Выбрать главу

— Геена вогненная ды цыпрун надыдзе...

Хлопец плюхнуў на стол давераную яму талерку з мочанымі яблыкамі.

— Карусь, даражэнькі, хто такі «цыпрун»? — ласкава пацікавілася Сафійка.

Юнак толькі зыркнуў спадылба, пачырванеў і адвярнуўся.

— А вось грэшнікі і даведаюцца... А бабы не мусяць нічога пытацца ў мужыкоў...

Пранціш у разгубленасці абвёў вачыма кампанію. Сафійка хіхікнула — відаць, не першы раз дражніць гэтага цельпука. А Саламея толькі цяжка ўздыхнула:

— Ну што з табой рабіць, дзікун ты наш... За стол з намі не сядзеш?

Хлопец паматаў галавой:

— Няможна нам з панамі за адзін стол сядаць. I з бабамі няможна. Геена вогненная...

— Ну ідзі, Хвэлька на варыўні цябе пакорміць...

Калі персанаж сышоў, Пранціш не вытрымаў і трохі нервова зарагатаў. Саламея дакорліва нахмурылася.

— Ніхто не вінаваты ў тым, што нарадзіўся там, дзе нарадзіўся... Карусь рос у таемным пушчанскім паселішчы — паўцякалі мужыкі ад благога пана. Ну і прарок сярод іх знайшоўся... З багамілаў, падобна, але не дужа вучоны. За трыццаць год людзі зусім здзічэлі з такім пастырам. Так што хлопец бедны ўсяго баіцца.

Пранціш толькі плячыма пацепнуў. Каго толькі на яго памяці ні прыкормлівалі ў сваім доме Лёднікі... Нават параненае зубраня на стайні былі пасялілі.

— Здаецца, я трохі... захапіўся эксперыментамі.

Доктар выціснуў з сябе фразу нібыта нейтральную, але ў ягоных вуснах гэта была выразная просьба аб выбачэнні. Ну не любіў Чорны Доктар выбачацца.

— Калі нядзельную літургію прапусціў... то захапіўся, — холадна прамовіла пані Саламея, усё яшчэ ўгневаная.

Лёднік, на шчасце, не пачаў звягаць пра сваё калецтва, якое нават у храме паказваць не хоча. Перахрысціўся вінавата... Вырвіч паспяшаўся перавесці размову.

— А як там Алесь Баўтрамееў Лёднік? Даўно пісаў?

Лёднік калупнуў лыжкай рубцы з анісам — пані Саламея выстаралася на ўлюбёную страву мужа, — стрымаў уздых. Адзіны сын з’ехаў у Венскі ўніверсітэт не ў самых добрых настроях.

— Месяц таму ліст даслаў. З вучобы сышоў... Прыбіўся да Вольфганга фон Кемпелена, які не заалогіяй займаецца, а механікай. За нейкі праект разам з ім узяўся. Спадзяюся, не за чарговага механічнага шахматыста...

Лёднік зірнуў на Пранціша, які відавочна не ведаў, пра што гаворка, і зрабіў ласку патлумачыць.

— Кемпелен пяць год таму зрабіў аўтамат, які гуляе ў шахматы — васковы турак у багатым адзенні сядзіць за сталом з шахматнымі фігуркамі, якія можа перасоўваць... I абыгрывае ўсіх прыдворных Марыі Тэрэзіі. Забаўка для багацеяў...

Твар доктара перакрывіўся пагардай — з лялькамі-аўтаматамі ў яго былі не самыя лепшыя адносіны... Адладзіў быў на сваю галаву адну такую па імені Пандора — ледзь выжылі ўсёй кампаніяй праз ейныя таямніцы.

— А я ж прапаноўваў яму пратэкцыю, мой стары сябар, выдатны натураліст, узяў бы яго на кафедру... Адмовіўся. Сказаў, хоча дамагчыся ўсяго сам. Спадзяюся, усё-ткі знойдзе варты занятак сваім здольнасцям... на радзіме.

У апошніх словах не было ўпэўненасці. Вырвіч скасавурыўся запытальна на пані Саламею.

— На сэрцы раны зацягваюцца доўга... А часам і ніколі... — Ціха адказала на непрамоўленае пытанне гаспадыня дома.

Лёднік панурыўся... А Пранціш не наважыўся ўдакладняць. Алесь з’ехаў у Вену пасля таго, як загінула ягоная нявеста, панна Праксэда з Брастоўскіх. I Бутрыму гэта — нож у сэрца... Бо Праксэда была ягонай асістэнткай, кахала свайго настаўніка без памяці, не спадзеючыся на ўзаемнасць... Як яе самую — Алесь. Дзіва што бацька з сынам разышліся. А яшчэ, відаць, сын удаўся гэткі ж ганарлівец, як бацька, i не хоча, каб яго ўспрымалі як сваяка славутага навукоўца.

Дзесь за акном, па полацкай вуліцы, працокалі падковы коніка, загрукаталі колы... Можа, везлі дровы, можа — труны, можа — чужое шчасце альбо свойскую смерць.

А вэнджаныя вугры нішто сабе... I блакітны ліквор, на крываўніку настоены, што адмыслова дзеля госця падрыхтаваны непітушчымі гаспадарамі, файны... Некаторыя падфарбоўваюць такі ліквор берлінскім лазуркам, але Лёднікі нізавошта не сталі б шкодную для здароўя фарбу ўжываць. Таму Вырвіч быў пэўны, што зёлка з белымі кветачкамі сабраная ў самы спрыяльны час, і спірытус выгнаны чысцюткі, i цукру самае то, каб не ператварыўся цудоўны блакіт у брудную зеляніну... Шкада, малавата падліваюць, чарачка з налібоцкага зялёнага шкла ледзь з мезенец...

— Дык што там з Жанам Жыліберам? — Лёднік усё-ткі быў устрывожаны і вінаваты. — Наўрад штось тэрміновае... Не паехаў бы пан Вырвіч па дапамогу за свет. Жан — сам выдатны дыягност і хімік, цяжка ўявіць рэчыва, якое ён не пазнае.