Выбрать главу

Вырвіч прамаўчаў, ягоныя ўяўленні пра чуму зноў хісталіся, як кладачка цераз дрыгву. Карусь перахрысціўся і ціхенька прамармытаў:

— Яна... някепская, пан Баўтрамей. Толькі зламаная.

Лёднік пацёр мнагамудры лоб, прыкрашаны амаль незаўважным шнарам:

— Першы раз у жыцці адчуваю сябе нейкай... прынцэсай, за гонар якой біўся рыцар...

Вырвіч нервова пасміхнуўся.

— Ты не падобны да прынцэсы, Бутрым. А Меланхолія, як бы ты i Карусь яе ні абялялі, — да высакароднага рыцара. Згодны, фінал нетыповы. Нічога, паспрабуем даведацца пра лёс нашай чумы. Не веру, што не вылузаецца.

Над Вільняй, над Вялікім Княствам Літоўскім, над Рэччу Паспалітай, якой заставалася існаваць ужо лічаныя гады, згушчаліся веснавыя хмары, абяцаючы цёплы дождж.

***

— Не паеду, пан Баўтрамей, — упарціўся высокі светлавалосы хлопец. — на каго я вас...

— Запэўніваю, Калістрат, што ні я, ні мая дачка без твае каштоўнае асобы не прападзём, — усміхнуўся змрочны пан з чорна-сівымі валасамі, сабранымі ў хвост. — Я сам у свой час выправіўся ў Лейпцыг, потым у Прагу, каб павучыцца. I хоць усялякае здаралася — студэнцкія гады забыць немагчыма і замяніць няма чым. Вернешся дыпламаваным інжынерам...

Неверагодна гожая танклявая дзяўчына, якую не псаваў нават ружовы зморшчаны шнар на ўсю шчаку, адвярнулася...

— Сафія, злавацца і зайздросціць непрыгожа, — мякка заўважыў пан. — Ты i так атрымала больш адукацыі, чым любыя дзяўчаты. I я дазволіў табе займацца медычнай практыкай.

Цёмныя вочы сярдзіта бліснулі. Не быць гэтай дзеўчыне пяшчотнай рахманай галубкай, пра якую складаюць пекныя лірычныя песні.

— Цаню, тата. Каб толькі пацыенткі мяне ўвесь час не перапытвалі, колькі мне гадоў ды як гэта я незамужняя ўзялася працаваць.

Наколькі Вырвіч паспеў даведацца, Сафійка сапраўды дапамагала ў шпіталі пры Свята-Духавым саборы, дзе яшчэ ейная маці завіхалася. А з хваробамі вачэй да яе час ад часу звярталіся і самавітыя кабеты. Няхай дзяўчо, але вунь жа суседку вылекавала...

Вось так Пранціш заехаўся паглядзець новы дом Бутрыма — той набыў у Вільні някепскую хату, драўляную, але на два канцы, з мансардай і добрым садам, на Дамініканскай. Надакучыла арандаванае ці казённае жытло, з якога вытурыць могуць.

Была калісь у Лёднікаў ужо свая хата ў Вільні. У якой віленчукі вокны выбівалі, потым увогуле спалілі — наездам белавалосы Герман Ватман кіраваў. Так і стаялі абгарэлыя руіны, праўда, Вільня столькі пажараў зведала, што гэта нікога не дзівіла. Будавацца на старым месцы Лёднік таксама з-за ўспамінаў не хацеў, таму той кавалак зямлі непадалёк ад Вострай Брамы прадалі, уклаўшы грошы ў новае жытло.

Вырвіч прыехаў на ўлазіны і патрапіў на праводзіны чалядніка Каруся па навуку.

Сітуацыя вельмі нагадвала лёс самога Бутрыма: той, сын полацкага гарбара, быў гэтак жа выпраўлены вучыцца ва ўніверсітэт сваім настаўнікам, кнігаром Іванам Рэнічам, і ягоным сябрам, аптэкарам дзядзькам Лейбам. I гэтак жа было ў Бутрыма каханне з дачкой настаўніка, Саламеяй Рэніч.

Толькі Саламеі давялося чакаць свайго абранніка даўгавата, Карусь, хлопец разважлівы i да здрадаў не схільны, напэўна, памылку гаспадара не паўторыць. Але хто ведае, час нават золата можа зацямніць.

Папраўдзе, Вырвіч не думаў, што Бутрым асядзе ў Вільні пасля апошняга судзілішча. Але забарона на медычную практыку, як Лёднік і прадказваў, трывала нядоўга. Ледзь не ў той жа дзень, як ганарліўцу доктару абвесцілі прысуд, надарыліся «фэбры тэрцыяльныя» у ваяводы Віленскага, ягонай княжацкае мосці Караля Радзівіла Пане Каханку. А таму падавай старога знаёмца эскулапа Лёдніка! I хто насмеліцца запярэчыць магнату, у якога сам кароль грошай пазычае?

А пасля i ва ўніверсітэцкага начальства пячонку прыхапіла, як Лёднік і прадказваў... А калі вярнуўся рэктар, пан Пачобут-Адляніцкі, пра абструкцыю ды абзэндэнцыю слыннага лекара перасталі згадваць. Выкладаць ён не вярнуўся — так што можна рабіць выгляд, быццам i няма тут такога прафесара. А што бегаюць да яго па дадатковыя заняткі будучыя медыкусы, дык высокае начальства пра гэта нічога не ведае.

Ну такое яно, начальства, ва ўсе часы... Дзе яму трэба, ведае, дзе не трэба — не ведае.

У Гародню і ў Полацк Бутрым вяртацца проста не мог — надта кроілі сэрца ўспаміны. А ў Вільні шпіталю пры медычным факультэце быў патрэбны дасведчаны кіраўнік, аптэцы трэба варыць адмысловыя бальзамы... I дабрачынны шпіталь пры Свята-Духавым неабходна ўтрымаць, каб нават жабрак меў надзею, што ёсць месца, дзе яго ўратуюць. Вельмі шмат добрых людзей зараз i тут мела патрэбу ў Чорным Доктары, каб ён мог ix легка кінуць. А палітычныя партыі прызналі міжсобку пана Лёдніка бяспечным дзіваком з маніяй незалежнай Літвы.