Пранціш ускалмаціў русявы чуб...
Гісторыя магла натхніць на напісанне камічнага рамана.
Пачалося з таго, што падкамораму Менскага павета давялося асабіста выпраўляцца ў Гародню, на сустрэчу з падскарбіем Антоніем Тызенгаўзам. Іначай справа па гвалтоўным адразанні шляхецкіх зямель на карысць каралеўскіх дарог пагражала перарасці ў шляхецкі рокаш.
Усёмагутны Тызенгаўз, «кашалёк» Цялка (як празвалі Станіслава Панятоўскага), ужо не быў такім непахісным. Асабліва пасля таго, як прамовіў: «У караля няма родзічаў», — і паспрабаваў адціснуць ад казны прагных сваячкоў уладара. Брат Станіслава Аўгуста Казімір, які праславіўся тым, што спрабаваў засяліць свае шыкоўныя сады ў Варшаве малпамі, і сястра караля Браніцкая па мянушцы Кракаўская метрэса пакляліся знішчыць наравістага падскарбія і не стамляліся сварыць яго з Панятоўскім. Каралеўскую радню падтрымлівала шляхта, якой абрыдлі наезды «дзікіх баснійцаў» з гвардыі Тызенгаўза. Усім было ясна, што дні пана Антонія на пасадзе падскарбія палічаныя. Таму і асмельваліся адзін перад адным прад’яўляць яму прэтэнзіі... Над мёртвым арлом і варона з калом.
Вось і Вырвіч адправіўся ў Гародню з петыцыяй менскай шляхты, якая не жадала, каб дзеля каралеўскіх дарогаў адбіралі яе валокі. Думаў і Лёдніка там застаць, які працаваў у медычнай акадэміі, створанай Жыліберам, і самога Жана, старога сябра, наведаць.
Лёднікаў, аднак, не заспеў — аказалася, вярнуліся ў Полацак.
А пан Антоній Тызенгаўз заявіў: разглядаць інскрыпцыі менскай шляхты не стане, пакуль іх падкаморы не прывязе ў Гародню доктара Лёдніка.
Падстава пачэсная: трэба вылечыць вельмі карыснага для дзяржавы Жылібера. А доктар занурыўся ў нейкую чорную меланхолію ды ігнаруе ўсе заклікі.
Зразумела, Вырвіч пагадзіўся... Тым больш калі наведаў Жылібераў.
Прычынай вэрхалу аказалася кабета.
У свой час Лёднік і Пранціш ледзь веры далі, калі даведаліся, што да Жылібера прыязджае жонка. Аказваецца, суровы масон перад ад’ездам у дзікую Літву разважыў, што яму час завесці сям’ю, і знаёмы лекар падсунуў яму баявітую сімпатычную сваячку, мадэмуазэль Жанну Будо. Жылібер, спадар практычны, адразу ж ажаніўся... I з’ехаў.
Час ішоў. У Гародні высілкамі француза паўстала медычная акадэмія, распачаўся батанічны сад. Нарэшце спадар натураліст вырашыў, што можна выклікаць да сябе сваю малазнаёмую палавіну.
Мадам Жанна з камерысткай, абедзве ў мужчынскім адзенні, год да Гародні дабіраліся. Пані не надта спадабаўся аскетычны лад жыцця сужонца... Адзінае, што радавала — у доме заўсёды людна. То студэнты, то калегі... А Жылібер яшчэ ўвесь час клікаў знаёмых навукоўцаў у Беларусь. Самымі лёгкімі да пераезду былі ўсялякія фармазоны, што ўцякалі ад пераследу... Мадам Жанна апекавалася небаракамі, пакутнікамі за сусветную справядлівасць. Вось адзін такі, нібыта таленавіты хімік, атрымаўшы ад гожанькай Жылібершы авансы, а ейнага суровага мужа пабойваючыся, вырашыў, што на свеце і так зашмат батанікаў, а легкадумных удавіцаў не хапае...
Якую гадасць спажыў у сяброўскай кампаніі Жылібер, невядома, але скруціла знакамітага анатама канкрэтна. Зжаўцеў як шафран. Але не памёр, а гвалт падняў. Верагодны атручвальнік знік бясследна, мадам Жанна верашчала пра сваю недатычнасць да злачынства, спасылалася на тое, што цяжарная, не да інтрыгаў ёй, і валіла ўсё на езуітаў — помсцяць, што навучальныя ўстановы ў іх пазабіралі... Між тым скура батаніка не страчвала інтэнсіўнага жоўтага колеру, цягліцы скручвалі сутаргі, характар... Ну, лыжка перцу да шклянкі перцу смак не зменіць.
— А што сам Жан гаворыць? — змрочна папытаўся полацкі Фаўст.
Пранціш трохі сумеўся.
— Ды ён, як ты, ад хваробы звярэе... Гаварыць са мной не захацеў, цераз губу прасіпеў, каб ты не ўздумаў прыязджаць.
Чорны Доктар кінуў лыжку на стол, запэцкаўшы льняны абрус падлівай.
— А я думаў, што больш туды не вярнуся.
Сінія вочы Саламеі былі сумныя, як восеньскае неба.
— Ведаеш, чаму мы з Гародні з’ехалі? Бутрым запатрабаваў змяніць умовы для людзей на мануфактуры ў Ласосне... Фарбы атрутныя, рабочыя жыўцом гніюць, а іх нават на вуліцу не пускаюць. Каруся адтуль Бутрым выкупіў. Хлопец туды патрапіў, калі іхняе пушчанскае паселішча жаўнеры знішчылі. Першы раз у жыцці пабачыў люстэркі, ліхтары, вялікія дамы, паноў, якія паляць люлькі, д’ябальскія механізмы і ўвогуле спрэс чарадзейства ды нячыстую сілу... Тое рабіць яму грэх, гэтае — грэх... А ўпарты ж... Ледзь не замучылі там яго.