Выбрать главу

— Ну так...— Баўтрамей разгарнуў шаргатлівыя старонкі, якія нібыта папярэджвалі, што іх змесціва дужа блюзнерскае. — На роўных з вядомымі еўрапейскімі філосафамі. Галоўнае, каб не збочыў... Па карчомках не пайшоў... Давыд з ім бачыўся ў Парыжы, казаў — зрываецца часам.

Паклаў часопіс на стос іншых.

— Любая жывая думка абавязкова прыцягвае ў свой бок жменю гразі, а часам i камень... I не кожны зможа не паслізнуцца на сваёй крыўдзе.

Каму ж яшчэ лепей пра гэта ведаць, як не Чорнаму Доктару... Навука — справа небяспечная, але i без яе нельга, табе ж Гасподзь не цэбар на плечы прыставіў.

— Яначку ў калегіум думаем адправіць, — падзяліўся клопатам Пранціш. — Выбіраем куды... Можна і хатнімі настаўнікамі абысціся, але трэба, каб хлопец ад матчынай спадніцы адарваўся. Можа, у Менск, там езуіцкі калегіум ператварылі ў свецкую школку... Усё-ткі недалёка ад Капаніч. Калі што...

Каб самога Пранціша гэтак бацька ў свой час апякаў! Абадраны падлетак меў у менскім калегіуме мянушку «Гнаявік» — хтосьці з аднакурснікаў бачыў, як малодшы Вырвіч разам з бацькам вывозіць гной на поле, няхай і шляхетна ўторкнуўшы ў вохкую кучу шаблю. Біўся на кожным перапынку, гонар адстойваючы... Банду адчайных скалаціў... Дысцыпліны каштаваў... Каму была справа? Пранцішаў сябар па мянушцы Вараня, разумнік гарбаценькі, тады ў карцары застудзіўся ды памёр, нізавошта пакараны...

А пан Франтасій Вырвіч гатовы па каменьчыках калегіум разабраць, калі з ягоным спадчыннікам будуць падобным чынам абыходзіцца.

Але што ж тады з Яначкі Вырвічава вырасце, калі будзе такое апякунства над сабою адчуваць? Як тут спалучыць разумную суровасць выхавання шляхціца, воя, што мусіць быць гатовы ў любы момант аддаць жыццё, і любоў да дзіцяці?

I ці можна падрыхтаваць да ўсяго гора ў жыцці?

Напрыклад, да таго, што прыўкрасная дзяўчына, тваё першае палкае каханне, абярэ сабе іншага?

Чорны Доктар тужліва глядзеў за акно, дзе шумеў сад, што яшчэ толькі мусіў прызнаць новага гаспадара. Хударлявая постаць трохі прыгорбілася... Нібыта нешта навалілася на плечы.

— Ведаеш, Бутрым, ёсць такая песня пра рыцара Байду... Лірнікі любяць спяваць:

Дай у Слуцку на рыначку Да піў Байда гарэлачку. Цар турэцкі да наязджае, Байду маладога намаўляе.

Ну, успомніў? Адмовіўся Байда ажаніцца з дачкой турэцкага цара, і той яго пакараў: павесіў за рабро на жалезны гак. Вісеў Байда, вісеў, на трэці дзень папрасіў лук, нібыта каб падстрэліць курапатак у падарунак цару... А сам пацэліў цару ў лоб, а царыцы той жа стралой прайбіла патыліцу.

Лёднік запытальна зірнуў на сябра — што да чаго?

— Гэта ж пра тыповага беларуса. З аднаго боку, ён будзе цярпець тры дні на гаку... Мяне, малога, заўсёды абурала: што той Байда не мог у першы ж дзень пакарання «тугусенькі лук» у свайго слугі папрасіць? З іншага боку — калі ўжо беларус наважыцца дзейнічаць, дык нават падвешаны за рабро, у немагчымых умовах, абароніць сваё. Нас не так лёгка знішчыць, Бутрым.

— Нялёгка. Як бы каму ні хацелася.

Пакоі ў новым доме былі яшчэ не да канца абжытыя, тое-сёе відавочна засталося ад старых гаспадароў — гэткая старасвецкая, грувасткая, як зубрыны статак, мэбля. I гаспадыня з Сафійкі была... Ну дык, можа, ёй наканавана толькі прыслугу ганяць ды далікатэсы замаўляць... Наўрад ейныя белыя ручкі прыгатавалі сённяшнюю шупеню. За вячэрай Пранціш мімаволі пасміхаўся, успамінаючы, што ў Жамойтыі гэтую страву з груцы, гароху, бручкі ды грыбоў дзеўкі выкарыстоўвалі, каб выказаць адносіны да жаніха. Калі пагаджалася дзеўка выйсці замуж за прэтэндэнта — вараны свіны хвост тырчэў з чыгунка ўверх, калі не — ляжаў на шупені зверху.

— А з панам Валентыем Жылкам усё канчаткова разарвана?

Бутрым прысеў на крэсла, чые таўшчэразныя дубовыя дошкі маглі вытрымаць дзесяць такіх Баўтрамееў і не заўважыць цяжару.

— Несумленна змушаць трымаць слова, якое сам не спраўдзіш. Мне здаецца, Сафійка не будзе з сынам Ганулькі шчаслівай. Вырашаць ёй, але...

Пранціш збянтэжыўся.

— Так, несумленна не спраўджваць слова... А я абяцаў разведаць пра Меланхолію... Нічога.

Лёднік адвярнуўся, прагаварыў глуха:

— I я нічога не выведаў. Як і не было ніколі такой асобы. Не дарую сабе... Трэба было паспрабаваць тады адбіць...

Успамін пра белавалосую ўкалоў яшчэ адной шпількай: Пранціш мусіў прызнацца самому сабе, бо ўсё адно Госпаду ўсе куточкі нашых грэшных душаў раскрытыя, — зачапіла яна яго... Мусіць, таму, што шустрая, баявітая ды падступная, як Паланэйка Багінская, i такая ж няшчасная, бясстрашная ды гожая, як Раіна Міхалішыўна...