Бутрым не змяніўся ў твары, паслухмяна павярнуўся і стаяў сабе цёмным слупам, толькі пачціва схіліў галаву, пачуўшы недарэчны загад. Адзіны раз азірнуўся цераз плячо на столік з кветкай, прабегся вачыма па пакоі, нешта прыкідваючы...
Пацёмкін усміхаўся вельмі нядобра: давай, маг, праявіся! А ў імператрыцы быў менавіта той пагардліва-задзірысты позірк, ад якога мужчыну хочацца парваць голымі рукамі цмока, абы давесці, што не баягуз. I была вялікая небяспека, што ганарысты доктар сарвецца і ўжыве свае... незвычайныя здольнасці, каб уцерці нос насмешнікам.
Раптам Лёднік адным моцным рухам, крутануўшы, адарваў срэбны гузік са свайго камзола, і з неверагоднай сілай запусціў яго ўбок. Гузік са свістам стукнуўся аб жырандолю на сцяне, адляцеў... I перабіў сцябло ружы.
Пунсовая галава кветкі звалілася на малахіт, пад ногі срэбнай німфы.
Шкада, Чорная Меланхолія не бачыць, як вучань засвоіў яе ўрок.
На нейкі час у пакоі запанавала маўчанне.
— Ваша вялікасць, ён вас заб’е! — рантам залямантаваў Ланскі і кінуўся захінаць сабою каханку. Тая паморшчылася, не адводзячы вачэй ад Чорнага Доктара, чый худы дзюбаносы твар зноў быў адчужана-пачцівы. Паклікала яго бліжэй жэстам рукі.
— Што, і праўда, можаш мяне забіць?
— Я лекар, а не забойца, ваша вялікасць, і ніколі не нанясу шкоды сваім пацыентам.
Савічна пераміргнулася з Пратасавай, і яны акуратна адсунулі знерваванага Ланскога ад імператрыцы.
— Што ж, умову маю ты выканаў.
Кацярына павярнулася да раздражнёнага нечаканым паваротам Пацёмкіна:
— Хай ідуць, душа мая. А нам з табою трэба перагаварыць пра дзяржаўныя справы... Але ж і забавіў ты мяне сёння, даўно так не весялілася.
Дарэмна Вырвіч спадзяваўся, што зараз жа ім дадуць з’ехаць. Яшчэ і Ланскі, ледзь не плачучы, дагнаў у калідоры Бутрамея:
— Калі ты яе пакрыўдзіш...
Чорны Доктар акуратна адвёў спешчаную руку фаварыта ад свайго рукава і змрочна прамаўчаў. Гэтак жа маўчаў i Алесь. Прамовіў толькі бацьку перад тым, як усіх развялі па пакоях:
— А я спадзяваўся, што выйшаў з твайго ценю. Але там мне, відаць, і дажываць...
I схаваўся ў спачывальні, не даўшы разгубленаму Бутрыму нешта прыдумаць у адказ.
Вырвіч як хутчэй справадзіў мясцовага лёкая, абуральна важнага, і кінуўся ў пакой Бутрамея, на шчасце, іх больш не ахоўвалі, як вязняў.
Карусь, якога неяк трымала казетка з занадта таненькімі выгнутымі ножкамі, прыклаў палец да вуснаў: Бутрым стаяў у куце перад абразамі і маліўся, чорна-сівыя патлы звешваліся, захінаючы рэзкія рысы аблічча. Ды што ж такое ў гэтым чараўніку, у чарговы раз задаўся пытаннем Пранціш, чым ён такія жарсці абуджае?
І хто заўгодна зараз параіў бы доктару не штукарыць, а скарыстацца капрызам магутнай імператрыцы. Далі булку — не лічы разынкі. Вунь усе магнаты, што свае войскі супроць расейцаў падымалі, у чарзе дасюль стаяць па ласку расейскай царыцы, усе прапаноўвалі ёй паслугі і ў ложку, і на палітычным полі: і Міхал Казімір Багінскі, і Караль Радзівіл Пане Каханку, і Аляксандр Сапега... Вядома, шляхціцу па патэнце Баўтрамею не свяцілі асабліва высокія пасады, але і месца асабістага доктара царыцы — душу за гэта іншы заклаў бы...
Але Пранціш не раіў, а доктар бы і не слухаў.
За Баўтрамеем прыйшлі з вялікай пачцівасцю двое лёкаяў. Пацыент чакае, сказалі. Ну, вужака не ўкусіць, калі Бог не папусціць...
За дзвярыма пераміналася высокая няўклюдная Пратасава, каб праводзіць забаўку да царыцы ды па дарозе хоць трохі павучыць правільнаму абыходжанню з манаршай асобай.
Доктар толькі кіўнуў Карусю і Пранцішу і выйшаў з самым фанабэрыстым выглядам.
Вось цяпер і ім заставалася адно маліцца.
Гасподзь — Пастыр мой; я ні ў чым не буду мець нястачы: Ён пасвіць мяне на зялёных нівах, да ціхіх крыніц прыводзіць мяне, ён душу маю мацуе, накіроўвае мяне на сцежкі праўды дзеля імя Свайго. Калі я пайду нават далінаю смяротнага ценю, не збаюся зла, бо Ты са мною...
Па паркетах палаца халоднага паўночнага краю гулялі скразнякі, лёкаі і інтрыганы.
Білі гадзіннікі, сеючы металёвыя гукі, быццам жалезныя жалуды, з якіх вырастаюць цмокі.
Вырвіч задрамаў, і бачыў у сне то намаляваныя пальмы, то лупатыя белыя вочы...
Мусіць, толькі пад раніцу грукнулі дзверы.
У цьмяным святле адзінай свечкі, якая не паспела аплысці, Бутрым цяжка сеў на ложак, апусціўшы галаву, і ягоны профіль здаваўся выразаным вострым инструментам з цёмнага металу.