Пранціш баяўся запытацца, што i як... Доктар неахвотна парушыў маўчанне.
— Ёй не трэба яшчэ адна краіна... Толькі ўскраіна. Як бы мы ні называліся — ліцвіны, беларусы, крывічы...
Пранціш папярхнуўся слінай.
— Ты што, з ёй усю ноч пра палітыку спрачаўся?
Бутрым памаўчаў, расшпіліў камзол, шпурнуў у кут, дзе прыдворны ўбор перахапіў устрывожаны Карусь.
— З’ехаць нам дадуць. Яе вялікасць трымае слова.
I зразумела было, што ад доктара зноў ніхто ніколі не дачакаецца падрабязнасцяў. I зноў будуць множыцца плёткі і чуткі. Таму што ў палацы, як у шкляной скрынцы, нічога не схаваеш, а тое, што адбываецца ў ценю, за фіранкамі ды шырмамі, толькі набывае фантастычныя рысы ды розныя варыянты.
— Бутрым, а ты... застаешся?
За акном пачаў нудзіцца дождж, буркатаў ды буркатаў, як стары дзед.
— Спадзяюся, што больш сюды не вярнуся ніколі.
Сонны Вырвіч заваліўся ў вылучаны яму пакой, не ў змозе да канца здушыць ганебнае пачуццё зайздрасці да сына полацкага гарбара, непрыгожага, змрочнага і неверагодна ўпартага ў нязручнай праўдзе сваёй.
Раздзел сямнаццаты
ЯК ЛЁДНІК АД ЧОРНАЙ МЕЛАНХОЛІІ
ВЫЛЕКАВАЎСЯ
Альберт Вялікі раіў для атрымання філасофскага каменя ўзяць тры мінералы і тры раслінныя кампаненты: медзь, зялёную медзь і антымоній, а таксама ружу, дуб і сажу.
З мінераламі Вырвіч важдацца ніколі не любіў, ён заўсёды лепей з шабляй упраўляўся, чымся з колбамі. А вось як паэт згаданым ружы, дубу і сажы лёгка падабраў бы сімвалічныя ўвасабленні...
Чаго доўга шукаць: яны сядзелі якраз навідавоку, за даўжэзным урачыстым сталом, за якім толькі і варта красавацца высокай навуковай радзе. Танклявы ды круглатвары дэкан калегіі маральных навук Галоўнай віленскай школы, нядаўняй Акадэміі, у чырвоным камзоле з такога дарагога фландрскага аксаміту, што вяршка хапіла б на добры абед — вось вам і ружа. Прарэктар, безумоўна, нагадваў дуб квадратнымі плячыма, абцягнутымі зялёным сукном, і драўляным выразам твару, які ўласцівы вайскоўцу, а не мужу вучонаму. Ну дык і быў прысланы былы вайсковец у дапамогу рэктару, нядаўняму езуіту і астраному Марціну Пачобут-Адляніцкаму, дзеля ўмацавання дысцыпліны. А чарнявы пан, у якога нават чыста паголеныя шчокі здаваліся аброслымі, — новы кіраўнік медычнага калегіума — мог сысці за сажу.
I пакой прыводзіў на думку алхімічную лабараторыю: столь у выглядзе складанай пентаграмы, скляпенні разыходзяцца пялёсткамі ад каржакаватых калонаў, на якіх пераплятаюцца дзівосныя травы ды кветкі, аскетычная мэбля з чорнага дрэва...
Праўда, пры такім замесе інгрэдыентаў наўрад можна было спадзявацца на атрыманне філасофскага каменя — хутчэй, смярдзючай баязлівай жыжкі, у якой меркавалася аргументавана патапіць папярэдняга дэкана згаданага медычнага калегіума, доктара Баўтрамеюса Лёдніка.
Лёднік быў тут жа, насупраць рады вучонай, сядзеў на чорнай лаўцы аўдыторыі ў расслабленай паставе, ледзь нагу за нагу не заклаўшы, і відавочна на ні на што добрае не спадзяваўся, маўляў, згарэў хлеў, гары і хата. Народу на пасяджэнне шаноўнай вучонай рады набілася як арэхаў у горла каляднай гусі. Шыпелі, гулі, рагаталі... Сведкаў абуральнага блюзнерства, вар’яцкіх тэорый і супрацоўніцтва Чорнага Доктара з шатанам знайшлося больш чым дастаткова.
Усё прыпомнілі: і дурную тэорыю пра анімалькуляў, якія выклікаюць запаленне. А каб іх прагнаць, дактарам трэба мыць рукі пасля працы з трупам ці хворым перад тым, як датыкацца да наступнага хворага. А хто бачыў на доктарскіх руках тых анімалькуляў? Што яны, па пальцах маршыруюць, падобна красналюдкам?
А перкусія — выстукванне спіны і грудзей хворага, што нібыта дапамагае вызначаць хваробу? А дурная тэорыя «цыркулятараў», згодна з якой кроў круціцца ў арганізме, як вавёрка ў коле? А што там прафесар Лёднік пра мозг напрыдумляў — быццам перадаў яму функцыі святой душы? А цёмная гісторыя з шалберам Месмерам? Ёсць сведкі, што падчас сеанса жывёльнага магнетызму ў Рызе Лёднік рухаў прадметы і гасіў агонь, не дакранаючыся.
Зрэшты, падобных сведчанняў — пра руханне предметаў, загашванне на адлегласці агню ды падобнае — сабралася зашмат, каб спісаць ix на чыюсьці фантазію... У Вене Лёднік наслаў на пачцівую прыдворную даму падучку. Жонка пана доктара загінула ў выніку чорных рытуалаў, якія ўчыняла на вачах сведкаў, зрабіўшыся прычынай смерці бязвіннай парадзіхі і яе немаўлятка. Сам доктар у слаўным мястэчку Віславіцы зладзіў незвычайны напад птушак на людзей. А што ён учыніў у Санкт-Пецярбургу! У яго там у царскім палацы прадметы лёталі, як пчолы!