Выбрать главу

Панам палітыканам пакуль яшчэ ніхто не давёў, што не трэба дваіх, каб пачаць.

— Усё, ідзі, збірайся, Карусь. А ты, Алесь, вызначыўся, калі выязджаеце?

Малодшы Лёднік задумліва паглядзеў на новенькі глобус колеру восеньскага лісця, які блішчэў лакіраванымі бакамі ды так і запрашаў яго крутануць.

— Як і меркавалі, пасля ранішняй службы ў Свята-Духавым.

Алесь быў усё гэткі ж засяроджаны, хударлявы, у плячах, здаецца, пашырэў, паміж броваў намецілася зморшчынка. Але выглядае фацэтна, строй модны, дарагі, толькі не стракаты, як любіць Давыд Ляйбовіч, а ўсё цёмнае... Нібыта жалобу ўсё носіць па сваёй Праксэдзе...

А пэўна ж так і ёсць!

Зграбны хлапец, і аблічча за бацькава прыгажэй, правільней... Чаго імператрыца яго пакрыўдзіла? Чаго не хапае ў параўнанні з бацькам? Нос не такі дзюбаты, вочы не такія цёмныя? Хіба што няма той змрочнай сілы, увесьчаснай прыхаванай віхуры, якая адчуваецца за рэзкімі рысамі старэйшага Лёдніка.

Карусь нязграбна пакланіўся і пасунуўся, як было дакляравана, збіраць рэчы ў дарогу... Прадказальна праз колькі імгненняў прыстойнага прамаруджвання ў дзверы выслізнула Сафійка.

Выкрутанцы лёсу. Магла стаць жонкай ваяводы ці графа, мэтрэсай караля... А тут — мужык, слуга...

Праўда, як успомніш, якім Карусь быў, калі толькі патрапіў у дом Лёднікаў — дзікі, забабонны, яшчэ па-падлеткаваму нязграбны... На жанчынаў вочы падымаць грахом лічыў. У бок курцоў пляваўся. А калі яшчэ ва ўніверсітэтах павучыцца...

Што ж, іншае пакаленне, іншая гісторыя... Хай будзе шчаслівейшая.

— Пан бацька, я не вярнуся ў Вільню з Кракава.

Алесь нарэшце крутануў глобус, і той весела закруціўся, падманваючы наконт лёгкасці любога падарожжа.

Баўтрамей не хаваў здзіўлення і трывогі.

— I куды ты, сынку?

Маладзён дастаў з унутранай кішэні камзола ліст, чые куточкі паабтрапаліся так, што ясна — спадарожнічаў гаспадару доўга і часта перачытваўся.

— У Амерыку паплыву. Напісалі Агалінскія... Памятаеш?

Яшчэ б не памятаць! Паланэйка з Багінскіх, у якую Вырвіч быў у юнацтве палка закаханы, успаміналася, праўда, усё больш блякла. Месца першаму няздзейсненаму каханню — на паліцы з засохлымі букецікамі. Ейны сужонец, руды пан Гервасій Агалінскі, згадваўся ярчэй: усё ж не так даўно разам гойсалі па Венецыях, здабываючы трубу святога Георгія. А вось маленькая князёўна Рэгінка... Рудая неўтаймоўная шкадліўка, ад якой немагчыма было адвязацца нават у самых небяспечных прыгодах... Здаецца, і цяпер аднекуль выскачыць, свісне зухавата ды ўсміхнецца ва ўвесь шчарбаты рот. Ну і папсавала ім нерваў! Такое не забудзеш!

— Агалінскія завуць да сябе. Пан Гервасій дакляруе добрую пасаду ў войску... А пані Паланэя кажа, што мае паслугі неабходныя, каб адукацыю наладзіць... Хто ведае, магчыма, адразу стану рэктарам, дэканам, прафесарам... На нішчымніцы і сухар за булку.

Алесь нібыта сам сябе ўгаворваў.

— А што табе панна Рэгіна абяцае? — хітра прыжмурыўся Пранціш.

Калі апошні раз бачыліся, Рэгінка заявіла, што Алесь мусіць прыехаць да яе і пасватацца. Яна будзе яго чакаць.

Аляксандр таксама ўспомніў пра тыя залёты і троху паружавеў.

— Ды мала што дзяўчо там напляце... А мне трэба сябе нарэшце знайсці. Я ж апошнія гады нібыта і не жыў. Як у порубе праседзеў.

Баўтрамей панурыўся. Па кутах хаты згушчаўся вечаровы прыцемак, яшчэ не змучаны святлом свечак і алейных лямпаў.

— Я ўсё-ткі веру, што твой талент прыдасца на радзіме. Што вернешся... Хаця трымаць не стану.

У нармальнай шляхецкай сям’і сын мусіў валяцца ў нагах бацькі, боты яму цалаваць, просячы блаславення на дарогу. А калі бацька блаславення не дае — сядзі, шчаўлік, на дзядоўскай лаве ды не рыпайся.

Праўда, і ў сваёй сямейцы Вырвіч такое не дапільноўваў — сапсаваў рэспубліканец Лёднік малодшага сябра.

Алесь таксама выправіўся збіраць рэчы.

— Усе лекі для тваіх дзетак, пані Дамінікі і пана Гараўскага падрыхтаваў, у лядоўню паставіў, заўтра забярэш, — Бутрым перакладаў з месца на месца нейкія навуковыя часопісы, відавочна, каб схаваць перайманні. — Дачушку паіце казіным малаком, толькі глядзіце, каб у чысты посуд налівалі. Папярэдне не лепш у той посуд варам плескануць.

Вырвіч пацёр шнары на левай далані, якія ўсё яшчэ смылелі: Лёднік увесь час даваў самыя дзіўныя парады. Але досвед даказваў, што імі пагарджаць не варта.

Адзін з часопісаў, распухлы ад ведаў, падаўся знаёмым...

— Гэта той, дзе наш сябар Саламон Майман свае штудыі выклаў?