Выбрать главу

— Не так проста, ваша мосць пан Лёднік, — гукнуў дуб зялёны... пардон, прарэктар. — Той фокус, які вы зараз нам паказалі, перавышае звычайныя чалавечыя здольнасці. На маю думку, ён мог быць здзейснены толькі з дапамогай нябачных сіл, i не Госпадам нашым спасланых...

Хтосьці засмяяўся, засвістаў, але хтось і запляскаў у ладкі, радасны небяспечным для злавеснага доктара паваротам.

— Што за глупства! — усклікнуў Вырвіч. — Гэта звычайная фізіка!

— Ну дык паўтарыце тую фізіку! — гукнуў дуб зялёны. — Што, не можаце?

Пранціш гнеўна паглядзеў на Бутрыма. Вось не стрымаўся той ад эфектнай дэманстрацыі.

Увасабленне ружы, ён жа дэкан калегіі маральных навукаў, з нянавісцю паглядаючы на апаганены нож, сваім тонкім голасам нечакана перакрычаў гармідар:

— Шаноўны калега прапанаваў вельмі слушнае. Калі хтосьці зможа паўтарыць куншцюк пана Лёдніка з нажом, мы прызнаем, што гэта ўсяго толькі фізічны дослед. Калі не — справа будзе перададзеная ў кансісторыю Віленскага біскупства, няхай правядуць падрабязнае следства і лёс пана Лёдніка вырашыць Вярхоўны духоўны трибунал Вялікага Княства Літоўскага.

Чорны Доктар нават не варухнуўся, усё гэтак жа меланхалічна ўтаропіўшыся ў акно. Карусь, які застыў каля дзвярэй, тузануўся быў, але спыніўся з адчаем на твары. Не паўтарыць яму фокус гаспадара. Вырвіч гатовы быў валасы на сабе рваць.

— Дазвольце мне паспрабаваць гэта зрабіць, вашыя мосці!

Танклявы студэнцік ліха заламаў шапку на светлых валасах.

— Мой пан-бацька вучыў мяне шляхецкім высакародным навукам, і кулю ў адбітак на вадзе пасылаць, каб адскочыла, і нож шпурляць, каб адбіваўся, куды трэба. Звычайная справа!

Бутрым і Пранціш аднолькава агаломшана ўтаропіліся ў нечаканага персанажа. Вось каго не чакалі пабачыць.

— Пан Гальяш Пянткоўскі, — пачціва пакланіўся студэнцік. — Вольны слухач калегіума натуральных навук.

Пранціш легка паверыў, што Меланхолія сапраўды ходзіць слухаць лекцыі.

Як і чакалася, асоба новага дыспутанта выклікала насмешкі і недавер. Але пан Пянткоўскі ўпэўнена бліснуў сінімі вачыма — нямногія з прысутных ведалі, што яны з венецыянскага шкла, і пацягнуўся да нажа з касцяной ручкай...

Напачатку заступніку чарадзея давялося прачытаць малітву, пацалаваць крыж, што змяншала верагоднасць дапамогі ад шатанскіх сілаў...

Нож для папераў, адпраўлены ў палёт далікатнай, але моцнай рукой, паўтарыў ранейшы шлях. Стукнуўся аб ручку акна, аб камень сцяны, вярнуўся на сваё месца на стале... Каб упэўніць публіку, пан Пянткоўскі паўтарыў свой подзвіг без асаблівай напругі яшчэ два разы.

— Вось і ўсё, панове. Мы з прыяцелямі часта падобным чынам бавіліся.

Лёднік узняўся з цвёрдай студэнцкай лаўкі.

— Думаю, з вымыслам пра маё чарадзейства скончана? Гасподзь усім суддзя.

Развярнуўся і рушыў да выхаду, як пірацкі карабель, перад якім насцярожана расступаліся людскія хвалі.

— Пан Лёднік, вы пазбаўленыя права медычнай практыкі! — выгукнуў яму ў спіну прарэктар.

— Падчас чарговага прыступу пячоначнай колікі няхай васпан нагадае мне пра гэта, — з’едліва кінуў цераз плячо Баўтрамей.

Знаходзілася дастаткова людзей, якія выказвалі словы спачування і падтрымкі. Сярод іх Вырвіч пазнаў Анупрыя Сакалоўскага, колішняга вучня Жылібера, — той і сам стаўся добрым доктарам. Карусь шчасліва ўсміхаўся і асцярожна, але настойліва адцясняў ад свайго добрага гаспадара люд паспаліты.

Пранціш прабіраўся за Лёднікам і Карусём і намагаўся не ўпусціць з вачэй патрапаную смушковую шапку на белых валасах фальшывага студэнціка. Той ужо выскачыў за дзверы віленскага храма навукі... Раптам за расчыненымі дзвярыма ўзнік нейкі затор, пачуліся злосныя ўскрыкі... Нехта спрытны на імгненне вытыркнуўся над натоўпам, нібыта ўзбег па паветры... Але быў сцягнуты ўніз. Два дзясяткі ваяроў, якія моўчкі, без лаянкі «пакавалі» студэнціка, відавочна ведалі, чаго ад ахвяры чакаць.

Вырвіч, Лёднік і Карусь глядзелі ўслед атраду, які хуценька зносіў закручанага ў шчыльную посцілку злачынцу, што выкручваўся як вугор.

— Залічана замест двубою, доктар! Мая перамога!

Перазірнуліся... Кінуліся следам. Пабачылі, як коні ўсё хутчэй імчаць карэту з завешанымі акенцамі па брукаванай віленскай вулцы, залітай дажджом і безнадзейнасцю.

— Яна выкруціцца. Такую не ўтрымаеш... — як мага больш упэўнена прагаварыў задыханы Пранціш.

— Яна не мусіла прывабліваць да сябе ўвагу, — Бутрым ледзь хаваў разгубленасць. — Яна ж... па-за законам. Яе ведаюць тыя, хто карыстаўся ейнымі паслугамі. А тут шпегаў і ад Мануцы, і ад караля... Чаго ўвязалася?