— Зараз прышлю мужыкоў з сякерамі...
За дзвярыма пачуўся незразумелы скрогат. Нешта ўпала... Потым грукнуў з таго боку засоў. Няшчасныя дзверы з рыпеннем, у якім мроілася палёгка, прыадчыніліся...
Вырвіч ірвануўся ў пакой.
У паўзмроку непрыемна пахла, як у пакоі цяжкахворага. Яшчэ адчуваўся сапраўды водар спірытусу, дыму свечак ды нейкіх зёлак... Вырвіч падскочыў да акна, тузануў апушчаныя шчыльныя фіранкі і расчыніў шыбы, упусціўшы сонечнае святло i чыстае паветра — хопіць маскарадаў! Гаспадар, які прыгорбіўся ў крэсле, прысунутым да дзвярэй, зараз жа захінуў вочы рукавом... Відаць, сядзеў гэтыя дні ў цемры, як мядзведзь у бярлозе.
— Можа, патлумачыш свае бздуры, Бутрыме? Што за затворніцтва?
Гаспадар павольна апусціў руку, якой захінаўся ад нахабнага святла. Чорны камзол расшпілены, памятая белая кашуля ўквэцаная немавед у якія рэчывы і таксама расшпіленая на некалькі гузікаў, адкрываючы старыя шнары на грудзях. Худы твар зарос чорнай шчэццю, цёмныя вочы пачырванелі і запалі, валасы, усё яшчэ густыя і чорныя, толькі перавітыя сівізной, звісаюць неахайнымі пасмамі...
— Бздуры, кажаш?
Голас доктара гучаў змрочна і надтрэснута, быццам пасля доўгага крыку. Лёднік нязграбна схіліўся набок, намацаў рукой на падлозе нейкі кіёк, упёрся тым кійком у падлогу, ухапіўшыся абедзвюма рукамі... Напружыўся, сціснуўшы сківіцы... Крэсла са скрогатам пасунулася наперад. Вырвіч з непаразуменнем заўважыў, што да ножак крэсла сяк-так прыробленыя няроўныя драўляныя кругляшы, каб служылі коламі. Лёднік яшчэ раз рыўком адштурхнуўся сваёй палкай, як лодачнік на пераправе... Дакладней, злавесны пірат. Ягоныя доўгія ногі нязграбна і нерухома абапіраліся аб прыбітую ўнізе да пярэдніх ножак крэсла перакладзіну...
Бутрым выпусціў кіёк, і той з грукатам паваліўся на падлогу, Пранціш аж уздрыгнуў. Доктар развёў рукамі і нахіліўся ў п’яным блазенскім паклоне.
— Ну вось, пабачыў? Задаволены? Шмат цяпер дапамогі ад доктара Лёдніка можаш займець?
Вырвіч выцер успацелы лоб.
— Чакай, ты што... Захварэў? Ногі адняло?
Лёднік тэатральна папляскаў у ладкі.
— Выдатная назіральнасць!
Пранціш ажно ўспомніў часы, калі ў Віленскай акадэміі не мог здаць злому прафесару Баўтрамею іспыт.
— А... даўно?
Лёднік раздражнёна тузануў кутком рота, апусціў вочы.
— Пасля Вялікадня.
Вырвіч адчуў, як шчокі запалалі ад сораму. Ён з вясны не адведваў старэйшага сябра, свайго былога выпадковага слугу, набытага за шэлег, суровага настаўніка і заўсёднага выратаваўцу.
— Прабач... У мяне клопатаў было... Зямельная звада між панамі Замойскімі ды Друцкімі... Яшчэ адзін суд з-за мяжы, што пан Антоній Тызенгаўз праклаў дзеля новай дарогі... Не змог прыехаць...
Чорны Доктар саркастычна перарваў вінаватыя мармытанні Пранціша:
— I што б ты зрабіў, каб прыехаў? Калі ўжо я нічога не здолеў...
Лёднік раздражнёна абвёў рукой пакой... Пранціш азірнуўся: сталы застаўленыя колбамі з нейкімі рэчывамі, у місах — тоўчаныя зёлкі, у слоіках — напалову скарыстаныя мазі, пагаслая гарэлка, закарэлая ад нейкай гадасці... Відавочна, доктар эксперыментаваў зацята.
— Толькі не кажы, што лекаў ад сваёй хваробы не вынайшаў! — вырвалася недаверлівае ў Вырвіча.
Калісьці іх з Бутрымам па загадзе ўсёмагутнага падскарбія Тызенгаўза замкнулі ў падводным чаўне і апусцілі ў ваду, і доктар мусіў, каб яны з Пранцішам не задыхнуліся, неадкладна вынайсці складанае рэчыва для ачышчэння паветра... Метад падскарбія прыспешыць думку вынаходніка аказаўся дзейсным, не задыхнуліся. Напэўна, Лёднік вырашыў паўтарыць сітуацыю — замкнуцца і не выходзіць з пакоя, пакуль не вынайдзе сабе лекі...
— Ды што з табой? Раматуз?
Бутрым панурыўся, сціснуў тонкія доўгія пальцы ў плямах ад хімікалій.
— Памятаеш, мяне ў студню ў Ашмянскім замку пасадзілі?
Яшчэ б не памятаць! Тады ўладальнік Ашмянаў пан Брастоўскі ледзь не закатаваў Лёдніка, якога абвінавачвалі ў забойстве асістэнткі, збеглай паненкі Брастоўскай. Бутрым пяць дзён прасядзеў у сутарэннях, у студні з халоднай цвілой вадой. Вырвіча дасюль перасмыкала ад успаміну, як Лёдніка трасучка трэсла, калі яго выцягнулі.
— Ну вось, відаць, там і зарабіў запаленне суставаў... Напачатку нічога, пару гадоў не зважаў... Калі летась у пана Радзівіла феерверкі з паветранымі ліхтарамі зладжваў, ужо абязбольваючыя піў... Яшчэ ўвесну мог перасоўвацца хаця б з кіёчкам. Потым мыліцы зрабіў. А тыдзень таму і з мыліцамі стаяць не здолеў...
Лёднік сярдзіта кіўнуў на драўляныя прыстасаванні, якія валяліся ў куце, відавочна шпурнутыя туды з усёй дурной злосцю.