Не, Пранціш кахае Дамініку, шчыра кахае... Але ўсё, што вабіць, ніколі не збярэцца ў адным сасудзе.
За акном дома, у якім хтосьці раней жыў, хварэў, кахаў, лаяўся, — шумеў яшчэ чужы сад. Бутрым, вядома, добра разбіраўся ў зёлках, але земляроб ды садавод з яго быў ніякі. Стары Хвелька не спраўляўся... Трэба сюды з Капаніч кагось прыслаць дасведчанага, а то зблоціць усё нядбалы гаспадар.
I сабаку не набылі... Ніяк не мог Бутрым забыцца на рудога Піфагора, які ахоўваў іх віленскі дом з зялёнымі аканіцамі і загінуў, абараняючы гаспадароў ад наезду.
Вырвіч выйшаў агледзець выкуплены Лёднікам кавалак царства Флоры. Нічогенькія яблыні... А што там за шэпт?
Пад акном, у вечаровым прыцемку, прыстроілася высокая постаць.
— Я пэўны, што панначка знойдзе добрага мужа... Самага радавітага... Багатага... Які будзе яе кахаць.
А тужліва як выводзіць, быццам катрынка пра сіротку Дароту.
— I што ты рабіцьмеш, калі я замуж выйду?
Уздых.
— Служыць вам буду. У чым толькі з’явіцца патрэба.
— Ты ж перастанеш быць слугою, дурню.
— Я заўсёды буду слугою панначкі...
Цьху, бздуры рамантычныя... Няўжо і Вырвіч калісь такім бязмозглым быў? Не, здаецца, умеў хітрыць, кукарэцыі падпускаць... Языком мянціў перад красунькамі, пакуль Дамініку не сустрэў.
Пранціш меркаваў з’ехаць дахаты на наступны ж дзень, але не наважыўся пакінуць сябра: пасля ад’езду сына і вучня ў доме стала пуста, а Сафійка замкнулася ў сваім пакоі.
Прагаварылі з Бутрымам, які на сёння адмяніў усе кансультацыі, дапазна. I не толькі прагаварылі... Добры гаспадар выставіў бы на стол якой наліўкі, а Баўтрамей Лёднік дастаў чатыры эспадроны. Трэнінг прапускаць нельга. Асабліва калі ты ва ўзросце. Цягліцы хутка слабеюць ад бяздзеяння. Доктар паспеў вылучыць пакой для трэнінгаў, без паліцаў на сценах. Ён жа па тых сценах скакаць збіраецца.
Так што Вырвіч ледзь дапоўз да ложка.
Але ўсё-ткі абудзіўся, калі грукнулі дзверы. Каго прынесла пасярод ночы? Асцярожна вызірнуў у калідор.
Бутрым стаяў з лятарняй у руцэ перад прыадчыненымі дзвярыма. У цьмяным святле агеньчыка бачылася зграбная постаць у мужчынскім касцюме, белыя валасы, бяздонныя вочы...
— Пусціш?
Чорны Доктар няспешна адсунуўся ўбок. Меланхолія зайшла, незалежна страсянуўшы белымі адрослымі валасамі, якія і не падумала хоць расчасаць. Правая рука неяк нязграбна пацягнулася адкінуць пасмы... Даланя заматаная анучай, цяжка разгледзець, але нейкая... змененая.
— Што з рукой?
— Памятаеш, ты раіў мне сысці з майго цэха? Сышла... Але давялося расплаціцца.
Гаспадар дома памаўчаў.
— Пагляджу, што можна зрабіць.
Зноў маўчанне. Шуміць яблыневая лістота, рыпяць цвыркуны, калоцяцца сэрцы.
— Але я ніколі не забуду Саламею.
— Я ніколі і не папрашу цябе на яе забыцца.
Пранціш, намагаючыся рухацца бязгучна, зачыніў дзверы свайго пакоя і ўлёгся на ложак. Пастараўся не прыслухоўвацца да крокаў дваіх у калідоры. Ёсць моманты, калі нават выпадковым сведкам быць ганебна.
Здаецца, у гэтым доме не стане сумна. Каб яшчэ дах не знесла ад такой кампаніі.
Вільня спала, не ведаючы, што яе чакае. Але ўсё адно трэба было жыць, як жылі будучыя яблыкі ў абляцелых кветках, кнігі ў спісаных, скрэмзаных аркушах рукапісаў, як жыве Беларусь у скамечаных, выпакутаваных лёсах сваіх дзяцей.
2020 г.