Добра, што Аляксандр Лёднік адправіўся ў Кракаў удзельнічаць у публічных эксперыментах у тамтэйшым універсітэце: абяцалі добрыя грошы за сакрэты фонааўтаматона. А то, калі Расія падобны цуд залучыла, трэба ж i Кароне займець. Так што, калі б не з’ехаў, Алесь сядзеў бы зараз побач з бацькам: прыпомнілі б i ягоныя фокусы...
Цікава, што абвінавачванні ішлі па дзвюх траекторыях, не паралельных, а проста сабе перпендыкулярных: навуковай і чорнамагічнай.
Такое ўражанне, што далі хартам усіх масцяў каманду «Кусі яго».
Вядома, у эпоху Асветніцтва, пры адукаваным каралі Станіславе Панятоўскім, прыхільніку Дзідро і Русо, нельга проста вывалачы ведзьмака на пляц ды спаліць да агульнай радасці.
Усяго толькі яго зараз пазбавяць усіх пасадаў i права займацца медычнай практыкай. Ну i, можа, на баніцыю ў перспектыве асудзяць. А мо знікне шатанскі доктар у чыіх-небудзь сутарэннях, забыты, як бутэлька з перакіслым віном.
Вырвіч мог толькі ўявіць, як раз’юшыліся Стась Цялок i князь Багінскі ад чуткі, што імператрыца, увагі якой яны дарэмна дамагаліся, зноў зрабіла спробу пакінуць пры сабе бязроднага чарнакніжніка з Полацка, а той зноў абразіў манархіню адмовай. А Тэрэза Радзівіл як шалее, што Лёднікі зноў з ейнай пасткі выслізнулі!
Вырвіч не ведаў, якую форму набылі плёткі, гэта ж як атрамант на паверхні ручая, языкі любую жамяру ператвораць у цмока...
Што праўда, бесперашкодна раздушыць такую атрутную жамяру, як Чорны Доктар, нікому не ўдавалася яшчэ. Жамяра! Ха, тут найменей гадзюка... Знайшліся ў гада балотнага палкія абаронцы — і сярод калегаў, і сярод былых вучняў, i сярод уплывовых пацыентаў... Добра, што ягоны сябрук-рэспубліканец Жан Жылібер з’ехаў у Францыю з малым сынком Станіславам, хроснікам караля, а то б кінуўся абараняць блюзнера, Панятоўскага просьбамі ўстурбаваў бы.
А вось завіхаецца, менціць языком у абарону ведзьмака яшчэ адзін кумпан, былы падкаморы Менскага павета, задзірысты шляхцюк пан Франтасій Вырвіч, які нядаўна ў Гародні знявечыў на двубоі графа Нікола Мануцы...
Лёднік з абыякавым, нават паблажліва-сумным выглядам выслухоўваў і нападнікаў, і абаронцаў ды меланхалічна пазіраў у высокае вузкае акно, падзеленае на квадраты, быццам шкляная дзяржава на асобныя ваяводствы. За адным квадратным шкельцам сядзеў белы голуб і чысціў пёры.
Хацелася страсянуць фанабэрыстага эскулапа за плечы: ну чаго крылы склаў, давай у бойку, ты ж можаш!
Доктар саркастычна ўсміхнуўся малодшаму сябру, які скараў вяршыні красамоўства, і зноў утаропіўся ў акно, нібыта менавіта голуб за шыбай вырашаў ягоны лёс.
— Добра, пан Вырвіч сцвярджае, што ўсе незвычайныя з’явы вакол пана Лёдніка звязаныя з ягонымі звычайнымі ўмельствамі... I прадметы рухаліся і лёталі не самі па сабе, а дзякуючы... як там... пралічаным траекторыям нязначнага фізічнага ўздзеяння? Я правільна зразумеў? — з’едліва ўдакладняў аблізаны пан у сінім сурдуце, здаецца, таксама нейкі вучоны доктар. — Хаця паводле даклада з Санкт-Пецярбурга пэўны металічны прадмет сам па сабе ў прысутнасці пана Лёдніка не проста лётаў, а разварочваўся ў паветры, каб патрапіць у прызначанае месца. I мы мусім высветліць, у чым тут шалберства, альбо прызнаць, што справай доктара Баўтрамея Лёдніка павінны займацца духоўныя інстанцыі.
Тут жа аб’явіўся мніх, які з дрыготкаю ў голасе распавёў пра свой досвед сутыкнення з апантанымі нячыстай сілай. У прысутнасці такіх асобаў таксама лёталі, падобна мухам, нажы, лыжкі, люлькі ды іншае...
Дружны гуд і пагрозлівыя выкрыкі пацвердзілі, што Чорны Доктар зарабіў сабе непрыемнасцяў. Тут не было ні Мануцы, ні пані Тэрэзы Радзівіл, але можна не сумнявацца, што іх шпегі за ўсім назіралі і кіравалі працэсам.
Раптам Лёднік раздражнёна ўскочыў, схапіў са стала шаноўнай камісіі нож для папераў з ручкай са слановай косткі, частку шыкоўнага пісьмовага прыбора, узважыў у руцэ, азірнуўся, нешта пралічыў і з сілай запуліў нож у акно... Той стукнуўся роўненька аб металёвую ручку на раме, потым адляцеў, ударыўся аб вушак аконнага праёма і вярнуўся назад, упаўшы на тое самае месца, адкуль быў узяты.
У зале запанавала маўчанне.
— Вось і ўсё чарадзейства, васпане! — раўнуў Чорны Доктар. — Усяго толькі разлік і доўгія трэніроўкі. Можа, хопіць раздзьмуваць для мяне вогнішча з мокрай саломы? Са школы я сыду сам, а доктарскага звання ніхто з вас мяне не пазбавіць, гэтак жа, як не спыніць прагрэс медычнае справы.
Камісія паціху ачомвалася ад спалоху i злавала.