— Здароўе, кажаш, страціў... Нямоглы стаў... Ілжэш як дыхаеш. Акрамя маны я ад цябе нічога не бачыла.
Яе вялікасць нават устала з фатэля і падышла бліжэй да палачаніна, намагаючыся трымацца прамей і ступаць лягчэй. Прыдворныя напружана сачылі за кожным яе pyхам, спрабуючы зразумець: трэба хапаць і караць ці, наадварот, ветла паўсміхацца новай царскай забаўцы?
— Ты страшны чалавек, Лёднік. Я гатовая паверыць, што ты можаш поглядам рухаць прадметы і забіваць на адлегласці, як мне дакладвалі. Мне толькі адной падалося, што ты адбіваў яблыкі, калі яны яшчэ да цябе не даляцелі? Хопіць з нас мярзотніка Каліёстра. Магчыма, цябе варта перадаць духоўнай кансісторыі?
Ну тады зусім карачун...
— Мне перадаваў мой чалавек, матухна, пра дзіўныя рэчы, — няспешна загаварыў Пацёмкін, нібыта ўзважваючы, як карысней учыняць. — Ён сам бачыў, як гэты доктар змушаў зброю саму па сабе наносіць яго сапернікам раны.
Дакладчыкам быў Мануцы, ясна. А Пацёмкін, падобна, вырашыў, што доктар выканаў адведзеную яму ролю, і цяпер яго акуратна прыбярэ.
Бутрым ускінуў галаву.
— Любы чалавек, добра натрэніраваўшыся, можа ўчыняць рэчы, якія могуць падацца чарадзействам, а на справе ўсяго толькі дасканалае ўмельства...
Палацавыя гадзіннікі пачалі біць, з пакоя ў пакой перасыпаліся гукі, такія ж нежывыя, як у фонааўтаматона, але куды больш меладычныя.
— Даруйце маю дзёрзкасць, Ваша вялікасць, — насмеліўся падтрымаць сябра Вырвіч. — Магу засведчыць, што пан Баўтрамей Лёднік — добры хрысціянін, наведвае службы і трымаецца пастоў. Ён шмат ахвяраваў на Свята-Духаў храм у Вільні і ў Гародні падтрымліваў Прачысценскую царкву, як мог, і ў Полацку храм Святой Сафіі...
— Дазвольце і мне сказаць, ваша вялікасць... — не прамаўчаў Алесь. — Мой пан-бацька заўсёды вучыў мяне хрысціянскім каштоўнасцям і адварочваў ад усяго магічнага, як ад вялікага граху.
— Чым большы грэшнік, тым большыя ахвяры, — хмыкнуў князь Пацёмкін. — Вас ніхто не пытаўся, сын ды сябрук чарадзея. Ну што, матухна, загадаеш з гэтай камандай рабіць?
I азірнуўся на Ланскога, які глядзеў на князя з сабачай адданасцю, аж вочы павільгатнелі: паказваў, што ўсвядоміў урок, будзе паслухмяны. Бо як што, аншэф-фаварыт знойдзе кім замяніць блазнюка ў царскай спачывальні.
У люстэрках паміж пастаральных карцінаў адбіваліся насцярожаныя напудраныя фізіяноміі.
— Аўтамат я куплю, падарункаў мне ад фальшываманетчыкаў не трэба. А што тычыцца лёсу гэтай банды...
Імператрыца прайшлася перад ліцвінамі. Яшчэ раз абмерала поглядам Алеся Лёдніка, зноў расчаравана ўздыхнула: той, вядома, малады, і такі ж высокі і вучоны, але чагось не хапае ў параўнанні з бацькам. Па Вырвічу толькі слізганула вачыма, а перад Чорным Доктарам спынілася. Абедзве фрэйліны стаялі за спінай уладаркі і зацята хрысціліся, гатовыя магу суроклівыя вочы выдрапаць... Ну альбо добрым манерам павучыць у больш інтымнай абстаноўцы. Пратасава, не саромеючыся, шнырыла вачыма па ўсіх фрагментах хударлявай постаці і шапталася з Савічнай, Вырвічу падалося, што ён разбірае асобныя словы: «Стараваты... А нос вялікі, добрая прыкмета...»
— Трэнінг, кажаш, дае ўмельствы, падобныя да магіі? — вочы царыцы бліснулі ў нейкім прадчуванні. — Ну дык пакажы зараз штосьці падобнае да магіі, але не магічнае.
Ланскі нешта звягаў пра небяспеку, але на яго ніхто ўвагі не звяртаў. Высокая нязграбная Пратасава нешта пашаптала на вуха гаспадыні, тая кіўнула.
— Стань вунь там, ля вашага аўтамата... Бачыш ружу на стале? Адпушчу цябе з тваімі сябрамі, і падазрэнне ў змове з шалберамі Зорыча з вас будзе знятае, калі не сыходзячы з месца і без зброі тую ружу зрэжаш. А не зможаш ці чараўніцтва ўжывеш — выбачай, адправішся пад следства.
— Ваша вялікасць, і хай спінай да кветкі павернецца, — з прагнай цікавасцю правішчэла Савічна.
Для выбітнай дзеі тут жа падрыхтавалі сцэну. Кацярына адышлася са сваёй світай да сцяны, ёй неадкладна прысунулі фатэль. Гвардзейцы пільнавалі кожны рух падазронага ліцвіна.
А да століка сажні тры... Тут не кожны нават кінжалам ці куляю пацэліць. А ўсляпую, з голымі рукамі... Ім жа ні шпількі не пакінулі, у Алеся нават адвёртку адабралі, якой ён свой аўтамат напраўляў.
Пранцішу, якога адагналі таксама да сцяны, нічога не прыходзіла ў галаву, Алесю, падобна, таксама. Праўда, хлапец відавочна напружыўся, як тады, калі кіраваў звяркамі: ці не спрабаваў аднавіць свае здольнасці і прывабіць якога пацука ці вераб’я?
Прыдворныя пацяшаліся: хтось прапаноўваў доктару перарэзаць сцябло позіркам, не здагадваючыся, што ён такое сапраўды можа, хтось раіў даплюнуць, атруту ў сліну дадаўшы, хтось сцвярджаў, што нос доктара — самая лепшая зброя, і яго можна выкарыстаць у якасці сякеркі...