— I што пан Антоній? Прыслухаўся да парадаў? — скептычна папытаўся Вырвіч.
— Угневаўся. А Баўтрамей сказаў — на бяздушных дэспатаў працаваць не стане.
Ого... Такое не даруюць.
Сафійка ціхенька патлумачыла:
— Татка пасля той інспекцыі і расхварэўся зусім. Вымак увесь. Холадна было... Вецер...
Лёднік сярдзіта зыркнуў на дачку — не любіць, бачыш, згадкі пра свае слабасці.
— Мяне спрабавалі вярнуць у Гародню. Некалькі разоў. I вельмі настойліва. У хваробу не паверылі. Жан пісаў, ворагі падскарбія ахвотна скарысталіся шумам, які я падняў, мануфактуры ягоныя пазачынялі... Можна падумаць, пашкадавалі няшчасных рабоў. Проста кароль хоча выглядаць гэткім... прагрэсістам, каб Жан Жак Русо ў ім дарэшты не расчараваўся.
Пранціш ледзь не задушыўся кавалкам мяса, асэнсаваўшы памер падзеяў.
— Як цябе толькі за такое не прыбілі?
Лёднік скрывіў вусны.
— Маглі... Каб трохі раней, Тызенгаўз загадаў бы паціху прыкончыць, дый і ўсё... А цяпер, хоць невялікая я купіна на ягонай дарозе, мусіць абысці. Вось і зазываў мяне, дакляруючы, што для рабочых забяспечыў проста рай на працоўных месцах, які я i мушу засведчыць. А Чартарыйскія мне ўжо авансы рабілі, каб даклад падрыхтаваў пра злачынствы падскарбія.
Аблічча доктара скрывілася ад агіды — не любіў палітычных інтрыгаў.
— I вось прыязджаеш ты, і якраз з вельмі важкай падставай вярнуцца. Відаць, падскарбій паабяцаў паспрыяць у тваёй справе, калі мяне прывязеш?
Вырвіч з няёмкасцю панурыўся, бо так i было,
— Мяне яшчэ і Жыліберыха прасіла... Пераляканая надта. Ясна — калі з мужам што здарыцца, прыціснуць як вужаку да патэльні... Аркушык для цябе сунула — я табе пасля аддаць хацеў.
— Давай цяпер... — апёк цёмным поглядам доктар.
Пранціш паклікаў свайго гайдука, плячыстага чарнявага Сцяцка, з якім прыехаў з Капаніч, паслаў па сумку... I вось Бутрым разгортвае падазроную паперку, быццам пялёстак пазасветнай асфадэлі. Пранціш, пакуль ехаў, прызнацца, пасланне i на святло праглядаў, i над свечкай трымаў, спрабуючы выявіць яшчэ штось, акрамя некалькіх незразумелых літарак ды лічбачак. Але Чорнаму
Доктару, відавочна, дастаткова было зірнуць на крамзолі, каб нешта ўцяміць. I дужа непрыемнае. Бутрым скамечыў пасланне ў кулаку, нейкі час моўчкі сядзеў, утаропіўшыся позіркам у талерку з недаедзеным рубцом, потым рэзка адкінуўся ў крэсле.
— Едзем у Гародню неадкладна.
Кіёчак упёрся ў падлогу, і доктар, як ніколі нагадваючы дзюбаносага пахмурага Харона, пасунуў сваё крэсла рэзкімі штуршкамі ад стала. Крэсла агідна рыпела, нібыта падсмейвалася над нямоглым выбітным фехтавальшчыкам.
Патлумачыцца доктар згадзіўся толькі сам-насам з Вырвічам, зірнуў вінавата на жонку: маўляў, не распытвай. Саламея пакрыўджана сышла збіраць рэчы. Заявіла толькі, што будзе суправаджаць мужа, хоча ён ці не. А то мае ўласцівасць з усіх лужынаў на дарозе выбіраць менавіта тую, дзе можна патануць.
Стамлёная муха лена дзумкала над місай з падвялымі жоўтымі яблыкамі. Святы Цыпрыян змрочна паглядаў з абраза на раскаянага алхіміка і колбы з рознакаляровымі вадкасцямі. Недзе праціраў шэрай вяхоткай лаўкі свайго чаўна сапраўдны Харон, чакаючы чарговых пасажыраў.
— Ну, што за таямніцы? — нецярпліва спытаў падкаморы, адкусваючы ад аднаго з жаўтабокіх яблыкаў.
— Гэта мая распрацоўка... — выціснуў Чорны Доктар, гледзячы на скамечаную паперку ў сваіх пальцах.
— Ты вынайшаў атруту? — Вырвіч паклаў недаедзены яблык на стол.
— Гэта мусілі быць лекі... — голас Лёдніка гучаў глуха. — Памятаеш, у Манпелье я трапіў у палон да графа дэ Варда?
Яшчэ б не памятаць! Тады Лёднік, спакушаны ў чарговы раз навуковымі таямніцамі, звязаўся з падазроным таварыствам прагрэсіўных медыкусаў. А калі паспрабаваў з імі развязацца, не жадаючы калечыць людзей падчас жудасных эксперыментаў, давялося расплаціцца дарагой цаной. А менавіта — ўласнай свабодай. Год у рабстве, пра які Лёднік не жадаў нічога распавядаць.
— Яны патрабавалі ад мяне ўсё новых і новых вынаходак, каб прыўлашчваць... — словы цяклі марудна, бы кроплі па шкле. — Я прыдумаў цікавую формулу... Мікстура мусіла лекаваць пячонку. Але, пакуль я дадумваў, як яе ўдасканаліць (а ўдалося мне гэта не хутка), доктар Бяскоўскі... сорамна называць такую поскудзь калегам... выпрабаваў маю напрацоўку на людзях у сутарэннях.
У сутарэннях дома дэ Варда сядзелі ў клетках няшчасныя паддоследныя, у асноўным скрадзеныя з вуліц беднякі.
— Вынік атрымаўся страшным... — Бутрым апусціў вочы. — Цэлы месяц маруднага згасання. Пячонка тых, каго напаілі маім зеллем, паступова разбуралася... Маім гаспадарам дужа спадабалася такая моцная атрута з адцягненым дзеяннем. Я шукаў супрацьяддзе як апантаны. Спазніўся... Двое няшчасных на маім сумленні. Трэцяга адратаваў...