляючы ў яго цукеркамі з вішнёвым начыннем. Вырвіч, звозячы доктара з Паўночнай Пальміры, спалохаўся, што той паранены, а гэта пад кашуляй, на грудзях, цукерка наліпла... Дзіва што тагачасны фаварыт Рыгор Арлоў выправіў Лёдніка прэч, як толькі змог.
Экзекуцыя з гнілымі яблыкамі выглядала здзеклівай пародыяй на тую куртуазную гульню з цукеркамі ў імператарскім алькове. Доктар воляю пакрыўджанай манархіні мусіў усвядоміць, наколькі ён апусціўся, зрабіўшы няправільны выбар... Які смешны і нямоглы стаў... Блазан нікчымны.
Можа, і варта было б даць манархіні спатоліць гнеў. Ну пашпурлялі б гнілымі яблыкамі, як падчас гульні ў снежкі, пасмяяліся б, атрымаў бы няўдзячны ганарлівец найбольш пару сінякоў...
Але Меланхолія казала пра асаблівыя інстынкты знаўцы баявых майстэрстваў такога ўзроўню, якія нельга схаваць... Адбылося тое, што і пры першай сустрэчы з Мануцы, калі той запусціў у патыліцу доктара шышкай. Шпурнуты ў галаву яблык праляцеў міма гэтак жа, як і той, што цэліў у грудзі. Вырвіч нават усвядоміць не паспеў пачатак руху старэйшага сябра — гніляк, што меціў у таго, трапіў проста ў лоб нашчадка Палемона... Добра, што хоць не цвёрды.
Лёднік уварочваўся так хутка, што ягоная постаць здавалася расплывістай. А адзін падгнілы снарад адправіўся роўненька назад у нападніка, яшчэ, здаецца, не даляцеўшы да выстаўленай насустрач доктаравай рукі. Аўтаматон жаласна вухкаў, бо даставалася і яму... Звінелі люстэркі, падалі кандэлябры... А полацкі Фаўст круціўся недасягальнай віхурай.
Пацёмкін, спалоханы, што можа пацярпець імператрыца, раўнуў:
— Хопіць!
Усё адбылося хутчэй, чым асушваюць келіх віна.
Пранціш выціраў са шматпакутнага свайго лба рэшткі блазенскага снарада, Алесю таксама прыляцеў царскі пачастунак, мяркуючы па брунатных плямах на карункавым каўняры. У чорных пашчах цуда-машыны заселі некалькі гнілых яблыкаў.
Лёкаі, падобныя да вялізных звар’яцелых серабрыстых пацукоў імкліва запоўзалі па падлозе, прыбіраючы сляды царскай забавы.
Лёднік застыў у пачцівай годнай паставе з самай поснай фізіяноміяй, чысценькі, нават не задыхаўся.
Фрэйліны горача зашапталіся, паглядваючы на яго ўжо іначай. Імператрыца з незразумелым выразам твару круціла ў пальцах маленькую табакерку. Пранціш за час судзейскай практыкі засвоіў: такія дзеянні сведчаць, што чалавек хоча схаваць сапраўдныя пачуцці.